Выбрать главу

Ён не адразу заўважыў, як нехта з’явіўся ў полі, у дрыготкім святле ракет праз завею наперадзе мільгануў хісткі цень. У той час як другі цень упаў, гэты імгненна вырас да гіганцкіх, на ўсё поле, памераў; абмінаючы яго, з двух бакоў на ўзлесак ляцелі кулямётныя трасы. У некалькі скачкоў Цень дасяг іхняга ўзлеску, і праз грукат страляніны Іваноўскі пачуў:

— Капітана забіла!

— Стой! — крыкнуў ён і ўскочыў. — Стой!

Гэта быў баец Фартучны, увогуле неблагі разведчык, каго, можа, болей за іншых любіў капітан Волах, але цяпер, ахоплены незразумелым спалохам, ён апантана ўцякаў з-пад агню, прынесеная ім страшная вестка, аднак, не дужа ўразіла лейтэнанта, той ужо адчуў, што сталася кепскае. Але што загінуў сам капітан Волах, гэтага ён не мог сабе ўявіць.

— Стой! Назад!

Ён падхапіў кулямёт з цяжкой, абвіслай да самага снегу стужкай і кінуўся ў поле. Выламваючы ногі на прысыпанай снегам раллі, хвіліну бег у той бок, адкуль паявіўся Фартучны. Не азіраючыся, ён ведаў, што Фартучны вернецца і пабяжыць за ім — інакш не магло быць. Ракеты свяцілі няспынна, Іваноўскі ўжо не хаваўся ад іх святла і з ходу запусціў чаргой па сасонніку, каб прымусіць немцаў пасцерагчыся, залегчы. У гэты час Фартучны ўвішна абагнаў яго і знік за снегавой завесай наперадзе.

Іваноўскі падаўся было за байцом, як у ракетным святле над полем убачыў некалькі постацяў, якія беглі ад дарогі ўздоўж драцяной агароджы базы. Спалохаўшыся, што яны перахопяць Фартучнага, ён таропка выпусціў па іх апошнюю сваю чаргу, і калі апусцелы канец металічнай стужкі выскачыў у снег, кінуў непатрэбны цяпер яму кулямет і выхапіў з кабуры ТТ. Але ён ужо ўбачыў сваіх — двое разведчыкаў, прыгнуўшыся, за рукі і ногі валаклі камандзіра.

— Жывы? — запытаўся ён, падбегшы да іх.

— Дзе там! Забіты! — крыкнуў Фартучны. — Пракляты вартавы! Трэба ж…

Адстрэльваючыся, яны змянілі напрамак, доўга беглі ў кустоўі і толькі, калі адышліся кіламетры на два, у нейкім ляску перавялі дыханне. Капітан быў забіты ва ўпор, несці яго далей не мела сэнсу, да таго ж недзе паблізу трашчалі матацыклы — здаецца, немцы паслалі пагоню. Спяшаючыся, яны як-колечы разрыхлілі мокрую, з лісцем, зямлю, выграблі неглыбокую ямку і прысыпалі ў ёй камандзіра. Прапаў таксама і адзін з разведчыкаў, што пайшоў з Болахам, было невядома, ці ён забіты, ці, можа, адбіўся куды ў другі бок. Але чакаць яны не маглі, з кожнай хвілінай паблізу маглі паявіцца немцы, уцячы ад якіх з параненым Фіхам было б нялёгка.

Праклінаючы тую халерную базу і сваю няўдачу, Іваноўскі павёў маленькую групу на поўнач — далей ад сасонніку, над якім усё смылелі ўначы ракеты, і водсветы ад іх доўга суправаджалі байцоў. На душы ў лейтэнанта было пагана, то яго ўзвінчвала злосць, то апаноўвала роспач. Увесь час хацелася лаяцца. Але ён не асуджаў капітана — напэўна, сам на яго месцы зрабіў бы таксама. Было крыўдна да слёз, што недарэчны сляпы выпадак так здорава дапамог немцам. Не наткнуўся б Волах на вартавога — напэўна, усё было б добра, яны б узарвалі базу і тады не спатрэбілася б і гэтая іх вылазка з яе непазбежнымі ахвярамі.

Значыць, трэба асцярожней. Трэба ў сто разоў асцярожней, прадбачлівей, тым больш яму, Іваноўскаму, які цяпер быў адказны не толькі перад самім сабой…

4

Мінуўшы лес, лейтэнант вывеў групу на раўнінны прырэчны прасцяг, і лыжнікі доўга зморана ішлі па прамой. Тут ужо не было ні пад’ёмаў, ні спускаў, лыжня ішла роўна па глыбокім снезе, Іваноўскі ўвесь час з прыкметным высілкам налягаў на палкі. Лыжы ў пульхным снезе правальваліся глыбей, чым трэба было для хуткай хады, і амаль не слізгалі. Увесь час пракладваючы лыжню, камандзір браў на сябе найбольшую ў гэтым шляху нагрузку і недзе каля поўначы адчуў, што стаў выдыхацца. На ім ужо ўсе было мокрае, бялізна не высыхала ад поту, гарачае дыханне распірала грудзі, пачала дапякаць смага. Але ён не хацеў есці снег, ведаў: вада абернецца лішнім потам, а гэта толькі зменшыць вынослівасць і не надасць сілы, якой яму спатрэбіцца яшчэ многа.

Хутка бег час, а Дзюбін не даганяў групу, і лейтэнант усё ламаў галаву: што з ім здарылася? Але, мабыць, трэба перастаць пра яго і думаць — калі не дагнаў раней, дык цяпер не дагоніць: яны адмахалі палавіну шляху, калі не больш. У лейтэнанта кожны раз сціскалася сэрца ад думкі, што іх усе менела. Яшчэ не дайшлі да месца, а ўжо чацвярых не стала. Але ён не мог, проста не меў права траціць дарагі час на пошукі або чаканне.