Вядома, яны разумелі, што склады могуць быць розныя: з фуражом, боепрыпасамі, палівам, рэчавай, інжынернай або нават хімічнай маёмасцю. Але могуць быць таксама і з прадуктамі. Напэўна, верагоднасць апошняга меркавання здалася згаладнелым байцам найбольшай, і капітан жвава ўскочыў на ногі.
— Ану, дзе? Далёка?
— Ды кіламетры за два адсюль.
Яны хутка зняліся з месца, мінулі дубнячок, пасля абышлі па краі равок, перайшлі макраватую лугавінку, зноў улезлі ў калючае густое кустоўе, на выхадзе з якога па камандзе Волаха ўсе разам сталі. Праз сучча алешніку было відаць, як па калдобістай, разбітай дарозе ў рэдкі сасновы лясок паўзлі сямітонныя «б’юсінгі», недзе там яны разгружаліся і хутка кацілі ўніз, мабыць, за новай партыяй грузу.
Капітан адразу ж сеў, дзе стаяў, дастаў з-за пазухі бінокль. Разведчыкі апусцілі насілкі з Фіхам.
— Ух ты, што там наварочана! Во гэта да! — здзівіўся капітан. — Дротам абносяць, так, так. А падыходы ўвогуле неблагія. Ось бы, калі сцямнее… На, зірні, — сказаў ён, перадаючы бінокль Іваноўскаму.
Лейтэнант адшукаў у голым суччы прагаліну, накіраваў у бок лесу бінокль. Выразна стала відаць, як там разгружаліся машыны. Працавалі, здаецца, палонныя, на невялікай адлегласці ад іх тырчэлі цёмныя постаці ў даўгіх шынялях, з вінтоўкамі ў руках. Пад высокімі хвоямі на ўзгорку выцягнуліся даўгія грувасткія рады зялёных і жоўтых скрынак. Некалькі раней уладкаваных штабялёў былі ўжо накрыты і абвязаны брызентам.
— Цікава, што? — разважаў капітан. — Але ўсё роўна. Зробім феерверк на ўсю Смаленшчыну. Рукавіцын, супрацьтанкавая граната ў цябе цэлая? Дабро! А тол ты яшчэ не выкінуў, Паграбняк? Ракеты трэба падрыхтаваць таксама. Спатрэбяцца.
Ён тут жа, у алешніку, абвясціў свой імправізаваны план нападу на склад, размеркаваў абавязкі паміж васьмёркай змораных, галодных людзей. З параненым пакінуў спярша двух байцоў, а пасля аднаго Рукавіцына. Сваім намеснікам назначыў яго, Іваноўскага. Рашылі пачынаць, як толькі крыху сцямнее.
— Вясёленькая будзе ноч! — радаваўся капітан, тручы азяблыя рукі. — Закурыць бы цяпер, ды нечага…
3
Напэўна, лепш будзе ўзарваць. Пад дротам працягнуць зарад са шнурам, падкласці пад штабель. Вартавога заманіць у другі бок — як гэта зрабіць, Іваноўскі ведаў, некалі вучыў капітан Волах. Ёсць некалькі спосабаў. Вядома, лепш бы зусім зняць вартавога, але калі аб’ект вялікі, вартавых будзе некалькі, усіх не знімеш.
Так разважаючы, Іваноўскі няхутка спускаўся на лыжах з непрыкметнага ўначы пагорачка. У снегавой цемры наогул не разгледзець было, дзе пагорак, а дзе лагчынка, ён толькі адчуваў гэта па вазе лыж на нагах, якія то цяжэлі, і тады з’яўлялася патрэба памагчы сабе палкамі, то беглі па снезе ахвотней. Іваноўскі ўвесь час кіраваўся на поўдзень, час ад часу правяраючы кірунак па компасе. Справа ў туманнай імгле, то набліжаючыся да лыжні, то аддаляючыся ад яе, выгіналася ўсё тая ж рачулка, якую ён пазнаваў здаля па няроўным шнурку кустоўя на яе берагах. Злева да яе спускаліся схілы невысокіх пагоркаў, якія даводзілася перасякаць лыжнікам.
З’ехаўшы з чарговага схілу, Іваноўскі спыніўся. Лыжы затрашчэлі ў нейкіх сухіх сцяблінах, і лейтэнант пачаў азірацца па баках, каб абысці іх. Ззаду па адным пад’язджалі і спыняліся яго байцы.
— Ну як? — запытаўся ён гучным голасам.
Тут, здаецца, ужо ніхто не мог іх пачуць.
— Угрэліся, лейцінант, — цяжка дыхаючы, адказаў Лукашоў, белая пара валіла ад яго мажнай постаці.
Суднік ухапіў жменю снегу і, падпёршыся палкамі, пачаў яго есці. Неўзабаве пад’ехалі Хакімаў і Краснакуцкі; яшчэ нехта спускаўся па схіле.
— Дзюбін! — паклікаў лейтэнант.
— Ідзе быццам, — не адразу адгукнуўся голас з прыцемак, і ён падумаў, што калі замыкаючы тут, значыць, усе ў зборы, можна рушыць далей.
— Як бы перадыхнуць, таварыш камандзір. Прывал бы, га? — з ноткаю скаргі сказаў Краснакуцкі.
Іваноўскі выняў гадзіннік. Вялікая стрэлка набліжалася да дванаццаці, малая ўжо дасягнула гадзіны.
— Адставіць прывал, — сказаў лейтэнант. — Мы познімся.
— Ужо ўсе паджылкі дрыжаць.
— Уцягвайцеся. Пасля лягчэй будзе. Так, за мной — марш!
Ён баяўся адпачынкам расхаладзіць байцоў, па сабе ведаў, як гэта цяжка пасля прывалу зноў набіраць тэмп. Важна было вытрымаць пэўную хуткасць на працягу ўсёй ночы, можа, нават павялічыць яе, калі будзе трэба. Ён ведаў — хутка павінна паявіцца другое дыханне і тады ўсім стане лягчэй.