А пасля завёўся і школьны шпак. Не мог ляцець у вырай, адстаў увосень ад шпачынае грамадкі, злавілі яго на лузе, мокрага дахадзягу, і Мароз таксама пасяліў яго ў школе. Спярша лётаў па класе, а пасля змайстравалі клетку, але клетку найбольш дзеля таго каб не з’еў кот. Ну, вядома, быў там і кот, сляпое такое бездапаможнае стварэнне, якое нічога не бачыць, а толькі мяўкае, есці просіць.
Тым часам цямнела. Шэрая даўжэзная стужка дарогі, выгінаючыся па пагорках, знікала ў прыцьмелай далечыні. Далягляд ціха марнеў у змрочным тумане, аселі ў вечаровай смузе палі, а лес зводдаль усё болей рабіўся цьмянай глухой паласой. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўпым колерам, толькі заходні небакрай ззаду яшчэ свяціўся залаціста-шэрай смутой. Машыны па шашы ўжо ішлі з уключанымі фарамі, але, як на злосць, усе з горада, нам насустрач. Пасля нікеляванай «Волгі», нас не абагнала ніводная машына. Слухаючы Ткачука, я час ад часу азіраўся назад і яшчэ здалёку згледзеў на шашы дзве кропкі па-вечароваму зыркіх фараў.
— Аўтобус, — сказаў Ткачук з упэўненасцю.
Мабыць, мой спадарожнік быў дальназоркі, бо я на такой адлегласці не мог адрозніць легкавушкі ад грузавой, ён жа разгледзеў, што гэта менавіта аўтобус. I праўда, яшчэ праз нейкі нядоўгі час мы ўжо абодва ўбачылі на шашы вялікі шэры аўтобус, які хутка наганяў нас. Вось ён на момант знік у нябачнай адсюль лагчынцы, каб затым з яшчэ большым імпэтам вынікнуць бліжэй, з-за пагорачка; выразней сталі калючыя агеньчыкі яго фараў і нават стала прыкметна, як цьмяна адсвечваў яго салон. Аўтобус, аднак, замаруджваў хаду, міргнуў адной фарай і стаў, трохі ўзяўшы да абочыны. Ён не даехаў да нас можа метраў з трыста, і мы, раптам падхопленыя надзеяй пад’ехаць, памкнулі абодва насустрач. Я трохі паспешліва сарваўся з месца бягом. Ткачук таксама паспрабаваў бегчы, ды хутка адстаў, але я думаў, што трэба хоць мне паспець — я б пастараўся і для майго спадарожніка.
Бегчы было ўвогуле лёгка, трохі ўніз, падэшвы гучна ляскалі па гладкім уезджаным асфальце, аж забалела ў ступнях. Здавалася, аднак, — не дабяжым, аўтобус вось-вось кранецца, ды пакуль што ён стаяў. З яго нават хтось выйшаў, мабыць, вадзіцель, пакінуўшы расчыненыя дзверцы, абышоў ззаду і там нечым разы два бразнуў. Я ўжо быў зусім блізка і яшчэ болей напяў свае сілы, здалося — дабягу, як вадзіцель ускочыў у кабіну, і аўтобус сарваўся з месца.
Не жадаючы ўсё ж развітвацца з надзеяй, я спыніў бег на асфальце і шалёна замахаў рукой: маўляў, стой, вазьміце ж! Мне нават здалося, што аўтобус прытармазіў, і тады я зноў кінуўся да яго ледзь не пад самыя колы. Але на хаду адчыніліся дзверцы кабіны вадзіцеля, і праз узнятую аўтобусам віхуру на дарогу вылецела:
— Няма, няма астаноўкі. Чашы далей…
Я застаўся адзін сярод гладкае паласы асфальту, Удалечыні сцішана гудзеў матор камфартабельнага «Ікаруса», зводдаль на пагорачку стрымана маячыла цьмяная постаць Ткачука. «Каб ты спрах, гад!» — вырвалася з душы, як праклён, — трэба ж было падмануць гэтак. Было прыкра, быццам мне ўчынілі якую подласць, хоць я разумеў, што ніякая гэта не подласць і не такое ўжо няшчасце — сапраўды, хіба тут была астаноўка? А калі не было, дык навошта гэтаму міжгародняму хуткаснаму экспрэсу падбіраць усіх валацуг — для таго, мусіць, ёсць аўтобусы мясцовых ліній.
Напэўна, я выглядаў надта маркотным, калі дабрыў да Ткачука, які дачакаўся мяне і спакойна зазначыў:
— Не ўзяў? I не возьме. Яны такія. Раней бы ўсіх сабраў, каб рубля зарабіць. А цяпер зарабіць нельга — кантроль, ну і жме. На злосць быццам сабе і другім.
— Кажа, астаноўкі няма.
— Але ж спыняўся. Мог бы… Ды што там. Я ўжо ў такіх выпадках маўчу: сабе дзешавей абыходзіцца.
Мабыць, ён быў правы: не трэба было спадзявацца — не было б і расчаравання. Значыць, будзем топаць памалу далей. Трошкі, праўда, прытаміліся ногі, але калі мой старэйшы спадарожнік маўчаў, дык і мне, мусіць, належала сябе паводзіць спакойней.