Выбрать главу

— Ну, дабіўся, чаго хацеў?

— Даб’ешся і ты. Таго ж, — у тон яму адказаў Агееў. — Падлюга!

— Ну, ну, не вельмі! Ці забыўся, што ў мяне? У блакноціку…

Агееў хацеў крыкнуць штось бруднае і зняважлівае, каб прынізіць гэтага начальніка хоць бы перад немцам, які стаяў на ўзбочыне і чуйна прыслухоўваўся да іх сваркі. Але не крыкнуў. Сапраўды, даў д’яблу распіску, цяпер той ёю распарадзіцца. Да самай магілы. А то і пасля магілы. Сволач прадажная…

Марудна, нібы на пахаванні, яны пераехалі роў, мінулі могілкі. Вараннё ўсё крычала — ад свайго беспрытульнага мноства, неўладкаванасці, сварліва змагаючыся за кожнае месца на дрэве, і гэты варанячы вэрхал замест пахавальнай музыкі доўга суправаджаў іх уначы. Зрэшты, Агееву было ўсё роўна, ён думаў толькі: ну, што яму гэтая дурная распіска цяпер, на апошнім шляху туды, адкуль ніхто не вяртаецца? Але ж во стрымлівала. Адбірала волю. Паралізавала бяздзеянем. Ашаламляла і нейтралізавала…

За могілкамі яны спыніліся і пастаялі нядоўга, чакаючы, пакуль Драздзенка з немцам кудысь хадзілі — уздоўж каменнай агароджы, вышэй, на пагорак. Агееў ужо ўвесь здранцвеў, унутры ў яго ўсё балела — ад катаванняў і сцюжы; шчаку і ніжнюю частку твару ён зусім перастаў адчуваць. Валасы зліпліся пад дажджом, і сцюдзёныя кроплі сцякалі за вушы, па шыі, па халоднай, здранцвелай спіне між лапатак.

— Так і захварэць можна, — са слязьмі ў голасе пажартаваў гаваркі Зыль.

— Ага, прастудзіцца, — з’едліва пагадзіўся Малаковіч, які ўвесь час ішоў ззаду, здаецца, знарок пазбягаючы суседства Агеева. І Агееў падумаў: хай! Можа, так яно і лепш для абодвух. Злосці на лейтэнанта ён ніякай не меў, той жа чагось не мог дараваць яму нават у такую хвіліну.

Фурманка збочыла з дарогі і па гразкай траве павалаклася ля могілак на пагорак. Іх пагналі следам. Дзесь там наперадзе маячылі постаці Драздзенкі і немца ў даўгім плашчы. Калі яны ўсе наблізіліся, іхняму позірку адкрыўся край высокага абрыву і шырокі кар’ерны правал унізе, добрую палову якога займала лужына. «Значыць, так — у лужыну», — здагадаўся Агееў. А ён думаў… Яму хацелася думаць, што ў зямлі будзе зацішней. І цяплей. У лужыне цяплей не будзе…

Неразумныя гэтыя думкі, аднак, устрывожылі Агеева, які зусім ужо задубеў на сцюжы, і ён не мог пазбавіцца ад іх, пакуль фурманка не спынілася на пагорку. Драздзенка падаў каманду стаць усім у рад, тварам да абрыву. Агееў стаў паслухмяна, амаль з гатоўнасцю, як гэта рабіў мноства разоў у арміі, — каб толькі хутчэй усё скончыць. Побач настырчыўся зусім знявечаны сцюжай Малаковіч — плоскі, бы дошка, з запалым пад майкаю жыватом. Зыль замарудзіў выканаць каманду, і адзін з паліцэйскіх нагадаў яму аб тым, пхнуўшы ў спіну прыкладам. Той жа паліцай затым ціха гукнуў штось Драздзенку, які спярша злосна вызверыўся, а затым падабрэў і дазволіў:

— Ладна! Давай па-быстраму…

Паліцай падскочыў да Агеева — гэта быў усё той жа крутаплечы старанны Пахом.

— Скідывай боты!

Агееў памарудзіў, напаўняючыся гатовым прарвацца гневам, пасля, нібы баючыся не стрымацца, наском аднаго таропка падчапіў заднік другога, лёгка прасунуў ступню ў халяву і, не выцягваючы яе зусім, нагой шпурлянуў бот да абрыву.

— На, бяры, на…

Ён адкінуў і другі бот — далёка на траву, застаўшыся ў расхлёстаных брудных анучах. Паліцай пабег па боты, а побач нервова затузаўся Малаковіч.

— Можа, возьмеш і мае, Пахом? Ці пакінеш у знак былой дружбы? За тое, што даваў табе кантрольную спісваць?

— Ага, даваў! — пакрыўджана забурчаў паліцай, хапаючы боты. — А помніш: даў спісаць з памылкай. Па алгебры. Сам пяць палучыў, а мне два паставілі.