Выбрать главу

Горыч ад першай і такой недарэчнай страты не пакідала Іваноўскага. Ненадоўга лейтэнант забываў пра яе, заняты дарожнымі клопатамі, але яна ўсё вярталася шчымлівым, надта добра знаёмым на вайне болем. I колькі ён ні перажыў яго за пяць месяцаў, гэты вярэдлівы ў сэрцы боль, і якім бы звыклым ён ні здаваўся часам, зусім прывыкнуць да яго было немагчыма. Колькі ўжо Іваноўскі страціў назаўжды за гэтыя месяцы вайны! Думалася, пара б ужо і прывыкнуць да саміх страт і скарыцца усведамленню іх непазбежнасці. Але як ні прывыкаў, не-не ды і находзіла такая роспач, што, думалася, лепш бы падставіў пад тую праклятую кулю сваю ўласную голаў, чым бачыць, як назаўжды апускаюць у магільную глыбіню блізкага табе чалавека.

А свайго лепшага сябра, разведчыка капітана Волаха, ён нават не паспеў закапаць…

Проста ў іх не знайшлося рыдлёўкі і якіх-небудзь пятнаццаці хвілін часу, а ад шашы ўжо імчаліся на матацыклах немцы. Адстрэльваючыся, яны з Паграбняком загарнулі цела капітана ў палатку і таропка закідалі яго перамешаным са снегам лісцем. Так і застаўся іх камандзір на ўзлеску таго далёкага смаленскага ўрочышча, дзе ледзьве не засталіся ўсе. А наступнага за ім, сяржанта Рукавіцына, нават не ўдалося вынесці з пагорка, на якім яго напаткала куля, і праз дзесяць хвілін яго там падабралі немцы.

Наогул Іваноўскаму шанцавала ў вайну на харошых людзей, але самым вялікім шанцаваннем, вядома, быў капітан Волах. Нейкім невыразным пачуццём лейтэнант зразумеў гэта адразу, як толькі ўбачыў яго на прысмужанай ранішнім туманам прасецы ў Бароўскіх лясах. Стоячы на каленях, капітан нешта вытрасаў з кішэняў у пакладзеную на мох фуражку, побач ляжала разгорнутая карта, а навокал сядзелі і ляжалі яго разведчыкі. Усе былі ў зялёных маскіровачных халатах з адкінутымі капюшонамі і ў пілотках, толькі ў аднаго капітана была фуражка, па якой лейтэнант адразу пазнаў у ім камандзіра і прывітаўся.

— Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца.

— Калі ласка, — проста і ўсмешліва, без ценю камандзірскай строгасці сказаў капітан. — Звяртайцеся, калі ёсць з чым. А то ў нас во адзін пыл.

Відаць, ён не супраць быў пажартаваць і, можа, нават пачаставаць іх махоркай, але махорка ў яго ўся скончылася, як скончылася яна І ў лейтэнанта Іваноўскага. Праўда, лейтэнанту цяпер было не да курыва, ён болей бы ўзрадаваўся сухару ці кавалку хлеба, бо два дні яны амаль нічога не елі. Пасля разгрому ў начным баі пад Крупцамі ён адбіўся ад палка, трапіў у акружэнне, выйшаўшы з якога з дванаццаццю байцамі блукаў па лясах у пошуках сваёй часці. Але нідзе ён не мог набрысці нават на рэшткі сваёй дывізіі, часам траплялі байцы з невядомых яму часцей, але ніхто з іх нічога толкам не ведаў, у прыфрантавой паласе ўсе пераблыталіся — і нашы, і немцы. Яшчэ праз дзень вакол засталіся адны толькі немцы, ён скрозь натыкаўся на іх саміх або на свежыя іх сляды і тыдзень кідаўся па пералесках у пошуках якога-ніякога выйсця. У яго не было карты, і зусім незразумелай была абстаноўка, сустрэчныя ў шляху чырвонаармейцы давалі самыя супярэчлівыя звесткі. Зразумела было адно — нашы адышлі далёка, а немцы пруць на Маскву. У некалькіх выпадковых сутычках ён страціў яшчэ трох чалавек; двое зніклі ўначы: можа, адбіліся дзе ў цемры і прысталі да іншых груп, а можа, і яшчэ горш. З ім засталіся чацвёра, яны забрылі ў нейкую лясную глушэчу, дзе ўжо не было ні немцаў, ні нашых. I вось гэтая выпадковая сустрэча з групай разведчыкаў на краі лясной прасекі.

Капітан усё ж нешта натрос з кішэняў і скруціў тоненькую скупую цыгарку. Астатнія моўчкі і, як здалося лейтэнанту, з затоеным сумам назіралі за сваім камандзірам.

— Як запальнічка, уцалела? — запытаў капітан, запіхваючы ў сінія галіфэ вывернутыя кішэні.

— Якая запальнічка? — здзівіўся Іваноўскі.

I раптам усё прыпомніў.

Сапраўды, месяц назад пад Касачовам, дзе яны стаялі тады ў абароне, неяк перад світаннем начальнік разведкі палка прывёў на батарэйны НП незнаёмага камандзіра ў фуражцы і з ордэнам Чырвонага Сцяга на габардзінавай гімнасцёрцы. Як трошкі развіднела, яны пачалі нешта разглядваць у стэрэатрубку на нямецкім баку, нешта адзначалі на карце. Пасля разам паснедалі. Капітан яшчэ пачаставаў Іваноўскага «Казбекам» і, прыкурваючы, звярнуў увагу на яго трафейную запальнічку ў форме будыйскага манаха. Запальнічка сапраўды была даволі забаўная: націснеш на спружынку — і ў манаха адскоквала палавінка чэрапа, з якога ўспыхваў далікатны агеньчык полымя.

Запальнічка была пры ім, Іваноўскі дастаў маленькую чорную фігурку манаха, вялікім пальцам ціскануў на спружынку. Але ў гэты раз агеньчык не паявіўся, мабыць, не было бензіну.