Выбрать главу

Малаковіч шчыра здзівіўся:

— Ідыёт! А я пры чым? Ты ж без памылкі і спісаць не мог, падлюга!

— Да-а. Ну і набраў ты падонкаў, Драздзенка, — сказаў Агееў. — Па сабе мераў?

— Ты яшчэ не заткнуўся!.. — крыкнуў Драздзенка, зрабіўшы да яго пагрозлівы выпад, але спыніўся: ззаду яго клікнуў немец. Тры паліцаі сцягвалі з фурманкі Кіслякова, і той слабым голасам выціснуў:

— Прашчайце, браточкі… Не абіжайцеся, калі…

— Нічога, нічога, сынку, — адказаў яму адзін Зыль. Агееў і Малаковіч маўчалі.

Разгоністым крокам Драздзенка падскочыў да іх кароценькага строю, рукой аддзяліў ад усіх Зыля.

— Так! Давай ты, з племяшом у пары.

«Няўжо застрэляць? — з недаверам падумаў Агееў. — Яно і сапраўды падобна, што Зыль тут ні пры чым. Выпадкам трапіў у гэтую гісторыю…»

— Паслухай, Драздзенка, — сказаў ён з папрокам у дрыготкім голасе. — А гэтага нашто? Ён жа тут выпадкова. Я знаю…

Драздзенка крута павярнуўся і замахаў рукой.

— Ты знаеш? А ты знаеш, што ён дванаццаць вагонаў на станцыі падпаліў?

Паліцаі ўжо пхалі Зыля да абрыву, куды прывалаклі Кіслякова, і счэпшчык, пачуўшы тыя словы Драздзенкі, непаслухмяна тузануўся ў іхніх руках.

— Не дванаццаць, начальнік! Семнаццаць! Семнаццаць вагонаў спаліў! Хай там запішуць — семнаццаць…

— Яны яго ўдарылі. Зыль войкнуў і болей ужо не выкрыкваў, не тузаўся.

Агееў дробна дрыжаў — ад сцюжы і нервовага напружання, гледзячы, як за трыццаць крокаў на абрыве сталі дзве постаці — рослы счэпшчык Зыль і ягоны пляменнік — мілы, сарамлівы Кіслякоў. Стаяць Кіслякоў ужо не мог і абвяла віснуў на руках у Зыля, які з натугай трымаў яго, прыгаворваючы нешта за крок да абрыву. Перад імі, рашуча лязгаючы затворамі вінтовак, станавіліся ў шарэнгу некалькі паліцаяў.

— Фоер! — нечакана зычным голасам скамандаваў немец, і ў вушы Агееву ўдарыў разрознены вінтовачны залп. Агееў хіснуўся ад яго паветранае хвалі, міргнуў адным вокам (другога ён ужо не расплюшчваў), і, калі зноў паглядзеў туды, ні Зыля, ні Кіслякова на абрыве ўжо не было. Паліцаі заставаліся ў шарэнзе, і Драздзенка з немцам падбеглі да абрыву, зірнулі ў кар’ер. Пасля пачулася некалькі нямоцных удараў — пісталетных стрэлаў, — для пэўнасці яны пасылалі апошнія кулі ў расстраляных.

— Наступныя! — крыкнуў начальнік паліцыі, павярнуўшыся да іх з пісталетам у руцэ.

— Пайшлі, Валодзя, — ціха сказаў Агееў і, не азірнуўшыся, застыргікаў да абрыву.

Яму паступова і ўсё болей адкрывалася ўнізе вялізная, уся ў ветранай рабізне бліскучая лужына. З цёмнага неба пасыпаў мокры сняжок, асядаючы на апратцы, валасах, далікатна кранаючы яго разбітыя да крыві вусны. На душы ў Агеева было пуста, як, мабыць, можа быць пуста толькі перад пагібеллю, калі ўсё жыццё пражыта дарэшты і пражыта не так, як хацелася, — бязладна, не ў згодзе з сумленнем, з шэрагам няўдач і памылак. Ён ужо нічога не памыкаўся і нават нічога не хацеў сказаць ні свайму саратніку Малаковічу, ні іхнім катам. Хай забіваюць…

Ён яшчэ ўчуў грымотны перуновы залп ва ўпор, як дужы, разгоністы ўдар у грудзі кінуў яго назад. Ён паляцеў кудысь у прастору — з шумам і звонам увушшу, штосьці абрушваючы сваім целам, разам з сабой валячы ў прадонне…

Памалу, аднак, усё пачало сціхаць, аддаляцца, і нарэшце ўсё ўціхамірылася.

З ветранага неба церусіў мокры сняжок…

Раздзел сёмы

Работы ў кар’еры засталося няшмат — апошні, бліжні ад могілак кут, зрэдку парослы асотам ды свежым пырнікам, і на тым усё можна б лічыць скончаным. Але Агееў не спяшаўся брацца за справу, з раніцы ён сядзеў над слабенькім, распаленым са смецця і папяровых абрыўкаў цяпельцам, якое смярдзюча дыміла, — грэў рукі. Раніца выдалася хмарная, без пробліску сонца; расы на траве не было, з поля дзьмуў свежы халаднаваты вецер, трывожна шумелі дрэвы на могілках. Накінуўшы на плечы сінюю балонневую куртку, Агееў прыпамінаў свой сённяшні сон.

Сон быў просты, амаль элементарны па вобразнасці, але ён уразіў Агеева сваім загадкавым сэнсам, загадкавым нават для яго, які заўжды ўмеў амаль пэўна расшыфроўваць свае начныя шарады.

Зусім без якіх-небудзь подступаў да галоўнага, сон пачаўся з таго, што ён, Агееў, мяркуючы па ўсім, аднекуль незнарок выпаў, з якога іншага свету ці іншага часу, і апынуўся адзін у вялізнай, страхавітай, пустой прасторы. Цяжка было зразумець характар тае прасторы і нават здагадацца, што ёю з’яўляецца — мора, зямля ці, можа быць, космас. Зрэшты, усё ляжала па-за зрокавым вобразам, хутчэй адносілася да сферы пачуццяў і ўвасаблялася адчуваннем абсалютнай, гнятлівай адзіноты. Па меры таго, як доўжыўся сон, тое адчуванне ўсё большала, а прастора шырэла, запаўнялася трывогай, бояззю, страхам. Ён дужа пакутаваў, і тыя яго пакуты былі хутчэй за ўсё душэўныя, таму што цялесны Агееў сам па сабе быццам адсутнічаў, у гэтым загадкавым асяроддзі было толькі яго абстрактнае Я, пазбаўленае плоці і тым не менш надта балючае. Падобна, аднак, гэтае яго бясплотнае Я між тым увесь час сціскалася, меншаючы ў аб’ёме па меры разрастання загадкавай прасторы. І вось нарэшце настаў такі момант, калі Я зусім знікла, растварылася, пакінуўшы толькі ўяўленне пра сябе, успамін ці невыразны адбітак свае прысутнасці дзесьці, што ўжо не было ні асяроддзем, ні вобразам. Засталіся хіба што яго пакуты, у якія ён пераўвасобіўся ўвесь, без рэшты, і за якімі нічога больш не было.