Выбрать главу

На душы было тлумна і прыкра — нядоўгая сутычка з Ксяндзовым нічога для мяне не праясніла і ні ў чым не пераканала. Мне яшчэ трэба было шмат у чым разабрацца. Праўда, пачуццямі я нязменна быў на баку Ткачука і гатовы быў памагчы яму, толькі не ведаў як. Кажуць, збоку відней. Магчыма, гэта і так, можа і сапраўды цяпер за мной слова. Бо Ткачук быў. надта блізка да ўсёй гэтай трагічнай гісторыі, Міклашэвіч стаў яе героем і яе ахвярай. Ксяндзоў, мабыць, даўно і моцна быў у палоне свае прадузятасці, з якой не так лёгка вызваліцца. Магчыма, кожны з іх па-свойму быў правы, але хто правы найбольш, гэтага я не ведаў. Зноў жа, што я тады мог? Хіба напісаць аб тым так, як чуў, як разумеў сам. I вось хай цяпер рашае чытач. Хай разбіраецца. Кожны адпаведна свайму светапогляду, свайму позірку на вайну, на гераізм, на свой абавязак перад сумленнем і перад гісторыяй…

Пайсці і не вярнуцца

1

Ішоў снег. Белая гушчэча сняжынак коса неслася долу, з ціхім няспынным шолахам хутка засыпаючы сухую ад марозу траву, рудыя зараснікі асакі на балоце. Гладкімі плямамі браліся ўмерзлыя вадзяныя прагалы, якія, каб не пакідаць слядоў, старанна мінала Зоська. Але гэткіх прагалаў у траве было многа, спакваля яна зразумела, што нікуды ад іх не дзецца на гэтым імшыстым балоце, і пайшла наўпрост, не выбіраючы шляху. Дзе-нідзе яна неглыбока правальвалася ў мох то адной, то дзвюма нагамі, але да вады не даставала: за апошнія некалькі дзён балота няблага ўмерзла. Ці то ад завеі, ці ад хуткага набліжэння вечара балотна-лесавы прастор навакол усё болей рабіўся змрочны, няўтульны, хмурылася нізкае неба, поўнячы шчымлівай самотай і без таго неспакойную душу дзяўчыны. Толькі што выбраўшыся з зараснікаў, Зоська ўжо разы тры азірнулася, хаця ні ззаду і нідзе паблізу быццам не было нікога. Каб неяк пазбыцца кепскіх адчуванняў, яна спынілася, агледзелася, зняла з рук сподкі, пазмятала імі з мокрых плячэй снег, страсянула падол спаднічкі. Але не мінула і хвіліны, як снег зноў густа заляпіў ворс яе плюшавага сачка, і яна падумала, што дарма тут абтрасацца, лепей паберагчы сподкі, якія і без таго прамоклі наскрозь і не грэлі. Рукі ўсё болей зяблі, асабліва калі яна пераходзіла голыя, без кустоўя, прагалы балота, дзе мацней дзьмуў вецер і, здаецца, гусцейшы рабіўся снег, які нямала шкодзіў ёй у гэтай дарозе. Тыя, што пасылалі яе, спадзяваліся на чорную, без слядоў, сцяжыну, — яшчэ дзве гадзіны назад не было ніякай завеі, зямля ляжала скрозь голая і ўмерзлая, праўда, надта хмурылася сцюдзёнае неба, але гэтаю восенню яно амаль заўжды хмурылася. I цяпер гэты снег…

Азірнуўшыся, Зоська згледзела на белай куп’істай траве прыкметныя здаля сляды сваіх ног, абутых у адсырэлыя ўжо і лапленыя ў шмат якіх месцах боты. Праўда, разам з травой снег засыпаў і сляды, і калі гэтая замець не перастане да ночы, дык слядоў, напэўна, можна будзе не надта баяцца.

Горш, што яна заблудзілася.

Яна ішла, мабыць, з гадзіну, але патрэбнай ёй леснічоўкі ўсё не было відаць, навокал цягнулася незнаёмае замерзлае балота, там-сям парослае чахлымі пакручастымі бярозкамі, кустоўем лазняку і алешніку. Цяпер ёй і не ўцяміць, як яна згубіла сцяжынку, можа, прамінула ў кустоўі чарговы яе паварот або тая проста прапала пад снегам. Зоська ішла наўздагад, без жаднай упэўненасці, што ідзе правільна. Але запытаць тут не было ў каго, яна ведала, што бліжэйшая вёска была кіламетраў праз восем за рэчкай, да вёскі яшчэ трэба было дайсці. Зброі ў яе не было ніякай, хоць зброю перад выхадам можна было папрасіць у хлопцаў, але калі яна намякнула Дазорцаву, той забараніў катэгарычна — у яе справе лепей было абысціся без зброі. Компаса ёй таксама не далі. Компас, напэўна, памог бы ў шляху, ды ў выпадку чаго навёў бы на падазрэнне, а падазрэння ёй трэба было пазбягаць. Праўда, яна мела пашпарт, нямецкі аўсвайс, але не надта спадзявалася на гэтую тоненькую, з сінімі пячаткамі кніжку, выпісаную на нейкую Адэлаіду Аўгусцевіч. Аўсвайс быў стары, патрэпаны, відаць, не яна першая выпраўлялася з ім з партызанскай зоны, хоць імя той жанчыны дужа падабалася Зосьцы. Ёй бы такое імя.

А то Зося Нарэйка.

Хаця што ж, кожнаму — сваё.

Зосьцы вось толькі б перайсці гэта балота, пералезці на той бок рэчкі і выбрацца на Скідзельскі шлях — там пачыналася знаёмая мясцовасць, там былі людзі, там бы яна ўздыхнула. Праўда, яна разумела, што там яе пільнавала нямала небяспек іншага роду, але цяпер ёй здавалася, што тут страшней. Яна амаль перастала пазіраць пад ногі, дзе звыкла шорхала каляная ад марозу трава, — яе позірк імкнуў наперад, у пагусцелы над балотам змрок, у якім цьмела навокал мноства невыразных плям, няпэўных палос наводдаль, нейкіх незразумелых ценяў. Здавалася, усюды, замершы, пільнуюць яе балотныя здані, можа, ваўкі, а можа, і нядобрыя людзі. Але кожны раз, падышоўшы бліжэй, яна бачыла, што гэта цьмелі ў снезе высокія купіны папараці ці кусты багуну, а то і нізенькія, перасыпаныя снегам елачкі. Напэўна, нікога болей і не магло быць у гэты час на ўмерзлым балоце, аднак, па меры таго як цямнелася, невыразны загадкавы страх усё болей агартаў дзяўчыну.