Выбрать главу

Сяджу мокры, не знімаючы армяка, і ён урэшце прысеў на лаўцы. Капцюшку паставіў на табурэт. «Як жывем?» — пытаюся. — «Ведама як. Кепска». — «А што такое?» — «Усё тое ж. Вайна». — «Аднак, чуў, на табе гэта мала адбілася. Усё вучыш?» Ён кісла, адным бокам твару, усміхнуўся, паўзіраўся ўніз на капцюшку. — «Трэба вучыць». — «А па якіх праграмах, цікава? Па савецкіх ці па нямецкіх?» — «Ах, во вы пра што!» — кажа ён і ўстае. Пачынае хадзіць па хаце, а я незнарок, пільна так сачу за ім. Маўчым абодва. Пасля ён спыняецца, нядобра зырае на мяне і кажа: «Мне некалі здавалася, што вы — разумны чалавек». — «Магчыма, і быў разумны». — «Дык не задавайце тады неразумных пытанняў».

Сказаў, як адрэзаў, і змоўк. I, ведаеш, мне стала трохі не па сабе. Адчуў, што, мабыць, даў маху, змарозіў глупства. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў ім! Ведаючы, як ён тут жыў і чым быў раней, як можна было падумаць, што ён у тры месяцы перарадзіўся. I, знаеш, я адчуў без слоў, без запэўнення і бажбы, што ён наш — чэсны, харошы талавек.

Але ж гэтая школа! I з дазволу нямецкіх улад…

«Калі вы маеце на ўвазе маё цяперашняе настаўніцтва, дык адкіньце вашы сумненні. Благому я не вучу. А школа патрэбна. Не будзем вучыць мы — будуць абалваньваць яны. А я не затым тут два гады ачалавечваў гэтых рабят, каб цяпер іх расчалавечылі. Я за іх яшчэ пазмагаюся. Наколькі змагу, вядома».

Так ён гаворыць, шкандыбаючы па хаце, і не глядзіць на мяне. А я сяджу, грэюся і думаю: а што, калі ён і сапраўды правы? Немцы ж таксама не дрэмлюць, сваю атруту ў мільёнах лісткоў і газет сеюць па гарадах і вёсках, сам бачыў, чытаў штокольвечы. Так складна пішуць, так зманліва хлусяць. I нават партыю сваю як назвалі: нацыянал-сацыялісцкая рабочая партыя. I быццам гэтая партыя змагаецца за інтарэсы германскай нацыі супраць капіталістаў, плутакратаў, яўрэяў ды бальшавіцкіх камісараў. А моладзь ёсць моладзь. Яна, брат, як малеча на дыфтэрыт: заразлівая на розныя незразумелыя штучкі. Старэйшыя — тыя ўжо разумеюць такія хітрыкі, рознага нагледзеліся ў жыцці. А маладзейшым?

«Цяпер усе хапаюцца за зброю, — кажа Мароз і ўсё ходзіць па хаце. — Патрэба ў зброі, як, мусіць, і заўжды ў вайну, стала большая за патрэбу ў ведах. I гэта зразумела: ўвесь свет узброіўся. Але каторым патрэбна вінтоўка, каб страляць у немцаў, а каторым — каб перад сваімі выпендрывацца. Але ж перад сваімі зброяй фарсіць куды больш бяспечна ды і прымяніць яе можна беспакарана, вось і знаходзяцца, што ідуць у паліцыю. Думаеце, усе разумеюць, што гэта значыць? Далёка не ўсе. Не задумваюцца многія, што будзе далей. Як далей жыць. Ім бы толькі атрымаць вінтоўку. Вунь у раёне ўжо і паліцыю набіраюць. I з Сяльца двое туды падаліся. Што з іх будзе — не цяжка сабе ўявіць».

I гэта праўда, думаю сабе. Але ўсё ж такі гэты Мароз добраахвотна працуе пад нямецкай уладай. Як тут быць?

I раптам, памятаю добра, падумалася неяк само сабой: ну і хай! Хай працуе. Не важна дзе — важна як. Хоць і пад нямецкім кантролем, але, напэўна, ужо ж не на немцаў. На нас працуе. Можа не так на наша цяперашняе, дык на наша будучае. Бо будзе ж і ў нас будучае. Павінна быць. Іначай навошта тады і жыць? Адразу галавой у прорву і — канец.

Але, аказваецца, Мароз гэты працаваў не толькі дзеля будучага.

Гадзіна, мусіць, ужо мінула, я пабаяўся за пракурора, выйшаў паклікаць яго. Той спярша ўпіраўся, не хацеў ісці, але сцюжа даняла, пабрыў следам. Павітаўся з Марозам стрымана, не адразу ўключыўся ў размову. Але спакваля асмялеў. Яшчэ пагаварылі, затым распрануліся, сталі сушыцца. Марозава бабка нешта паставіла на стол, і нават бутэлечка, мутнай, праўда, знайшлася.

Так парадкам мы пасядзелі тады, пагаварылі па шчырасці аб усім. I трэба сказаць, мабыць, тады ўпершыню я адкрыў, што Мароз гэты — не нам раўня, разумнейшы за нас абодвух. Вось так здараецца, што калі часам усе робяць разам, па адных правілах, дык здаецца тады, што і на розум усе аднолькавыя. Але калі жыццё развядзе па сваіх розных сцежках, ва ўсе бакі і раптам неспадзявана нехта вырываецца, вылучаецца ад іншых, тады мы здзіўляемся: глядзі, а быў як усе. Здаецца, і не разумнейшы за іншых. А як падскочыў.

Вось тады і я так адчуў, што Мароз сваім розумам бярэ шырай за нас, глыбей. Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым — пад’есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць, — ён думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Ён і на гэтую акупацыю глядзеў як бы знутры і бачыў такое, што мы не заўважылі. Галоўнае, ён яе болей маральна адчуваў, з духоўнага боку, ці што. I знаеш, нават пракурор мой гэта адчуў. Калі мы ўжо добра нагаварыліся, зусім збліжэлі адзін да аднаго, я і кажу Марозу: «А можа кідай усю гэту шарманку ды айда з намі ў лес. Партызаніць будзем». Памятаю, Мароз насупіўся так, зморшчыў лоб, а пракурор тады і кажа: «Не, не трэба. Які з яго, кульгавага, партызан! Ён тут нам болей патрэбны». I Мароз з ім пагаджаецца: «Цяпер, мусіць, мне тут болей да месца. Усё ж мяне тут кругом ведаюць, памагаюць. Хіба калі ўжо нельга будзе…»