Хутка ён напаткаў нейкі хмызняк ці ўзлесак і стаў: трэба было сабраць байцоў. Нага балела мацней, але боль пакуль быў цярпімы, мабыць, куля толькі зачапіла мякаць. Хутар маўчаў. Зусім побач цямнеў голы, засыпаны снегам хмызняк, у якім там-сям чарнелі маладыя елкі — у выпадку чаго можна будзе схавацца. Чакаючы сваіх, Іваноўскі не пераставаў здзіўляцца пільнасці немцаў. Хаця, здаецца, выдаў яго сабака. Дурная жывёліна, хіба яна ведала, на каго брахала. Зрэшты, было б горш, калі б ён своечасова не павярнуў ад хутара ўбок. Усё ж яны яго абмінулі, хоць і не так далёка, каб іх не заўважылі. Ён адчуваў, што боль у назе ўсё мацнее, у калашыне было зусім мокра, намокла нават ануча ў боце, трэба было перавязацца. Але ён маўчаў і не кратаўся — чакаў, калі падыдуць астатнія.
Першым з прыцемак нечакана вынырнуў Суднік, пасля паявілася танклявая постаць Піваварава, трохі пазней, прыгінаючыся і размашыста працуючы палкамі, прымчаліся з завеі двое. Усе спыняліся ля камандзіра і насцярожана пазіралі назад. Парывісты вецер круціў у паветры снежнай крупой, абсыпаючы ёю лыжы, маскхалаты, твары байцоў.
— Каго яшчэ няма? — ціха запытаўся лейтэнант.
— Хакімава няма, — сказаў Лукашоў, не паварочваючыся.
Усе ўзіраліся ў бок злашчаснага хутара.
— Сволачы! I як яны ўчулі? Здаецца, так ціха ішлі! — абураўся Краснакуцкі.
— Во яшчэ бяда — сабакі! Добра — нямецкія, а калі нашы, рускія?
— Пад немцам усе сабакі нямецкія. Тут яны нам не таварышы.
Лейтэнант ледзьве стаяў, аслабіўшы параненую нагу, і маўчаў. Ён усё больш змрачнеў, усведамляючы сваё становішча і перажываючы, што доўга няма Хакімава. Было зразумела, што гэтая затрымка дорага ім абыдзецца, але і пакінуць байца ён таксама не мог.
Пасля нядоўгае паўзы лейтэнант запытаў Лукашова:
— Дзе ён прапаў? Як ляжалі ці потым?
— Як ляжалі — быў. А пасля вот не ўгледзеў.
— Ідзі і шукай. Мы пачакаем.
Лукашоў пайшоў у завею, а лейтэнант пастаяў трохі і павярнуў у хмызняк за маладыя, абсыпаныя снегам елкі.
Тут круціла, нібы ў аэрадынамічнай трубе, — хмары снегу віхурай несліся ў паветры, з усіх бакоў дзьмуў вецер. Захінуўшыся за яліну, Іваноўскі рассмыкнуў матузкі маскхалата, расшпіліў штаны. Сцюдзёныя рукі адразу адчулі згусцелую кроў; ён разадраў шархоткую паперу пакета і туга перавязаў нагу вышай калена. Было даволі балюча, але ён стрываў, прыцяў уздых і хутка апрануўся. Снегам старанна выцер рукі — ніхто не павінен заўважыць, што ён паранены, гэта цяпер не патрэбна. Тым больш што рана лёгкая, як-небудзь ператрывае.
Горш будзе, калі не знойдуць Хакімава.
Чорт ведае, як недарэчна ўсё атрымалася, скрозь адны няўдачы. Прыпомнілася народная прыкмета, што справа з няўдалым пачаткам абяцае яшчэ горшы канец. У яго пачалося куды як няўдала. Што ж будзе ў канцы?
Асеўшы на снезе, байцы цярпліва чакалі, сціскаючы ў руках забінтаваныя ствалы зброі. Ён таксама пачакаў крыху, пасля выняў гадзіннік. Той спраўна, як ні ў чым не бывала, рабіў сваю справу, паказваючы палову другой. Мінула палавіна ночы. Нямала прайшлі і яны, але кіламетраў дваццаць усё ж засталося. Калі толькі ён не адхіліўся ад маршруту. Закруціўшыся пад гэтым абстрэлам, ні пра які маршрут ён, вядома, не думаў, цяпер трэба было выпраўляць становішча.
Іваноўскі зарыентаваў компас. Візір, устаноўлены на Дзвесце дзесяць градусаў, паказваў у хмызняк. У цемры завейнай ночы нічога не было відаць, і ён падумаў, што, мабыць, прыйдзецца прадзірацца праз зараснікі. Інакш нядоўга зусім заблудзіцца. Або трапіць у лапы да немцаў.
— Ціха!
З цемры данёсся нечы слабы невыразны голас, Краснакуцкі падняўся на лыжы і, прыгнуўшыся, слізгануў у той бок. Хвіліну адтуль нічога не было чуваць, а пасля нешта мільганула ў цемры і заварушылася, белае і няўклюднае. Праз хвіліну Лукашоў з Краснакуцкім, сагнуўшыся, волакам прыцягнулі Хакімава і тут жа ўпалі каленямі ў снег.
Лукашоў дыхавічна сказаў:
— Во… ледзьве знайшоў… Палка адна ўваткнута была… Яго палка. Гляджу, тырчыць… А ён праз дзесяць крокаў… Ужо снегам замятаць стала…
— Што, жывы? — запытаўся лейтэнант.
— Жывы, але кепскі, У спіну яго ўдарыла. У жывот выйшла, здаецца.
— Так. Хутка перавязаць!
Ну во, і яшчэ адзін. Небарака Хакімаў! Такі старанны, рухавы, уважлівы хлопец. Ён з першай сустрэчы спадабаўся камандзіру: негаваркі, талковы. I што цяпер з ім рабіць?
— Я тут трохі абматаў. Па кухвайцы. Без памяці ён.
Пакуль двое поркаліся, перавязваючы параненага, Іваноўскі, расслабіўшы прастрэленую нагу, разгублена глядзеў у змрок. Вядома, Хакімава не пакінеш, прыйдзецца несці з сабой. Але як? I да якога часу? I што з ім рабіць заўтра? Усё было трудна, незразумела і кепска, але лейтэнант з усяе сілы стараўся ўтаіць ад іншых свой клопат. У той справе, дзеля якой яны ішлі, ён павінен ведаць усё, усё ўмець і знешне павінен заставацца ўвасабленнем абсалютнай упэўненасці.