— Ну.
— А куды ў школу хадзіў? Не ў Сяльцо?
— Да пятага класа ў Сяльцо.
— Ну во бачыш, — шчыра ўзрадаваўся Ткачук. — У Міклашэвіча, значыць, вучыўся. Я так і ведаў. Міклашэвіч умеў вучыць. Яшчэ тая закваска, адразу відно.
«Што праўда, то праўда, — падумаў я. — Пэўна відаць: пашэнціла гэтаму Сяльцу на настаўнікаў, дай бог на болей такіх».
— А ён, гэты Віктар ваш, хто? Робіць дзе? — яўна зацікаўлены павярнуўся да возчыка Ткачук.
— Ды малады яшчэ. На настаўніка вучыцца.
— Малайчына. Вось бы і яго ў тое Сяльцо. На змену. Трэцяе пакаленне, брат, ідзе… Хаця гэты з вышэйшай у пачатковую не пойдзе. Калі талковы, у горадзе засядзе: аспірантура, кандыдантура і так далей.
Апошнія словы Ткачука прагучалі са шкадаваннем, і мне раптам таксама дужа захацелася, каб гэты незнаемы Віктар сапраўды трапіў у Сяльцо. Увогуле гэта было б здорава. Хоць, зрэшты, хіба так важна, куды накіруюць будучага настаўніка.
— Знаеш, я дык не згодны, — натрапіўшы на нешта сваё, пачаў рязважаць Ткачук. — Навука навукай, але і чорную работу рабіць траба. Калі разабрацца, дык яна, можа, яшчэ важней за навуку. А то як толькі дзе хто аб’явіцца лепшы, дык адразу яго ў навуку… Зноў жа, і прабіўныя, тых ад яе за вушы не адцягнеш. А кандыдата атрымаў — і не чухаецца. Усё жыццё казну доіць. А запытай: каму яна патрэбна, тая іх педнавука? У той жа час паглядзі ў школах: рэдка дзе прашмыгне мужчына. Скрозь жанчыны. Я нічога не маю проці жанчын, ёсць і сярод іх слаўныя настаўніцы. Але ж настаўніца для дзяўчат, для малых яшчэ куды ні гадзіцца, а для падлеткаў? Ды і для старэйшых мужык патрэбны. Бо што жанчына: у яе самой дзеці, гаспадарка, муж, сталаванне, уборы-прыборы. Вучням яна дай бог калі выдзеліць які мінімум. А ім, брат ты мой, калі хочаш харошым быць, аддай усяго сябе. Тады ты для іх станеш ідэалам, прыкладам, з якога робяць жыццё. Во як той Сухамлінскі з Паўлыша або як Макаранка быў. А прападавацеляў розных прадметаў яны і ў грош не цэняць. Цяпер між іх саміх такія знаўцы водзяцца, што не горш за настаўніка разбяруцца. I ў матэматыцы, і ў літаратуры.
Машыны хутка ляцелі насустрач і яшчэ здадёку асляпілі нас зіхоткім патокам промняў. Возчык рупна збочыў з фурманкай, конік запаволіў хаду, і яны з ровам прамчаліся міма, сцебануўшы па возе шчэбенем з-пад колаў. Стала зусім цёмна, і з паўхвіліны мы слепа ехалі ў гэтую цемрадзь, не бачачы дарогі і даверыўшыся каню. Ззаду па шашы хутка аддаляўся, меншаў магутны нутраны гул дызеляў.
— Дарэчы, вы не даказалі… Дык як яно тады з Марозам абышлося? — напомніў я Ткачуку.
— Ге, каб жа абышлося. Тут доўгая яшчэ гісторыя. Ты, дзед, Мароза не ведаў? Ну, настаўніка з Сяльца? — звярнуўся ён да нашага возчыка.
— Таго, што тады ў вайну?.. А як жа! Яшчэ манго племяша разам загубілі.
— Гэта каго?
— А Бародзіча. Гэта ж пляменнік мой. Сястры роднай сын. Як жа, ведаю…
— Дык во я таварышу ўсю гэту гісторыю расказваю.
— Ты то ведаеш, значыць? А то можаш даслухаць, мабыць, не ўсё чуў. У лесе ж, мусіць, не быў? У партызанку?
— А як жа! Быў,— крыўдліва азваўся чалавек. — У таварыша Куруты. Вазіў раненых. Санітарам рабіў.
— У Куруты? Камбрыга Куруты?
— Ну. Ад вясновага Міколы ў сорак трэцім і да канца. Як нашыя прыйшлі. Лічы, больш года.
— Ну, Курута не нашай зоны.
— Мала што. Нашай не нашай, а быў. Медаль маю і дакумент, — ужо зусім закрыўдаваў стары. Ткачук паспяшаўся змякчыць гаворку:
— Ды я нічога, я так. Маеш — насі на здароўе. Тут мы пра іншае… Мы пра Мароза.
— На першым часе ўсё ў яго ішло добра. Немцы і паліцаі пакуль не чапляліся, мабыць, сачылі здаля. Адно, што тачыла яго сумленне і што ён перажываў доўга, — дык гэта ўдовіны дочкі. Тыя во дзве дзяўчынкі, якіх ён некалі адводзіў дадому.
Улетку сорак першага, якраз перад вайной, паслаў іх у піянерскі лагер пад Навагрудак — арганізоўвалі тады першы раз такія міжраённыя піянерскія лагеры. Маці не хацела пускаць, баялася — вядома, вясковая баба, далей раёна нідзе не была, а ён угаварыў, думаў дзяўчатам харошае зрабіць. Толькі паехалі, а тут вайна. I прапалі малыя. Мінула ўжо колькі месяцаў, а ад іх ні слыху ні дыху. Вядома, маці ўбіваецца, ды і Марозу праз тое не соладка. Як-ніяк, яго ўсё ж віна. Точыць сумленне, а што зробіш? Так і па сёння прапалі дзяўчаты.