Выбрать главу

Але змора брала сваё, і лейтэнант усё часцей стаў заўважаць, што галава яго ўпарта хіліцца ўніз і перад вачыма пачынаецца аднастайнае мільганне лыжных наскоў. Аднойчы, з намаганнем адарваўшы позірк ад снегу, ён згледзеў наперадзе штось аднастайна-шэрае, падобнае на высокую сцяну лесу. I на самай справе гэта быў лес — перапыніўшы іх шлях, трывожна і цягуча шумелі на ветры хвоі. Іваноўскі недаўменна здзівіўся — на карце ў тутэйшым месцы не значылася ніякага лесу, тым больш хвойнага. Ён падумаў, што, можа, згубіў напрамак, і пачаў таропка арыентавацца па компасе. Але не, усё было правільна, напрамак ён трымаў той самы, дакладна сто дзевяноста градусаў, але чаму тады лес? I як з ім быць — прайсці наскрозь, не мяняючы маршруту, ці абысці? I з якога боку яго абыходзіць?

— Што, лейцінант, перакур? — запытаўся Лукашоў ззаду.

Чамусьці ён падышоў раней за Судніка, які адстаў так, што ледзьве ўгадваўся ў змроку. Гэта парушала ўстаноўлены ім парадак на маршы, і ў Іваноўскага вырвалася:

— А чаму вы тут?

— Дык во сапёр… Надакучыла на пятах сядзець.

Здаецца, лыжнікі пачалі расцягвацца, гэта ўжо нікуды не гадзілася, лейтэнант думаў, што па гатовай лыжні можна б ісці спрытней. Ён схаваў компас у рукаў і, засяроджана згадваючы, што рабіць з лесам, чакаў, пакуль падыдуць астатнія.

Хвіліны праз тры або нават пяць падышлі Хакімаў і Краснакуцкі, астатніх нідзе не было. Трацячы цярпенне, лейтэнант пачакаў яшчэ. Змораныя лыжнікі, ледзьве спыніўшыся, навальваліся грудзямі на канцы ўваткнутых у снег палак, так адпачывалі. Усе трудна, з натугай дыхалі і хапалі рукамі снег.

— Ці хутка, таварыш лейтэнант? — запалым голасам запытаўся Краснакуцкі. — Ведаеце, сілы ўжо не стае…

— Дзе астатнія? — замест адказу ўстрывожана запытаўся лейтэнант.

— Ды ідуць. Заяц, напэўна, адстаў. Ну і старшына там з ім нянькаецца.

— А Півавараў?

— Ды вунь ідзе нехта.

Са снегавой цемры, затканай на ветры пагусцелай крупой, выслізнула яшчэ адна постаць у белым. Гэта быў Півавараў.

— Дзе астатнія?

— Не ведаю. Ззаду нікога быццам, — адказаў баец. — Я там з лыжаю правалэндаўся…

— Ладна. Пайшлі.

Лейтэнант не мог болей чакаць, падумаў, што старшыне не ў навіну такія справы, ён не павінен адстаць. Зноў жа на снезе выразна відаць добра ўезджаную лыжню, хай даганяе, і лейтэнант павярнуў управа, уздоўж баравога ўзлеску, у абход сасонніку. Лезці ў яго наўпрост ён не адважыўся, каб незнарок дзе-небудзь не натрапіць на роў ці якое ламачча, а то і проста не забрысці ў гушчар. Усё ж лыжах ноччу па лесе ісці не гадзілася.

Але ён не ведаў, як абысці яго, і брыў уздоўж бясконцай крывуліны ўзлеску, паўтараючы лыжамі ўсе яго абрысы. Ішлі куды асцярожней, чым у полі, пад хвоямі ў зарасніках падлеску ўвесь час нешта цямнела, здавалася, нейкія цені, постаці. Але, падышоўшы бліжэй, ён кожны раз пераконваўся, што гэта былі маладыя елкі.

Між тым вецер мацнеў, цяпер ён амаль увесь час дзьмуў ім насустрач. Тонкая бязь маскхалата пузырылася на спіне, часам ляскала, нібы парус. Лейтэнант адчуў, што і ў яго прыкметна паменела спрыту, а з ім і ўпэўненасці ў тым, што ён ідзе правільна. У іншым ён не сумняваўся. Ён то рабіў энергічны рывок, то спакваля пераходзіў на ўмераны крок, напэўна, з большай чым трэба асцярогаю азіраючыся па баках. Час ад часу ён прыслухоўваўся да гукаў ззаду, стараючыся зразумець, ці не даганяюць іх Заяц з Дзюбіным.

Але Дзюбін усё не даганяў, а хвойнік нечакана скончыўся, яны нарэшце дасяглі заходняга краю лесу Далей сасновы ўзлесак паварочваў на поўдзень і, закругляючыся, адступаў кудысь на паўднёвы ўсход. Гэтага толькі чакаў Іваноўскі. Ён нават уздыхнуў з палёгкай і, спыніўшыся, увагнаў палкі ў снег: трэба было зарыентавацца з картай.

— У каго там… Півавараў, у вас палатка?

— У мяне, таварыш лейтэнант.

— Дай сюды.

Не саступаючы з лыж, Іваноўскі прысеў на снезе. Півавараў старанна накрыў яго плашч-палаткай — пасля мільготнае белізны снегу зрабілася надзвычай цёмна і ціха. Слабай плямкай святла з ліхтарыка лейтэнант павёў па скамечаным аркушы карты, і адразу яму стала ўсё зразумела.

Рака тут рабіла вялікі паварот направа, таму ён згубіў яе ў цемры і наткнуўся на лес. Але наўрад ці была такая патрэба агінаць усе яе павароткі, напэўна, разумней было ўзяць адразу на поўдзень і тым зрэзаць немалы крук. Праўда, без ракі будзе трудней арыентавацца ўначы, тым болей што карта мела свае недакладнасці. Хвойны лес, які яны абышлі, зусім не быў азначаны на ёй, тапографы нанеслі тут толькі некалькі дробных кружочкаў, якія азначалі кустоўе. Калісьці, можа, гэта і было кустоўе, а цяпер вунь разросся лес — на добрыя два кіламетры ўдоўжкі, — які ледзьве не ўвёў яго ў зман.