Ведама ж, так. Што разводзіць нейкія там хітрыкі, думаў Сцяпан. Слухаючы нетаропкую гаману-спрэчку, ён пазбыўся першага міжвольнага сумнення наконт маслакоўскай задумы і ўзняў на Брытвіна крыўдлівы, амаль злы позірк.
— Не такія нішчылі. Аж трэскі ляцелі. I не палохаліся. Ён знарок сказаў так груба і задзірліва, каб зачапіць Брытвіна, над якім тым самым сцвярджаў нейкую сваю калі не перавагу, дык ва ўсякім разе не прызнаную ім годнасць. Праўда, гэта выглядала трохі самаўпэўнена, можа нават легкадумна, але ён ужо адчуў у сабе прыемны халадок помслівай рашучасці і ведаў, што не саступіць. Брытвін насупіўся.
— Хто гэта — нішчылі?
— А мы.
— Гляджу: разумныя вельмі,— з’едліва сказаў былы ротны. Было прыкметна, аднак, што ён асцярожнічаў, можа хітрыў, тым самым паслабляючы ў сабе звыклую камандзірскую самаўпэўненасць, якая нядаўна яшчэ трымала Сцёпку наводдалі. Адчуўшы гэта, хлопец ужо шыбаваў напралом, беручы на сябе яшчэ больш, абы толькі дапячы Брытвіну за нядаўнюю яго пагарду.
— Ды ўжо ж баяцца не будзем. За шкуру дрыжаць.
З рову, шорхаючы кажухом у голлі, зморана вылез Даніла і стаў ззаду, прыслухоўваючыся да размовы.
— Што ж, пабачым! — раптам рашуча аб’явіў Брытвін.
— Пабачыце.
— Ладна, годзе! — прыкрыкнуў Маслакоў. — Прыйдзем, агледзімся, вырашым на месцы. Трымай стрэльбу.
Не ўстаючы, ён шпурнуў у Сцяпанавы рукі вінтоўку, якую на гэты раз той са спрытным ляскам ухапіў за ложу.
— Абы дажджу не было. — Маслакоў паглядзеў на неба. Астатнія, апроч Брытвіна, таксама паднялі галовы. Бялявая смута там, здаецца, гусцела, небасхіл за раўком нават падазрона засінеўся. Падобна — сапраўды збіралася на дождж.
— Нешта хмарыцца, — няпэўна сказаў Даніла.
— Відаць, што хмарыцца. Маслакоў энергічна ўстаў на ногі.
— Ну, патопалі! Даніла, бяры каністру. Тоўкач сваё аднёс.
5
Яны выходзілі з Грыневіцкага лесу, ельнік радзеў — мабыць, канчаўся, шырэй раздалося неба над галавой, побач ужо праглядваў узлесак. Раптам Маслакоў коратка кінуў: «Чакайце!» — і, крута збочыўшы са сцежкі, схаваўся ў суцэльным зялёным гушчары хвойнага падлеску. Астатнія трое спыніліся з лёгкім недаўменнем на тварах. Даніла, адсопваючыся, адразу паставіў каністру і сеў, Брытвін засцярожліва глядзеў у гушчар. Сцёпка счакаў трохі, потым паклаў на траву вінтоўку і, стаўшы на калена, пачаў падкручваць завязку на боце, які ашчэрыўся так, што вылезла ануча. Але не паспеў хлопец развязаць драцяны вузел, як з гушчару данеслася:
— Сюды давай!
Не цямячы навошта, яны нездаволена падняліся і таксама палезлі ў ельнік, які густа пах маладою жывіцай і калюча чапляўся суччам за вопратку. Расхінаючы тугое калючае голле і ўгінаючы галаву, Сцёпка, аднак, неўзабаве вылез на вальнейшае месца. Тут быў край лесу. Над маладым ельнічкам на выспе ўзвышаліся дзве абымшэлыя таўшчэзныя яліны з разлапістым голлем, якое панура звісала з вышыні. Пад бліжняю з гэтых ялін нечага таптаўся, узіраючыся ў дол, Маслакоў.
— Давайце паправім хуценька.
У доле неглыбокай правалінай азначылася нясвежая, мусіць, леташняя, магілка. Нядбайна накапаная зямля асела, берагі абсыпаліся. Маслакоў пачаў ботамі гарнуць з бакоў да яе пясок. Даніла паставіў каністру.
— Што, знаёмы? — запытаў Брытвін.
— Двое нашых: Кудрашоў і Богуш. Увосень у Стараселлі на засаду наскочылі.
Сцёпка прыхінуў да елкі вінтоўку і без лішніх роспытаў падаўся да камандзіра. Каб зусім не застацца разутым, сунуць пясок ботамі яму не выпадала, і хлопец следам за Маслаковым пачаў далонямі разроўніваць зямлю па форме магілкі. Даніла з Брытвіным няпэўна глядзелі зводдаль.
— Ну, што? — падняў галаву камандзір. — Давай, Шпак, дзярна пашукай. Абкласці ж трэба.
Даніла моўчкі выцягнуў з ножнаў на дзязе нямецкі штык-цясак і стомленым крокам неахвотна паплёўся да ўзлеску. Брытвін сеў насупроць пад елкай.
«Падла! — шлёпаючы далонямі па воглай зямлі, думаў Сцёпка. — Баіцца рукі запэцкаць. Начальнік!»
Пакуль яны ўдвух завіхаліся над магілкай, Даніла ў пале кажуха прынёс тры скібы дзёрну, вываліў іх побач. Маслакоў паклаў дзярніны на край магілкі — іх было, вядома, замала. Тады з-пад елкі нецярпліва падняўся Брытвін.
— Дай штык! А то правалаводзішся тут…Даніла аддаў штых, і Брытвін рашучым крокам рушыў з выспы да ўзлеску. Трохі памарудзіўшы, Даніла пайшоў следам. Сцёпка падумаў, што і яму трэба ўключыцца ў гэтую працу, але перш чым выправіцца туды, ён сказаў Маслакову:
— Каб ведаў, не пайшоў бы. Камандзір выпрастаўся.