Выбрать главу

— Так. Перавязалі? Рабіце звязку з лыж. Што, не ўмееце? Півавараў, давай палатку, — з трохі фальшывай бадзёрасцю закамандаваў лейтэнант. — Хутчэй, хутчэй!..

— Хіба так пацягнеш? — усумніўся Краснакуцкі.

— Пацягаеш, Знімай з вінтоўкі рэмень. Давай хто яшчэ свой. З яго таксама ўсе рэмні зніміце. Забярыце патроны. Усе, усе. I гранаты таксама. Суднік, забяры гранаты. Цяпер бярыцеся ўдвох. Адзін за рэмень. Так. Вы, Півавараў, страхуйце ззаду. Смялей, смялей, не бойцеся.

Як-колечы ўклаўшы на лыжную звязку параненага, яны павалаклі яго ў хмызняк. Атрымалася не вельмі каб зграбна — грувастка і нязручна, лыжы раз’язджаліся на снезе, а цела параненага ўвесь час перавальвалася з боку на бок. Ззаду цягнулася глыбокая баразна ў снезе. Невядома, колькі так можна было працягнуць.

Але іншага выйсця ў іх не было. Адсюль да сваіх не адправіш, пакінуць таксама не было дзе. Вядома, цяпер ім прыйдзецца патузацца. Цяпер ужо наўрад ці яны паспеюць да ранку. Яны нерашуча прабіраліся цераз хмызняк. Часта спыняліся, папраўлялі лыжы, ледзьве ўтрымліваючы на іх Хакімава. Цяшуў Краснакуцкі; Півавараў, сагнуўшыся, папіхаў і падтрымліваў. Лукашоў, ідучы ззаду, часам памагаў, пакрыкваючы на абодвух.

На шчасце, хмызняк не завёў іх у лес, як таго асцерагаўся Іваноўскі, і праз якіх паўгадзіны яны зноў апынуліся ў полі. Вецер тут і яшчэ памацнеў, у доле гуляла мяцеліца. Наскрозь перасыпаныя снегам, яны выбраліся на чыстае і спыніліся, каб саўладаць з дыханнем.

— Дык што ж рабіць, лейцінант? — заклапочана выпрастаўся Лукашоў. — Так мы яго і будзем цягнуць?

— А што рабіць? Што вы прапануеце? — з відавочным незадаволеннем спытаўся лейтэнант.

— Можа б, пакінулі дзе? Калі ў вёсцы якой? Ці хоць бы ў якой пуньцы?

— Не, не пакінем, — цвёрда сказаў Іваноўскі. — I хопіць пра гэта.

— Што ж, хопіць, дык хопіць, — раптам згадзіўся Лукашоў. — Толькі ці далёка так пройдзем?

— Трэба хутчэй, — ухапіўся лейтэнант. — З усяе сілы хутчэй! Панятна?

Не азірнуўшыся і прыкметна асядаючы на правую нагу, ён пайшоў у цемру. За ім падаліся на лыжах астатнія.

Усе зморана, паныла маўчалі.

5

Ранейшы тэмп гэтай шалёнай гонкі быў канчаткова страчаны, каторую гадзіну яны валакліся ў завеі, як сонныя мухі, і лейтэнант клапаціўся толькі пра тое, каб не згубіць напрамку. Раз за разам ён спыняўся, трэба было зарыентаваць компас і пачакаць валакушу з Хакімавым. Краснакуцкі і Півавараў выбіваліся з сілы, ды і сам ён хістаўся ад знямогі, у галаве п’яна круцілася ад ветру, важка адцягвала плечы зброя, усё больш балела нага. Але ён па-ранейшаму ішоў наперадзе, і, надзіва, ад яго ні на крок не адставаў Суднік. Баец быў нагружаны звыш меры: апроч сваіх бутэлек з КС, нёс яшчэ дзве кілаграмовыя гранаты Хакімава, яго вінтоўку, якую яны не кінулі, і яго рэчмяшок.

У цемры ім неяк трапіўся завеяны снегам стажок, згледзеўшы які, лейтэнант збочыў з прамой і праз хвіліну знясілена ткнуўся плячом у прысыпанае снегам, але па-ранейшаму поўнае летняга водару сена. Ногі яго на лыжах неяк слізка паехалі ўбок, і ён мякка споўз целам у затрэсеную сенам гурбіну. Некалькі секунд ціха ляжаў у салодкай знямозе, закрыўшы вочы і адчуваючы, як усё пад ім закружылася ў нейкім сонным бяздумным карагодзе. Спалохаўшыся, што засынае, ён вялізным намаганнем волі прымусіў сябе падняцца. Не, здаецца, ніхто не заўважыў гэтае яго хвіліннай слабасці, ад якой ён сумеўся ў тую хвіліну болей чым ад чаго-небудзь Іншага. Тым часам падышоў да стажка Суднік, прыцягнулі палатачную валакушу з Хакімавым. Апошні, таксама знямогла, выпаўз са змроку Лукашоў. Усе моўчкі пападалі пад стажком.

— Многа яшчэ? — натужліва выдыхнуў замыкаючы.

— Нямнога, нямнога, — з ненатуральнай бадзёрасцю адказаў лейтэнант. — Але трэба налегчы. Там шаша, яе мы павінны перайсці да світання. Удзень нічога не выйдзе.

— Так, усё ясна, — сказаў Лукашоў. — Тады патопалі.

— Ну, трэба ісці, — згадзіўся лейтэнант, аднак не знаходзячы ў сабе сілы адразу адарвацца ад мяккага боку стажка.

— Ну, узялі саначкі. Раз, два! — закамандаваў Лукашоў, і лейтэнант не першы ўжо раз адзначыў у думках, што гэты сяржант усё болей упэўнена стаў камандаваць у групе.