Выбрать главу

— Дзякуй, — сказаў ён. — І дай бог вам здароўя, добрыя людзі. І трошкі яшчэ пажыць на гэтым свеце. Я тут, ведаеце, па ўзроўку прайдуся. Надвор’е харошае…

— Ну што ж, яно можна, — пагадзіўся Хаміч.

Пасялкоўцы развіталіся, таропка падаўшы Агееву шурокія рукі з цвёрдымі вузлаватымі пальцамі, і палезлі ў гарод. Агееў праводзіў іх раптам затуманеным паглядам і нетаропка пабрыў па ўзроўку пад суцэльнай сцяной драбналесся, шукаючы якой-небудзь сцежкі. Павінна ж яна недзе быць, гэтая сцежка, якая, думалася яму, яшчэ раз выведзе яго да пустога падворка Бараноўскай — застаронка, гарышча і Марыі — да яго даўняга страшнага мінулага…

Ляжаць было жахліва нязручна — мала, што цвёрда на няроўным каменным доле, дык яшчэ і не было куды выпрастаць ногі, якія ўвесь час упіраліся ў сцяну. Агееў не ведаў, што гэта было — карцэр, які ізалятар ці проста цесны закутак у царкоўным склепе, куды яго прывялі ноччу два маўклівыя канваіры з ліхтарыкам. Тут нікога болей не было чуваць, не далятала ніводнага гуку знадворку, і Агееў падумаў, што ён тут адзін. Спярша ён сядзеў, прыхінуўшыся спіной да сцюдзёных камянёў сцяны, потым устаў, пастаяў, зноў сеў. Пасля ўсяго перажытога за дзень уладарна даймала стома, хацелася легчы, ды ляжаць можна было хіба падкурчыўшы ногі. Але ў такім стане ногі нясцерпна нылі ў каленях, асабліва левая, хворая нага, ён увесь час варочаўся, вырушыў імі, хваравіта шукаючы лепшага месца, якога тут не было. Пакутуючы, ён чакаў, што яго павядуць на допыт або расправу — усё ж павінен Драздзенка спрабаваць з яго нешта выцягнуць перш, чым яго расстраляюць або павесяць. Але ішоў час, пакутна нылі на камянях яго косці, ад стомы звінела ўвушшу, а па яго ніхто не ішоў. І ён думаў, пакутаваў у неспакойным чаканні, шукаў прычыны свайго правалу, хоць шукаць ён мог, толькі мяркуючы і згадваючы без жаднае пэўнасці.

Галоўнае і самае жахлівае для яго было, аднак, зразумела: Марыя папалася. Яны яе ўзялі, мабыць, з яе ношай. Але як яны даведаліся пра яго? Выдала Марыя — прагаварылася, назвала? Канечне ж, магчымасцей дамагчыся, чаго ім хацелася, у іх хапала, тым больш ад такога нявопытнага, зялёнага дзяўчаці, напэўна ж, сілы для таго яны не шкадавалі. Але ўсё ж… Усё ж ён не хацеў верыць, што яна так хутка выдасць яго. Яна не магла яго выдаць, бо яна кахала яго, і такі ўдар з яе боку быў бы для яго страшней за правал, горш за пагібель.

Аднак і нічога іншага ён прыдумаць не мог — пра іхнія адносіны не ведала ніводная душа ў мястэчку — ні суседзі, ні паліцыя, ні нават свае. Як паліцыя магла звязаць яе з ім? Ды ўжо праз некалькі гадзін пасля яе арышту?

Напэўна, там, на сядзібе, яны рабілі вобыск — пераварочвалі ўсё дагары нагамі, як сказаў Драздзенка. Для таго, аднак, ім трэба пастарацца нямала — сядзіба вялікая. Але што яны знойдуць? Хіба парожнюю торбу ад толу, ягоныя дакументы… Ды яшчэ пісталет. Пісталет ён, канечне, дарма схаваў так блізка ад застаронка, усё роўна той не спатрэбіўся, а знойдуць — будзе ўліка. Хаця, як ні дзіўна, цяпер ён не надта перажываў за ўлікі, чамусьці ўсё зрабілася яму абыякавым, ён адчуваў, што галоўнае і самае страшнае ўжо адбылося і нічога паправіць нельга. Цяпер толькі б не дужа білі, толькі б хапіла сілы і волі па-людску скончыць жыццё.

Яшчэ яго турбаваў лёс Малаковіча, ці не праваліўся і ён на гэтай перадачы, калі, не дай бог, Марыю схапілі на станцыі, ля качагаркі. Тады маглі ўзяць абаіх. Можа, і яго зачапілі праз Малаковіча, усё ж пранюхаць аб іхняй сувязі было няцяжка. Маглі і здагадацца. Але дзе Малаковіч? Яшчэ на волі ці таксама сядзіць? Ці, можа, забілі? Усё ж у яго быў пісталет, і калі не пры сабе, дык, мабыць, бліжэй, чым у Агеева. А рашучасці ў гэтага лейтэнанта хапала, Агееў гэта ведаў даўно.

Неяк, аднак, неўпрыкмет для сябе задрамаў на падлозе — знерухомеў у скурчанай, нязручнай паставе і тут жа прахапіўся, пачуўшы невыразны рух за дзвярыма. Не было сумнення — ішлі да яго, і ён сеў, асільваючы сутаргавы боль у нагах, з натугай расплюшчыў вочы. У камеры ўжо стала відней, аднекуль праз маленькае акенца пад столлю цадзілася цьмянае святло першага ранку. Дзверы расчыніліся, але ён усё сядзеў, яшчэ не разумеючы, што трэба рабіць.

— Ну!

Гэта прагучала спакойна і ў той жа час са стрыманай злой пагрозай, якая дала Агееву зразумець, што трэба ўставаць і ісці. Праз цёмны падземны праход яны выйшлі да замшэлых каменных прыступак, і ён аслабела і паволі стаў паднімацца са склепа.

Тут ужо было відна, мабыць, толькі што настаў ранак. У сцюдзёным небе хутка мчалася шызае клочча аблокаў, дзьмуў моцны вецер — дробна трымцела паверхня дзвюх лужын ля сцежкі. Воддаль, за чорнымі надмагільнымі крыжамі, высілася некалькі магутных клёнаў з парадзелай рудой лістотай; такой жа лістотай была абсыпана дробная зялёная траўка ў куце мураванай агароджы царквы. Хістаючыся ад слабасці, Агееў пратупаў крайком лужын да вузенькіх веснічак пад цаглянай стральчатай аркай. Праседзеў ноч у царкве, не без іроніі падумаў ён, і не памаліўся… Усё ж шкада, не ўмеў, не навучылі. А можа, было б дарэчы ў ягоным становішчы…