На панадворак вынеслі крэслы, і людзі, абляпіўшы стол пад кустом бэзу, узяліся высвятляць справу.
Засядалі доўга. Былі выслуханы ўсе ўдзельнікі недарэчнае сваркі, якія нішчылі адзін аднаго і патрабавалі знішчэнне «шалёнай» сабакі. Кацярына Кірылаўна ў часе абмеркавання два разы млела, і Круглоў вяртаў ёй прытомнасць нашатырным спіртам, які спецыяльна для таго трымаў у кішэні; Аўсейчыкава разоў з дзесяць бралася плакаць. Абодвума бакамі ў адрас сваіх ворагаў было сказана столькі, што члены камісіі пазбягалі глядзець адзін аднаму ў вочы і толькі трудна ўздыхалі. Уздыхаць, прынамсі, было ад чаго — час ішоў, а вінаватыя і сродкі прымірэння так і не былі вызначаны.
I ў такі час, калі ўсе ўжо былі страшэнна змораны чалавечай непрымірымасцю, за сталом раздаўся вясёлы голас маладога рахманага пракурора.
— А дзе ж тыя сабакі, якія ўсчалі ўсё гэта. Мо’ і сапраўды трэба садраць з іх скуру, калі яны нарабілі тое. Можа яны сапраўды шалёныя?
Людзі пачалі азірацца, гаспадары кінуліся ў пакоі, дзе некалькі месяцаў пільна ўтрымліваліся іх падапечныя, але аказалася, што дзверы абодвух кватэр з ранку расчынены і сабакі зніклі.
Тады ўсе разышліся па двары, цюцюкаючы чацвераногіх зачыншчыкаў, і неўзабаве недзе за рогам раздаўся гучны, раскоцісты, ажно гамерычны рогат пракурора.
— Ха-ха-ха! Ой, ха-ха-ха! Глядзіце: цуда і толькі.
Усе кінуліся ў той бок і абступілі чалавека, які, аберуч ухапіўшыся за жывот, рагатаў і ўсё паказваў пад плот.
Ля плота сабралася чалавек з дзесяць членаў камісіі, чацвёра суседзяў-ворагаў, і ўсе моўчкі, поўныя здзіўлення пазіралі ўніз, дзе ў цяньку ад плоту надзвычай лагодна прыхінуўшыся адзін да аднаго соладка і мірна спалі Джульбарс і Банцік. Смех і людзі, вядома, разбудзілі іх, але сабакі не збіраліся ўцякаць, толькі незадаволена прыўзнялі галовы і лена глядзелі на развесялелых людзей.
Сапраўды, уся гэтая застарэлая варожасць здалася дзівосна дробязнай, апрыклай і недарэчнай у параўнанні з бяздумным сабачым мірам. I першы тое адчуў, відаць, Круглоў. Ён раптам плюнуў пад ногі і торапка пайшоў у дом, гучна бразнуўшы дзвярыма.
За ім, хаваючы ад людзей вочы, папляліся Кацярына Кірылаўна і Аўсейчыкавы, а члены камісіі, раптоўна загаманіўшы ўсе разам, пачалі дружна збіраць са стала паперы.
Неўзабаве ў двары пад плотам засталіся адны, надзіва дружалюбныя, сабакі.
[1960 г.]
Хлебны акраец
Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась, сіў-ш-шась…
Вузее-меншае травяністы хамлак на лугавіне, бліжай і бліжай да альховага ўзлеску падступаюць трое касцоў ужо ўвесь луг за іх спінамі палёг даўжэзнымі, выгінастымі, як хвалі, пракосамі. Сонца, увабраўшыся ў сілу, зусім звузіла цень ад гушчаруалешніку, замакрэлі ад поту Сцяпанавы лапаткі пад старэнькай залапленай гімнасцёркай, прысохла і не адліпае ад голых валасатых лытак травяная драбяза. Сцяпан падганяе пад самы алешнік свой апошні пракос, размашыста забівае ў зямлю канец касавільна і ўзнімае голаў.
Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась — шырока адмахвае за ім Лёнік Бокуць — здаровы рукасты дзяцюк з ленаватымі соннымі вачыма і бліскучымі ад поту плячмі. Майка яго таксама мокрая, хоць выціскай, па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту, блішчаць аблепленыя дзяцелінай халявы гумовых ботаў. Ленаваты Лёнька не прывык завельмі мардавацца на працы, і хоць стае маладое сілы, выдаткоўвае хлопец яе эканомна і пакутна. Дайшоўшы да дзядзькі Сцяпана, ён кідае на пакошу касу і знедужэла валіцца ў засень.
Ах, каб на яе мухі з аваднямі… Уходаў ты нас, дзядзька Сцяпан…
Дзядзька Сцяпан чакае трэцяга. Грудзі яго пад распяразанай і расшпіленай да апошняга гузіка гімнасцёркай размашыстастомлена дыхаюць, нервова падрыгваюць на абадку касы парэпаныя натруджаныя пальцы, а на строгім хударлявым твары ціхая задаволенасць сваёй ужо не маладой сілай і асалода ад спрадвечна нялёгкай мужчынскай працы — касьбы. I яшчэ на твары прытоеная скупая радасць, кароткая і сціплая, і свеціцца ў глыбі адзінага вока ўсмешка. Другога вока ў дзядзькі няма. Замест яго — наўскасяк цераз лоб — чорны скураток павязкі з гэткім жа чорным пятакомлапінкай пад налахмачаным русым брывом.