Выбрать главу

Ну вось і прыехаў. Машына, злосна стрэльнуўшы дымным смуродам з выхлапной трубы, пакаціла сабе далей, а я, нязручна выпростваючы замлелыя ногі, крыху прайшоў па ўзбочыне. Знаёмае, не раз бачанае з акна аўтобуса гэтае раздарожжа сустрэла мяне сцішана і журботна. Ля мастка над канавай тырчэў слупок са знакам аўтобуснага прыпынку, далей быў знаёмы абеліск з пяццю юнацкімі імёнамі на чорнай металічнай плітцы. Праз сотню крокаў ад шашы абапал дарогі да школы пачыналася старая вузкаватая ўжо алея з таўшчэзных пахілых вязаў. У дальнім канцы яе на школьным падворку чакаў некага «газік» і чорная, мабыць, райкомаўская, «Волга», але людзей там не было. Пэўна, людзі цяпер былі ў іншым месцы, падумаў я. Але я нават не ведаў, дзе тут былі могілкі, каб ісці туды. Калі яшчэ мела які сэнс туды ісці.

Так не надта рашуча і даволі заклапочана разважаючы сам з сабою, я ўвайшоў у алею над мнагаярусныя шаты дрэў. Калісь, гадоў пяць таму, я тут ужо быў, але тады дом гэты і алея не здаліся мне такімі падкрэслена і зацята маўклівымі — школьны падворак гаманіў галасамі дзятвы, якраз быў перапынак. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац: фігурная балюстрада веранды, пабеленыя калоны абапал параднага ўвахода, высокія венецыянскія вокны. Мне трэба было запытаць у кагось, дзе хаваюць Міклашэвіча, але запытаць не было ў каго — ля машын і ў машынах таксама не было нікога відаць. Не ведаючы, куды падацца, я разгублена патаптаўся поруч і ўжо хацеў ісці куды далей, як з той жа параднай алеі, ледзьве не наехаўшы на мяне, выскачыў яшчэ адзін запылены «газік». Ён тут жа затармазіў, і з яго брызентавага нутра вываліўся знаёмы чалавек у скамечанай «балонні». Гэта быў колішні заатэхнік з упраўлення сельскай гаспадаркі (цяпер, я чуў, ён рабіў недзе ў раёне). Гадоў пяць мы з ім не бачыліся, ды і наогул знаёмства наша было даволі шапачнае, але цяпер я нечакана ўзрадваўся яго з’яўленню.

— Здароў! — кінуў мой знаёмец з такім ажыўленнем, нібы мы прыехалі сюды на вяселле, а не на пахаванне. — Таксама, да?

— Таксама, — стрымана, без ценю ягонага ажыўлення адказаў я.

— Яны там, у настаўніцкім доме, — адразу прыняў мой стрыманы тон прыезджы. — А ну давай, падмагні.

Ухапіўшы за край, ён вывалак з машыны зіхоткую скрынку бутэлек з «Маскоўскай», за якой, мабыць, і ездзіў у сельпо ці ў горад. Я рупна падхапіў яе за другі бок, і мы, мінаючы школу, пайшлі па сцежцы між садовых зараснікаў у бок недалёкага флігеля — дамоўкі настаўнікаў.

— Як жа гэта з ім здарылася? — запытаў я, усё яшчэ не могучы звыкнуцца з думкай аб гэтае заўчаснай смерці.

— Ат, як! Як усё здараецца. Трах бах — і гатова. Быў чалавек — і няма.

— Хоць хварэў перад тым, ці што?

— Хварэў?! Ён усё жыццё хварэў. Ды рабіў. Ну і дарабіўся да ручкі-крышкі. Пойдзем ды вып’ем во, пакуль ёсць такая магчымасць.

У старым, як і палац, атынкованым знадворку флігелі-доме за парадзелымі кустамі бэзу ў гародчыку, сярод якіх сакавіта і свежа рдзела абсыпаная гронкамі рабіна, чулася прыглушаная гамана многіх людзей, якая давала знаць, што самае важнае і апошняе тут ужо скончана. Ішлі памінкі. Нізкія вокны асеўшай долу дамоўкі былі насцеж расчынены, з-за фіранкі віднелася нечая ў белай нейлонавай сарочцы спіна ды льняная капешка высокай жаночай прычоскі. Ля ганка стаялі і курылі двое няголеных у рабочым адзенні дзядзькоў. Яны стрымана гаварылі аб чымсь, пасля змоўклі, перанялі ў нас скрынку і панеслі яе ў дом. Мы праз калідорчык пайшлі за імі.

У невялікім пакоі, з якога цяпер было вынесена ўсё, што можна вынесці, стаялі ссунутыя ўпрытык сталы з рэштаю пітва і закусі. Два дзесяткі расчырванелых людзей за імі займаліся, аднак, хто чым, а найбольш размовамі і курывам — цыгарэтны дым вітымі космамі цягнуўся ў вокны. Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей. Знаў бы — не ехаў. Такое спазнелае з’яўленне ў гэтай справе — горш чым адсутнасць і можа быць лёгка вытлумачана не ў маю карысць. Ну, але не брацца ж за шапку, калі ўжо прыехаў.

— Сядайце, во тут і месцейка, — проста запрасіла ціхмяная з выгляду жанчына ў цёмнай касынцы, не пытаючыся, хто я і чаго прыйшоў,— мабыць, такое з’яўленне тут было цяпер справай звычайнай. Я паслухмяна сеў на нізкаватую пры высокім стале табурэтку, стараючыся як найменш звяртаць на сябе ўвагу. Але збоч нехта ўжо паварочваў да мяне свой азызлы, немалады, узмакрэлы ад поту твар.