Выбрать главу

Стала ціха, усе маўчаць, толькі Селязнёў сапе ды на мяне з-пад шырокіх брывоў паглядвае. А я што яму магу сказаць? Хіба пачынаць расказваць з самага пачатку, хто такі гэты кульгавы настаўнік? Адчуваю, не магу я многа цяпер гаварыць, ды і ці трэба гэта. Я толькі упёрся на сваім: лагер мяняць не трэба.

Не ведаю, што падумалі тады Селязнёў і іншыя, ці паверылі мне, ці можа самі разважылі. Ды дужа ужо не хацелася выпраўляцца куды з наседжанага месца, але, мусіць, наважыліся рызыкнуць, пачакаць які тыдзень. Толькі рашылі назначыць два дадатковыя дазоры — з боку ад вёскі Зарудзіна і ад шашы ў лагу. I яшчэ паслалі Гусака ў Сяльцо — там яго жыў сваяк, нічога сабе чалавек, — дык каб паназіраць, як яно будзе далей.

Вось ад гэтага Гусака тады, ды ад нашых людзей з мястэчка, ды пасля ўжо ад Паўліка Міклашэвіча і стала вядома, як яно ўсё адбывалася там, у Сяльцы.

Пачыналіся Будзілавічы. Ля крайняе хаты за плотам гарэў электрычны ліхтар, які асвятляў варотцы, лавачку пры іх, парадзелы куст бэзу ў гародчыку. Ля хляўкоў у садку ярка чырванеў сярод цемры агеньчык, і вецер разносіў па наваколлі пах дыму — мусіць, палілі лісце. Наш возчык збочыў, пэўна, для заезду ў двор, конь, бы разумеючы штось, сам па сабе спыніўся. Ткачук няўцямна змоўк.

— Што прыехалі?

— Прыехалі, ага. Я тут распрагу, а вы пройдзеце трохі, ля пошты астаноўка будзе.

— Знаю. Не першы раз, — сказаў Ткачук, злазячы з воза. Я выскачыў на вышчарблены край асфальткі.— То дзякуй, дзед, за падвоз.

— Няма за што. Конь калгасны, так што… Фурманка павярнула ў двор, а мы, памалу, ступаючы пасля нязручнага сядзення, пашкандыбалі сабе па вясковай вуліцы. Цьмяна гарэлі ліхтары на слупах, і мы ішлі, трапляючы то ў святло, то ў прыцемак. Я чакаў працягу расказу, але Ткачук моўчкі тупаў, пакульгваючы, і я не прыспешваў яго. Наперадзе тарахцеў матор, неўзабаве мы збочылі, прапускаючы міма калёсны трактар; яго падслепаватыя фары амаль не асвятлялі вуліцу. За трактарам наперадзе стаў відаць ярка асветлены ганак белага цаглянага будынка з шыльдай — там была чайная. З яе зашклёных скрыпучых дзвярэй нетаропка выйшлі двое і, закурваючы, прыпыніліся каля збочанага да самай канавы ЗІЛа. Ткачук яшчэ зводдаль скіраваў у той бок свой стомлены і знерваваны за гэты дзень позірк.

— А давай зойдзем, га?

— Давайце, што ж, — пакорліва згадзіўся я.

Мы абышлі ЗІЛ і павярнулі на невялікі ўтаптаны падворак.

— Была калісь паршывая забягалаўка, а зараз во якую цаглянку выбудавалі. Я ў гэтай не быў,— трохі нібы з вінаватасцю сказаў ён, пакуль мы ішлі да бетонных прыступак. Я змоўчаў — што там было апраўдвацца: усе мы грэшныя ў гэтай малашаноўнай справе.

Невялікае памяшканне чайнай было амаль пустое, толькі за кутнім сталом ля печкі вольна расселіся трое, і хмара дыму навокал іх сведчыла, што яны тут не першую ўжо гадзіну. Паўтузіна лёгкіх столікаў і такіх жа крэслаў пры століках была незанятая.

Жанчына ў шархоткай сіняй куртцы ціха перагаворвалася цераз стойку з буфетчыцай.

— Ты сядай во. Я зараз, — кінуў мне Ткачук.

— Не, то вы ўжо сядайце. Я маладзейшы.

Ён не даў сябе ўгаворваць, сеў, не выбіраючы месца, за бліжэйшы да яго столік, не забыўшыся аднак папярэдзіць:

— Два па сто, і годзе. Ды можа піва? Калі ёсць.

Піва аднак тут не аказалася, гарэлкі таксама. Было толькі «чырвоне міцне», і я ўзяў бутэльку. На закуску буфетчыца прапанавала катлеты — сказала, свежыя, толькі ўранку прывезеныя.

Я падумаў, што Ткачуку такі пачастунак наўрад ці спадабаецца. I праўда, не паспеў я данесці ўсё гэта ў дзвюх руках да стала, як мой спадарожнік паморшчыўся.

— А белай няма? Цярпець не магу гэтага чарніла.

— Што ж, бяром, што даюць.

— Ды ўжо ж…

Мы моўчкі выпілі па шклянцы. Tpoxі яшчэ засталося ў бутэльцы. Закусваць Ткачук не стаў, замест таго закурыў з мае скамечанай пачкі.

— Беленькая — яна подлая, канешне, але смак мае. Сталічная, скажам. Або, знаеш, яшчэ лепей саматужная Хлебная. Каторая з добрых рук. Эх, некалі ўмелі рабіць яе! Смаката, не тое што гэтая хімія. I градус, я табе скажу, мела — ого!

— А вы таго… паважалі?

— Было дзела! — зыркнуў ён на мяне пачырванелымі вачыма. — Як маладзейшы быў.

Распытваць яго наконт таго «дзела» я не наважыўся — я з нецярплівасцю чакаў, калі ён зноў пачне расказваць пра здарэнне ў Сяльцы. Але ён нібыта ўжо страціў да яго цікавасць, курыў сабе і скоса праз дым пазіраў у кут, дзе трое за сталом развязна гарлапанілі на ўсю чайную. Адзін у ватоўцы так саўгануў стол, што з таго ледзь не пасыпаўся посуд. Двое ўзяліся яго супакойваць.