За варотцамі адкрывалася шырокая, уся ў дробных лужынах і гразі, мабыць, кірмашовая плошча з плямамі конскіх круглякоў і рэштаю натрэсенага пасля кірмашу сена. Насупраць ля тэлеграфнага слупа з падпорынай стаяла фурманка, у якой нерухома сядзела старая цётка, а побач, мабыць, месцячыся, каб зручней сесці, корпалася цёпла і тоўста апранутая чырванашчокая маладуха; яна ўбачыла іх у варотцах і пужліва знерухомела, разявіўшы рот. Агееў азірнуўся на канваіра — то быў, здаецца, той самы рупны, ціхманы паліцай, што прывёў яго сюды ноччу, — танклявы малады хлапец са смуглявым усходнім тварам і вусікамі, апрануты ў паношаны чарвонаармейскі шынель са слядамі ад пятліц на каўняры, ён неяк загадкава — з затоеным страхам або трывогай — зірнуў на Агеева, і той ціха спытаў:
— Куды цяпер?
— Прама, — кіўнуў канваір, для пэўнасці ткнуўшы перад сабой ствалом рускай вінтоўкі.
Прама — значыць цераз плошчу і невялічкі сквер з маладых, амаль ужо голых тапалькоў да прысадзістай драўлянай будыніны — якой установы ці раённай бальніцы. Цяпер там, канечне, ужо не бальніца…
Сапраўды, гэта была не бальніца, да вайны тут хутчэй за ўсё размяшчалася школа, а цяпер, мяркуючы па мностве мужчын са зброяй, сталявалася паліцыя. На Агеева тут не звярнулі вялікай увагі, хаця ўсе, хто сустракаўся яму на двары ці з цыгаркаю ў зубах бавіў час у калідоры, з нядобрым халадком у вачах праводзілі яго, пакуль ён ішоў наперадзе канваіра, за рог калідора, дзе было цішэй і жаўцелі асобныя дзверы ў сцяне. Перш чым увайсці ў іх, канваір нямоцна пастукаў.
— Можна, начальнік?
— Давай сюды, Чарамісін, — пачулася з пакоя, калі дзверы адчыніліся. — А сам пачакай там…
Агееў ступіў у пакой і спыніўся. Мяркуючы па ўсім, тут быў кабінет дырэктара, мабыць, выкладчыка геаграфіі — з зашклёнай шафай у куце, глобусам на ёй. У прасценку паміж двума вокнамі вісела вялізная карта Эўропы, на фоне якой, грозна настырчыўшыся, стаяў начальнік паліцыі Драздзенка. Ён курыў і, як увайшоў Агееў, нервова пажаваўшы цыгарэту ў зубах, кінуў яе на падлогу.
— Ну, давай дамовімся. Будзем гуляць у жмуркі ці адразу папраўдзе? Падумай, што для цябе выгадней?
— Мне няма чаго думаць, — знарок пакрыўджана сказаў Агееў. Усё ж яму не было вядома, што яны дазналіся пра яго, у чым падазраюць.
— Ах, няма чаго думаць? — злосна здзівіўся Драздзенка. — Вельмі нават дарма. Я б на тваім месцы моцна задумаўся. Ёсць над чым.
Ён узяўся за спінку крэсла, але перш чым падсунуць яго і сесці, са значэннем паглядзеў на канец вялікага стала, дзе сярод папак і розных папер ляжалі нейкія рэчы. Зірнуўшы туды, Агееў адразу сцяміў, што ноччу яны, мабыць, папрацавалі няблага, добра перавярнулі сядзібу Бараноўскай. На стале ляжала акуратна, па-вайсковаму складзеная яго гімнасцёрка з трыма кубікамі ў чырвоных пятліцах, зверху на ёй — шырокі рамень, дакументы, паперы, камандзірскае пасведчанне і кандыдацкая картка, нейкая кніга без вокладкі. Пісталета, аднак, там не было. Драздзенка кіўнуў галавой.
— Ну, пазнаеш? Твае рэчы?
Агееў спакойна цепнуў плячмі.
— Гімнасцёрка мая. Дакументы, напэўна, таксама.
Драздзенка пасунуў з-пад стала крэсла і дэманстратыўна прыпадняў з яго злашчасную кашолку з чырвонымі ручкамі.
— А сумачка во гэтая?
Агееў амаль шчыра здзівіўся:
— З якой нагоды? Упершыню бачу.
— Значыць, не прызнаеш?
— Не прызнаю, — сцята сказаў Агееў.
— Добра, добра. Прызнаеш! — лёгка паабяцаў Драздзенка і, схапіўшы сумку, выдраў з яе каляную чорную вокладку, якую Агееў учора паклаў на дно. — А вот гэтую абложку?
Цераз стол ён кінуў яму складзеныя кардонкі вокладкі, Агееў, пра нешта ўжо здагадваючыся, пакруціў іх у руках, разгарнуў, склаў зноў.
— Не!
— Сукін ты сын! — злосна аб’явіў Драздзенка. — Можы, ты і гэтую кнігу тады не прызнаеш? Вось гэтую! З ададраным пераплётам! Во!
Дрыготкімі ад злосці рукамі ён торкаў яму цераз стол трэці том Дзікенса, і Агееў зразумеў, што прапаў. Яны параўналі гэтую вокладку з кніжкамі на гарышчы, і, хоць на вокладцы не значылася ніякае назвы, падабраць да яе кнігу, мабыць, было няцяжка. Трэба было яе ўчора спаліць ці кінуць куды далей з падворка. Але во не дадумаўся. А цяпер…