Выбрать главу

— Цікава, цікава, — сказаў капітан. — Шкада, курыва кот наплакаў.

— У нас таксама ні каліва, — сказаў Іваноўскі.

Іх твары ўраз пасур’ёзнелі, капітан нацягнуў на плечы сваю прадраную ў некалькіх месцах куртку. Адчуваннямі завалодала невясёлая франтавая будзённасць.

— Даўно бедствуеце? — запытаўся капітан.

— З семнаццатага. Як разбілі пад Касачовам.

— Што ж, пойдзем разам. Вось тут, на маёй карце, азначаны стык, сюды і паспрабуем сунуцца.

Яны прабіраліся яшчэ чацвёра сутак, але ніякага стыку ў нямецкай лініі фронту не знайшлі, як, зрэшты, не знайшлі і самога фронту. Стаяла глыбокая восень, лісце з дрэў усё абсыпалася, пасля сцюдзёных зацяжных дажджоў наступіла ранняя золкая сцюжа. Дарогі былі забіты абозамі, аўтамабілямі, фурманкамі перадавых і тылавых нямецкіх часцей. Байцы падбіліся ад шматдзённай хадзьбы па бездаражы, схуднелі ад голаду. Некаторых пачалі дапякаць прастуда, кашаль. Лейтэнанта мучыла скуллё па ўсім целе. А пасля ў групе з’явіўся паранены ў нагу разведчык, які не мог ісці, і яны па чарзе неслі яго на звязаных з жэрдак і палаткі насілках. Па гэтай прычыне яны не маглі ісці хутка, але камандзір не хацеў пакідаць разведчыка. Гэта быў выдатны разведчык, светлавокі і светлавалосы атлет па прозвішчу Фіх, які лёгка размаўляў па-нямецку. Паранілі яго выпадкова, калі яны ўдзень заскочылі ў вёску, каб распытацца пра дарогу і разжыцца чаго-небудзь з ежы, і ўжо ў самым пачатку вуліцы наткнуліся на немцаў. Першага немца, які выйшаў з падворка, капітан зваліў ударам нажа ў шыю. Гэта аказаўся афіцэр з сумкай, і Волах па старой звычцы разведчыка перш-наперш схапіўся за яго палявую сумку. Але следам за афіцэрам ішлі яшчэ двое, адзін з іх стрэліў з пісталета і трапіў Фіху ў сцягно. Добра, што Балаенка тут жа крамсануў чаргой, немец упаў, і яны ўсе кінуліся на гарод, падхапіўшы параненага, які пасля гэтага стрэлу не ступіў болей ніводнага па зямлі кроку. Напэўна, нямецкая куля пашкодзіла які-небудзь цэнтральны нерв, нага павісла, бы нежывая. Да таго ж неўзабаве паднялася тэмпература, мабыць, пачалося заражэнне. Бясконцыя пераходы прычынялі нясцерпныя мукі параненаму, павязка ўвесь час спаўзала, рана крывяніла. Фіх, сцяўшы зубы, трываў, усё болей хмурыўся і не хацеў размаўляць.

Аднойчы яны спыніліся адпачыць на нейкім зарослым маладым дубнячком прыгорку. Лісцяны лес ужо стаяў увесь голы і непрытульны, толькі пакручастыя дубкі шалясцелі на ветры сваёй надта пажухлай, але яшчэ па-летняму густою лістотай. Тут было трохі зацішней: дубняк надзейна хаваў іх ад чужых вачэй. Як толькі спыніліся, разведчыкі пападалі на зямлю. З маўклівай адчужанасцю на схуднелым твары ляжаў на насілках Фіх. Есці не было чаго, курыць таксама. Два разведчыкі пайшлі шукаць якое жыллё, каб разжыцца на ежу і пакарміць параненага.

— Слухай, Фіх, — раптам сказаў капітан. — Ты не бойся. Мы цябе не пакінем. Мы цябе вынесем, і ўсё будзе добра. Галоўнае — не падай духам.

— Аддайце мой пісталет, — слабым голасам прамовіў Фіх.

Два дні запар ён патрабаваў свой пісталет, які, западозрыўшы кепскае, выняў у яго з кабуры Волах. Цяпер кожная размова з ім пачыналася і канчалася патрабаваннем Фіха вярнуць пісталет.

— Ну во, ты зноў за сваё! Аддам я твой пісталет. Але спярша трэба цябе данесці да сваіх.

— Аддайце мой пісталет! Нашто ўзялі? Для апраўдання сумлення? Плюнь, капітан…

Угаварыць яго было немагчыма, капітан, відаць, разумеў гэта і асабліва не ўгаворваў. Іхняе становішча не пакідала зашмат ілюзіі, ды яны і не мелі патрэбы ў ілюзіях. Безнадзейнасць Фіхавага стану была відавочнай як для самога Фіха, так і для ўсіх васьмярых у групе, у тым ліку і старога дружка Фіха сяржанта Рукавіцына, які ўсю дарогу даглядаў параненага, як толькі было магчыма. Бяда, аднак, заключалася ў тым, што магчымасці гэтыя былі надта малыя, а Фіх хутка згасаў, І Рукавіцын нічым не мог яму памагчы. З прыгнечаным выглядам ён сядзеў над таварышам і бруднай насоўкай выціраў яго бледны спатнелы лоб.

— Да-а, дзяла! — сказаў капітан. — Што ж нам з табой рабіць?

Пытанне было чыста рытарычнае, ніхто не мог і не спрабаваў на яго адказаць. Зрэшты, капітан і не чакаў адказу — проста ён разважаў услых. Аднак на гэты раз разважаць яму давялося нядоўга — вярнуліся два разведчыкі і паведамілі, што вёсак паблізу няма, а недалёкая адсюль леснічоўка стаіць пустая — нічым, што было б можна з’есці, пажывіцца там не ўдалося. Але, ідучы назад, разведчыкі ўбачылі, як па дарозе ў суседні лясок адна за адной ішлі гружаныя нямецкія машыны, якія хутка там разгружаліся і ўлегцы вярталіся ранейшай дарогай. Відаць па ўсім, у лясок перабазіруецца які-небудзь вялікі нямецкі склад.