Выбрать главу

— За такое дзела кокнуць цябе к чортавай матары! — пагрозліва прашаптаў лейтэнант. — Паняў?

Галава байца схілілася І яшчэ ніжэй, ён, відаць, абсалютна не ведаў, што сказаць у сваё апраўданне, і, гатовы прыняць кару, маўчаў. Але лейтэнант хутка адчуў, што нічога яму тут не зробіць: апроч як вылаяць гэтага недарэку ён нічога болей не мог.

— Ладна. Пасля мы з ім паталкуем, — напэўна, адчуўшы гэтую нерашучасць камандзіра, прымірэнча заўважыў Дзюбін.

— Я яшчэ разбяруся з табой! — шматзначна паабяцаў Іваноўскі і, павярнуўшыся, скамандаваў іншым: — На лыжы!

Усе разам заварушыліся, рыхтуючы лыжы, і хутка пасталі на іх — затрымлівацца тут не выпадала. Лейтэнант ухапіўся за палкі і азірнуўся, чакаючы гатоўнасці групы.

— Я б яго правучыў! Мне ён не папаўся, смаркач, — бурчэў паблізу сяржант Лукашоў.

— Ладна, усё! — гучным шэптам абарваў яго Іваноўскі. — Гатовы? Суднік — за мной! Марш!

Лейтэнант рэзка ўзяў з месца, кіруючы ў прагаліну між хмызняку, аднак у пухнатым снезе лыжы слізгалі не дужа і рэзалі глыбокую каляіну, з якой тырчэлі толькі іх загнутыя дзюбкі. Голле чаплялася за маскхалат, здзірала з галавы капюшон. Мабыць, чвэрць гадзіны лейтэнант прадзіраўся цераз кустоўе, пакуль не вырваўся на ўзлесак. Тут таксама было па-начному ціха, толькі напорна дзьмуў вецер. Іваноўскі намацаў лыжамі цвярдзейшае і адштурхнуўся палкамі. Позірк яго быў скіраваны наперад, назад лейтэнант не азіраўся, ён чуў за сабой шоргат лыж і прывычнае пахакванне байцоў. Ягонае абурэнне Суднікам пакрысе пачало меншаць, уступаць месца іншым эмоцыям. Як-ніяк, усё ж найбольшая бяда іх мінавала, і Іваноўскі стаў прывыкаць да таго, што іх восем. Праўда, цалкам прымірыцца з гэтым было немагчыма, заўтра ж яму вельмі спатрэбяцца людзі, і Суднік заслугоўваў жорсткае кары. Але як яго пакараць? Расстраляць, вядома, было б занадта, лейтэнант меў арганічную агіду да такога звычайнага на вайне пакарання, калі і без таго гінулі тысячы, на гаўптвахту тут не пасадзіш. Значыць, трэба адкласці ўсё да вяртання. Да таго ж, увогуле, ім пашэнціла, магло быць горш. Калі разабрацца, дык яшчэ невядома, як бы ўсё сталася, каб Суднік не стрэліў, не паранілі Кудраўца і яны не адправілі з ім Шалудзяка, які незнарок падмануў сабой немцаў і выручыў усіх. Зусім магчыма, што да раніцы Ім не ўдалося б прарвацца з-за таго ўзмежка, а повідну іх бы за паўгадзіны расстралялі ўсіх з мінамётаў. Ці шмат патрэбна для дзесяці чалавек? А так вось прарваліся, і цяпер толькі б не наскочыць дзе ноччу на якія тылавыя часці.

Неўзабаве на снезе пачаўся невялікі спуск, лыжы пайшлі лягчэй, рукам стала вальней, і лейтэнант азірнуўся. Суднік увішна ішоў следам, трошкі адарваўшыся, цягнуўся ў паўзмроку сяржант Лукашоў. Астатнія таксама нібыта падраўняліся, і ў ветраным начным полі чуўся роўны шоргат снегу пад лыжамі. Лейтэнант яшчэ павялічыў тэмп. Дарога была далёкая, нават завельмі далёкая для адной ночы, і вельмі трэба было спяшацца. Тут ён яшчэ памятаў маршрут, вывучаны ўчора па карце, і ведаў, што неўзабаве зноў пойдзе поплаў усё ля той жа рачулкі, якой і трэба будзе трымацца.

Пасля кустоўя байцы ўвайшлі ў рытм, і група хутка рухалася ў шэрым начным паўзмроку. Хмарнае неба шчыльным дываном атуліла зімовы прасцяг, у якім цьмяна шарэлі навокал размытыя плямы кустоў, дрэў, быльнягу і мноства яшчэ нечага, невыразнага і загадкавага. Ракеты на перадавой свяцілі далёка ззаду, адсюль відаць былі толькі іхнія мігатлівыя водсветы за пакатым узгоркам.

Паступова Іваноўскі пачаў спакайнець, набіраць раўнавагі і разважнасці. Праўда, увесь час не выходзіў з галавы Шалудзяк, так няладна з ім атрымалася — пашкадаваў, называецца. Напэўна, спатрэбіўся б заўтра, усё ж сапёр і пажылы чалавек, не які там хлапчук, як гэты Суднік. Мабыць, з сапёрамі яму не пашэнціла, хоць болей за іншых былі патрэбны менавіта сапёры. Але тут нічога не зробіш. У той час, як група ляжала ў святле ракет, здавалася, вярнуў бы назад палавіну, абы другая палавіна прарвалася. Лейтэнант з уласнага вопыту ведаў, што далёка не ўсё у жыцці атрымліваецца так, як трэба, тым больш на вайне. Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з магутнаю сілай абставін, іначай праваліш справу і прападзеш сам. Наогул вайна бязлітасная да кожнага, але сапраўды першым на фронце гіне баязлівец — менавіта той, хто болей за іншых даражыць жыццём. Зрэшты, даволі гіне і смелых. Вайна надзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі. Як нідзе ў мірным жыцці, тут здрадлівы і зменлівы лёс чалавека, якому, каб выжыць, ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх лейцаў абставін, пры ўсякіх, самых немагчымых, умовах трэба старацца кіраваць імі.