Дайсці да царквы ён ужо не меў сілы, і два паліцаі пацягнулі яго пад пахі. Свядомасць яго нібы растваралася ў туманным мроіве, і ён запомніў толькі свежы вецер на плошчы і трывожны варанячы вэрхал на дрэвах каля царквы. Ватоўку з яго садралі ў склепе, тонкая сацінавая кашуля была ўся падрана, правы рукаў адарваны зусім, усім сваім скрываўленым целам ён востра адчуваў сцюжу, яго біла дрыжака. Больш-менш выразна ён стаў адчуваць, як яго валаклі ў царкву і ён слізгаў па каменных прыступках, але паліцаі не далі яму ўпасці і хутка піхнулі кудысь у цёмны, здаецца, пусты закутак. Па крайняй меры, ён тут вольна выпрастаўся і, здаецца, страціў прытомнасць.
Апрытомнеў ці не ад жудаснай пякельнай смагі, усё ў ім смылела ўнутры, паліла адбітыя вантробы, але вакол панавала цішыня, мабыць, ён быў тут адзін. Ён застагнаў, слаба паварушыў рукой, наткнуўся пальцамі на штось ліпкае — кроў, можа, ці што? Тонкая саламяная падсцілка, здавалася, уся набрыняла гэтаю ліпкасцю — сырызнаю ці крывёй, ён перавярнуўся на бок і спрабаваў падняцца на локці. З грудзей вырваўся прыглушаны хрып.
— Эй, ці хто ёсць тут?..
Але тут не было нікога, вакол панавала немата, цемра, і ён упаў на бок, зноў трацячы прытомнасць.
Ён доўга праляжаў ва ўладзе зданяў і хаосу фантасмагорый, трызніў і пакутаваў ад болю і смагі. Увесь час яму здавалася вада. Спярша ён бачыў яе ў гарлачы, з якога прагна і доўга піў, але цёплая вада зусім не спатольвала смагі. Затым ён піў штосьці з дзіўнаватай пустой пасудзіны і, счакаўшы трохі, пакуль праяснее памяць, адчуў, што прыпадае да цёплай балотнай лужыны, якая таксама не давала палёгкі. Прага яго была наспатольнай, яна не сціхала, мяняліся толькі спосабы яе задавальнення, і гэтае пакутнае пітво толькі распальвала яго нутро. Зноў жа, у яго была гарачка, і прывідныя здані прычынялі яму не меней пакут, чым неспатольная смага.
Мабыць, так цягнулася доўга, ён перастаў адчуваць хаду часу і, калі трохі ачуньваў, зусім не ўяўляў, што на дварэ — дзень або ноч. Але вось свядомасць яго праяснілася, ён выразна адчуў сябе на падлозе і, асільваючы востры боль у баку, які яму дапякаў асабліва, памацаў побач рукамі. Рукі яго наткнуліся на сцяну, і ён знямогла, не адразу падняўся, прыхінуўся спіной да сцюдзёных сырых камянёў. Вачэй можна было не расплюшчваць, у падзямеллі панавала цемра, здаецца, тут не было ніякага акна ці, можа, на дварэ была ноч. Гарачка яго, магчыма, паменшала, але смага засталася ранейшай, здавалася, свядомасць яго зноў пачала туманіцца, і, каб не спазніцца, ён закрычаў з усёй сілы:
— Эй, піць! Дайце піць!
Замест крыку, аднак, у сутарэнні глуха прагучаў і захліпнуўся яго хрыплы шэпт, які наўрад ці хто тут пачуў. Агееў зноў паваліўся на дол — на слізкую саламяную падсцілку.
Аднак гэты раз ён быў пры памяці і, можа, упершыню падумаў пра свой лёс. Хаця які ўжо там лёс, думаў ён, засталіся рэшткі сілы ў знявечаным целе, і, мабыць, чым хутчэй яны скончацца, тым будзе лепш. У такіх пакутах жыць доўга нельга, ды і ці трэба. Нашто жыць, каму ад таго карысць? Хіба што паліцаям і немцам, якія нават на парозе смерці будуць катаваць, каб штосьці ад цябе дазнацца. «А што, калі…» — нясмела падумаў ён і зараз жа ўхапіўся за тую сваю нечаканую думку. Думка пра самагубства здалася яму найбольш прыдатнай, ён памацаў паясніцу — не, дзягі ў яго не было, мабыць, знялі ў школе, калі адчэплівалі ад падвескі. Можа, разадраць на палосы вышытую кашулю? Але ці вытрымае тонкая тканіна ягонае цела? Зноў жа, за што зачапіць? Напэўна, спярша трэба было знайсці які-небудзь крук, цвік у сцяне, краты ў акне ці яшчэ што. Новы намер захапіў яго, і Агееў пачаў пакутна мацаць рукамі па шархоткіх камянях сцяны, абследаваць усе яе выступы і ямкі. Пакуль што, аднак, не траплялася нічога прыдатнага. Ды і было нізка, трэба было пашукаць вышэй.
З натугай і дрыготкаю ў целе ён прыўстаў на каленях, болей абапіраючыся на правае калена, бо левае кепска згіналася ад пухліны і балела, памацаў над галавой. Але скрозь была амаль роўная мураваная сцяна, без асаблівых выступаў ці ямак. Ён не ведаў, у якім баку былі дзверы, і баяўся наткнуцца на іх, каб знянацку не выдаць сябе за гэтым заняткам. Усё трэба было зрабіць тайна і ціха. Але ён яшчэ не дайшоў да дзвярэй, як дзесь у сутарэнні пачуліся галасы, на сцяне ўзнікла светлаватая плямка, яна рабілася ярчэйшаю, і вось з таго боку глуха стукнула, падаючы, дзвярная засаўка. Дзверы расчыніліся. Нізка над парогам праз дужа задымленае шкло свяціўся агеньчык «лятучай мышы», ён ледзьве асвятліў некалькі пар запэцканых гразёю ботаў. Пярэднія з іх пераступілі парог, і ліхтар прыўзняўся, цьмяна асвятляючы частку долу з утаптанай саломай.