Ён быў у прыўзнятым, амаль радасным настроі, бо выхад на заданне ўвогуле абышоўся ўдала. Кляпца не спатрэбілася і выклікаць да камандзіра, проста Маслакоў перадаў яму загад начштаба, і гаспадарнік, пабурчаўшы, змоўк, што значыла — пагадзіўся. Сцёпка не чакаў абеду, атрымаў свой кус хлеба, які тут жа з’еў, і цяпер быў ва ўладзе адвыклага ўжо хвалюючага нецярпення, калі хацелася толькі аднаго: як найхутчэй рушыць у дарогу. Закінуўшы за спіну вінтоўку, ён выламаў дубчык і пасцёбваў ім у доле, паглядаючы ў бок буданоў, адкуль павінен быў паявіцца Маслакоў.
— Можа ля Азярышча пойдзем? Не ведаеце?
Яму ніхто не адказаў. Даніла быў заняты бобам, а Брытвін толькі павёў на хлопца, косым абыякавым позіркам.
— Ля Азярышча б прайсці лягчэй. Там паліцыя свая.
— А ты скуль ведаеш? — суха запытаў Брытвін.
— Я? Гэткі сакрэт! Усе ведаюць, — знарок бесклапотна адказаў Сцёпка, але насцярожыўся: тон гэтага пытання быў яму дужа вядомы, і ён ужо зразумеў, што дарма так сказаў. Брытвін пасля паўзы важка зазначыў:
— Ты за ўсіх не атветчык. А сам трымай язык за зубамі. Калі што і ведаеш.
Паверх лесу Сцёпка паглядзеў у неба, завалочанае малочнай смугой, праз якую з раніцы не магло выбавіцца сонца, потым перавёў позірк уніз, на буданы за палянай: Маслакова ўсё не было. Другому б ён нешта адказаў у такім выпадку, але Брытвіну пярэчыць цяпер не стаў: як-ніяк, той старэйшы, і нягожа было заядацца з ім. Праўда, хадзілі чуткі, што месяц назад Брытвін здорава праштрафіўся на заданні, яго знялі з роты, хацелі нават судзіць, ды перавялі ў іхні атрад радавым. I тым не менш тон і ўвесь яго выгляд сведчылі, што радавым ён сябе не лічыў. Прынамсі, тут, у гэтай групе, паводзіў сябе як старшы, хоць і з маленькай, але ўсё ж з перавагай над імі двума. Праўда, гэтае яго старшынство не дужа турбавала Сцёпку, які адзіным камандзірам прызнаваў тут Маслакова.
Паляскаўшы дубцом, Сцёпка зняў з-за спіны вінтоўку і таксама прысеў на дол, трохі воддаль ад іх двух. Вінтоўка ў хлопца была старая, з гранёным казённікам, выпушчаная, мяркуючы па кляйме, яшчэ да мадэрнізацыі 1930 года. Увогуле, страляла яна няблага, затвор таксама працаваў нармальна, і Сцяпан быў бы ёю задаволены, калі б не мушка. Мушка раскярнілася ў сваім гняздзе і соўгалася туды-сюды. Перш чым стрэліць, трэба было пасунуць яе на месца, да рыскі, а пасля ўжо цэліцца.
Сцёпка ўзяў з долу сучок, пазногцямі адшчыкнуў ад яго трэску і стаў ціхенька запіхваць яе ў шчылінку пад мушкай. Трэска, аднак, не лезла, ламалася. Ягоны занятак звярнуў на сябе ўвагу Данілы, а потым і Брытвіна, які нездаволена варухнуў брывамі.
— Што ты робіш?
— Ды во — мушка.
Былы ротны павярнуўся на бок і з патрабавальнай упэўненасцю працяг руку.
— Ану!
Сцёпка яшчэ раз калупнуў трэскай, але зноў няўдала і падаў вінтоўку Брытвіну.
Той сеў, расставіўшы калені, звыкла паляскаў затворам.
— Ну і ламачына! Гразная, канечне, іржавая. У цябе хто камандзір? Мелік’янц, ага?
Сцёпка прамаўчаў. Гаварыць з Брытвіным у яго ўраз прапала жаданне — хлопец ведаў, што той скажа далей.
— Ладна. Давайце вінтоўку.
— Не, пачакай! — ухінуўшыся ад яго рукі, Брытвін шчоўкнуў курком, пакратаў прыцэльную рамку. Потым зірнуў на мушку. — А яшчэ казалі: Мелік’янц — строгі камандзір!
Сцёпка ўсё маўчаў, але пад елкай падазрона заёрзаў Даніла.
— Ды ён не Мелік’янца. Ён з кухні.
— Як з кухні?
Брытвін апусціў вінтоўку і ўтаропіў у Данілу недаўменны, амаль абураны позірк. Сцёпка за рулю выхапіў у яго вінтоўку, падумаўшы пра Данілу: «Каб ты прапаў! Цягнуў яго хто за язык!» Хлопец адчуў у сабе пакутную няёмкасць ад гэтае недарэчнай падказкі, але паправіць нічога ўжо нельга было, і ён агрызнуўся:
— А што на кухні — не людзі?
Пасля ўстаў і закінуў сваю ламачыну за плячо, гатовы ісці, толькі ісці яшчэ не выпадала — хочаш ці не, а трэба было чакаць з гэтымі побач. Тым часам Даніла з лёгкай пагардай на валасатым твары, а Брытвін з трывожлівай насцярожлівасцю пазіралі на яго.