Мінуўшы некалькі вольх, яна зноў падышла да невысокага, але стромкага берага. Рака тут крута паварочвала да лесу, і шырокая закраіна лёду з таго боку амаль ушчыльную падышла да абрыву ля яе ног, можа б, і ўдалося да яе дабрацца. Калі б на што абаперціся. Або яшчэ лепш пакласці з берага доўгую палку і па ёй асцярожна перайсці на той бок.
Трэба было пашукаць палку.
Схіліўшыся, каб ухінуцца ад нізка навіслага голля, Зоська абышла некалькі тоўстых вольх, мацаючы рукой іх шархоткія камлі, і незнарок кінула позірк на прытуманеную далячынь поплаву. Яна зноў палахліва здрыганулася, застыўшы ў нязручнай паставе: цяпер ужо не магло быць сумнення — цераз поплаў з кустоўя па яе слядах ішоў чалавек.
Паўхвіліны яна стаяла так, у змярцвенні, не адрываючы позірк ад поплаву. Адсюль нельга было разгледзець чалавека, начное сутонне згладжвала яго абрысы, але стракатая белізна снегу, а галоўнае, таропкія рухі яшчэ здалёк выдавалі яго. Паўзіраўшыся, Зоська зразумела, што гэта — мужчына і што кіруе ён да ракі ўпэўненым крокам чалавека, які мае пэўную мэту і, мабыць, ведае шлях. Рукі яго мерна пацепваліся ў такт кроку, здаецца, яны не былі занятыя зброяй ці якой ношай, але ці меў ён што за спіной, яна не магла згледзець. Тым не менш яна востра адчула, што ён ужо бачыць яе, што ёй трэба як найхутчэй уцякаць і што ўцячы ў яе становішчы можна толькі ў адзін бок — за раку.
Яна спалохана кінулася да берага, маючы намер саскочыць з абрыву, але ўбачыла ўнізе цемнаватую паску мокрага снегу і пабегла далей. З-пад снегу ля самай вады тырчаў нейкі сук, яна на бягу выдрала яго і вяршалінай з наліплым брудным лісцем перакінула цераз чорны паток на крыгу. Аднак сук аказаўся кароткі, да таго ж здорава выгнуты пасярэдзіне, ён адразу перавярнуўся і амаль увесь схаваўся ў вадзе. Баючыся, што не паспее, і ліхаманкава працуючы рукамі, Зоська выбралася з-пад абрыву і аберуч учапілася ў нятоўсты пахілы адростак у бліжнім кусце. Нядоўга завісшы пад ім, яна зноў зірнула на поплаў: запаволіўшы крок, чалавек набліжаўся да рэчкі. Іх раздзяляла ўжо не болей як сотня крокаў, Зоська з усяе сілы тузанула дрэўца, і тое няроўна адламалася ля самага кораня. Не спрабуючы нават абламаць на ім голле, яна саскочыла з абрыву і перакінула над вадой гэтую хісткую, маланадзейную апору.
Яна ўсё ж паспела, хоць і намачыла ля берага ногі, у левым боце непрыемна захлюпала, але цяпер, мабыць, можна было адважыцца. Нядоўга думаючы і амаль фізічна адчуваючы набліжэнне таго чалавека, яна ступіла на крывы канец дрэўца і ўзмахнула рукамі.
Ёй удалося зрабіць толькі тры нясмелыя таропкія крокі, як вяршалінка дрэўца, падагнуўшыся, саслізнула з закрайка, і Зоська апынулася ў вадзе.
Гэта было жахліва ў яе становішчы. Падумаўшы, што ўсё пралала, яна інстынктыўна рванулася да недалёкай і такой недасяжнай цяпер крыгі, Але ногі яе ў вадзе раптам згубілі апору, дно пахінулася ўбок, яна шыбанула ў ваду амаль да сярэдзіны, з жахам адчуўшы, як цячэнне пругка ўдарыла яе ў сцёгны, пагражаючы зваліць з ног. I тады праз шум разварушанай целам вады, аднекуль зверху пачулася:
— Зоська, пастой! Ты што, здурнела?
«Антон?» Ахопленая спалохам, збянтэжаная, яна хіснулася ад глыбіні і замерла ў вадзе, пазнаўшы голас таго, каго меней за ўсіх чакала цяпер пачуць. Але памылкі быць не магло — спрытна сігануўшы з абрыву, Антон падхапіў з вады дрэўца і размашыста кінуў яго мокрым вяршком ёй у рукі.
— Ану, трымай! Я пацягну…
Яна ўжо і сама ўправілася з даволі моцным на глыбіні цячэннем і, спакваля пераборваючы спалох, ухапілася за голле дрэўца, дужа пацягнуўшы за якое, Антон вывалак яе з вады.
— Давай сюды! Бо, на сухое… Эх ты, дурніца! Хіба так можна кідацца?
— Ой і напалохаў жа ты мяне… А адкуль ты ўзяўся?
— Узяўся. Хіба так можна? Тут глыбіня — во! — адмераў ён сабе далонню па грудзі, I яна, ледзьве стрымліваючыся, каб не закалаціцца ад сцюжы, паглядзела ў ягоны твар. Не, ёй не здалося, гэта сапраўды быў ён, партызан з трэцяга ўзвода Галубін, якога яна некалькі дзён назад пачала зваць Антонам.
— А я гляджу даганяе нехта. Так напалохалася, што… Сэрца ледзьве не выскачыць.
— Прамокла дужа? Ну, канешне! Ану, быстра за мной! — скамандаваў ён. — Бягом! Тут вёска недзе была.
Яна не пярэчыла, адразу паддаўшыся ягонай уладарнай патрабавальнасці, тым больш што патрабавальнасць гэта была ёй паратункам, яна і сама адчувала, што гэтак нядоўга і задубець на ветры. Узлезшы на абрыў, ён пабег па-над рэчкай кудысьці па поплаве ўлева, і яна, ледзьве трываючы сцюжу, якая паліла ногі і ніз жывата, пабегла следам.