— Набраліся. Таго лысаватага трохі ведаю. Бухгалтар са спіртзавода. У вайну быў узводным у Бутрымовіча. I неблагім узводным. А цяпер во, паглядзі.
— Бывае.
— Бывае, канешне. У вайну ордэнаў з тры адхапіў, ну і паплыла галава ад гонару. I даганарыўся. Ужо тры гады адседзеў, ды во не сунімаецца. А іншыя ціхенькія, спрытненькія, ордэнаў не хапалі, ды хітрасцю бралі. I абышлі. Абскакалі. Так во… Ну што? Даказаць табе пра хлопцаў? Чаму не пытаеш? Эх, хлопцы, хлопцы!..Знаеш, чым старэй раблюся, тым усё даражэй яны мне, гэтыя хлопцы. Хлопчыкі! Чаму б гэта так, не ведаеш?
Ён грузна аблёгся на наш хісткі столік, добра зацягнуўся цыгарэтай. Твар яго стаў журботна-засяроджаны, і Ткачук на момант прыціх, мусіць, настройваючыся, як гарманіст, на сваю невясёлую мелодыю, што сёння гэтак неспадзявана загучэла ў яго душы.
— Колькі ў нас герояў? Скажаш, дзіўнае пытанне. Правільна, дзіўнае. Хто іх лічыў. Але паглядзі газеты: як яны любяць пісаць аб адных і тых жа. Ведама, зручна, апрабавана. Асабліва яшчэ калі гэты герой вайны і сёння на віднай пасадзе. А калі ён загінуў? Ні біяграфіі, ні фатаграфіі. I звесткі кароткія, як зайцаў хвост. I неправераныя. I часта блытаныя, супярэчлівыя. Тут ужо асцярожненька, бокам, бокам ды далей ад граху. Ці не так ваш брат, карэспандэнт?.. Вось мне незразумела, напрыклад, чаму герояў, там жывых ці забітых, павінны шукаць піянеры? Каб і тыя, і другія, і піянеры таксама — гэта іншая справа. А то скрозь пра гэта турбуюцца адны піянеры. Што гэта яны — найлепш могуць разабрацца? Спецыялісты? Ці яны самыя смелыя ў сэнсе перастрахоўкі? Бо пасад яшчэ не маюць? Ці можа настырнасці ў іх болей — малым зручней да важных дзядзяў дастукацца? Я во не разумею. Чаму гэтыя дзядзі важныя не паклапаціліся, каб не было гэтых самых — бязвесных? Няўжо яны ўсе ўмылі рукі? Што тут — абязлічка, ці што? Але на каго — ты надумай! Загінула колькі людзей, і якіх людзей! I цяпер іх памяці не могуць даць рады іх сябры, іх начальнікі, землякі, урэшце.
Знаеш, мне гэта трохі дзіўна. I незразумела. А дзе вайскоўцы? Штабы? Ваенкаматы? Архівы? Чаму яны ўбаку?
Перадаверылі піянерам. Да…
— Дык вось як яно стала далей, калі хочаш ведаць. Хлопцаў, як пабралі, трымалі дні тры ў свірне ў старасты Бохана. Быў такі ў Сяльцы мужык, ля сухой вярбіны хата стаяла, цяпер ужо няма. Хітры, скажу табе, мужычок: і на немцаў рабіў, і з нашымі знаўся. Ну але такое ведаеш жа чым звычайна канчаецца. Нешта заўважылі немцы, выклікалі ў раён, і назад ён ужо не вярнуўся. Казалі, у лагер адправілі, недзе і загнуўся стары. Дык вось, сядзяць хлопцы ў тым свірне, а ў хаце немцы, водзяць на, следства, б’юць. I чакаюць Мароза. Па вёсцы распусцілі чутку, што во, маўляў, як робяць Саветы: чужымі рукамі ваююць з немцамі, дзяцей на закланне ахвяруюць. Маці, ведама, галосяць, усё лезуць на двор да старасты, просяць, прыніжаюцца, а іх паліцаі ганяюць. Яўгена Смурнага матку як самую заўзятую таксама забралі за тое, што на немца плюнула. Хлопцы, праўда, трымаюцца цвёрда, зацяліся і ні ў якую; нічога не ведаем, нічога не рабілі. Ну але ж хіба так доўга пратрымаешся ў гэтых катаў? Пачалі біць, і першы Бародзіч не вытрымаў, кажа: «Я падпілоўваў. Каб душыць вас, гадаў. Цяпер страляйце мяне, не баюся вас».
Ён-то сказаў так, пра сябе, можа думаючы, што цяпер ад іншых адчэпяцца. Але ж і гэтыя паслугачы не дурні — адразу скумекалі, што калі адзін, дык і астатнія, мусіць, з ім заадно. Усе ж дружбакі. Пачалі біць яшчэ, выцягваць новыя дадзеныя і пра Мароза. Пра Мароза асабліва стараліся. Але што маглі хлопцы сказаць пра Мароза?
I вось у такі час, у самы разгар катавання з’яўляецца сам Мароз.
Было гэта на досвітку, расказвалі, вёска яшчэ спала. На выгане туманок гэткі лёгенькі слаўся, было не сцюдзёна, толькі макравата зранку. Падышоў Алесь Іванавіч, мусіць, гародамі, бо на вуліцы з канца сядзела засада, а яго не заўважыла. Мусіць, пералез цераз плот і — у двор да старасты. Там, вядома, варта, паліцай як крыкне: «Стой, назад!» ды за вінтоўку і на яго. Але Мароз ужо не баяўся нічога, ідзе сабе прама на вартавога, пакульгвае толькі і гаворыць спакойна гэтак: «Скажыце начальніку: я — Мароз».
Ну, тут збеглася паліцэйская зграя, жандары, скруцілі Марозу рукі, здзерлі кажушок. Як прывялі ў стараставу хату, Бохан і кажа ціхенька так, мусіць, каб паліцаі не ўчулі: «Не трэба было, настаўнік». А той адно толькі слова яму ў адказ: «Трэба». I болей нічога.
I вось тут, павінен табе сказаць, і ўсчалася тая шарада, якая нарабіла столькі блытаніны з эпілогам усёй гэтай трагедыі. Я так думаю, што менавіта праз яе Мароза столькі гадоў марынавалі і столькі ўсё гэта вымагала турботаў. Сталася так, што калі ў сорак чацвёртым турнулі нарэшце адсюль немчуру, у мястэчку і ў Гродні знайшлі сякія-такія паперы: дакументы паліцыі, СД. Усё гэта, вядома, было падабрана, распрацавана кім трэба. I вось сярод іншых аказалася адна паперка адносна Алеся Іванавіча Мароза. Сам бачыў: звычайная паперка са школьнага сшытка ў клетку, напісаная па-беларуску — рапарт старшага паліцэйскага Гагуна Хведара, таго самага Каіна, свайму начальству. Маўляў, такога-та чысла красавіка сорак другога года каманда паліцэйскіх пад яго началам захапіла ў часе аперацыі праследавання завадатара мясцовай партызанскай банды Алеся Мароза. Ведама, спрэс хлусня. Але Каіну гэта было выгадна, мусіць, таксама, як і ягонаму начальству. Узялі хлопцаў, а праз тры дні злавілі і завадатара банды — было за што пахваліць старшага паліцая. I ўзнагародзіць. I ні ў кога ніякага сумнення наконт праўдзівасці рапарта.