Следам за Лёнікам, нетаропка матляючы касавільнам, сунецца да ўзлеску барадаты дзядуля Змітрук. Гэта — немаладога веку калгаснік, пенсіянер і законнік, які ўжо год дваццаць хварэе на нейкую незразумелую старэчую хваробу і толькі ў касьбу ніяк не можа змірыцца, з тою сваёй хворасцю і старасцю. Кожнае лета адольвае старога ахвота падпрэгчыся дзе-небудзь да маладзейшых і дзён пару да знямогі памахаць касой.
Дзядзька Сцяпан пазірае на Змітрука і думае, што сілы ў старога прыкметна паменшала. А некалі хвацкі быў дзед — у тыя даўнія ўжо часы, калі Лёніка яшчэ не было на свеце, а падлетак Сцяпан, здаралася, аберуч выдзіраў касу з якое купіны. Цяпер жа апошняя грыўка рамонак, смалянак і мятліцы ўперлася ў дзеда Змітрука і не дужа ахвотна карацее пад яго касой.
— Давай, давай, Пятровіч, — падганяе дзядзька Сцяпан старога. — Пара ўжо снедаць.
Дзед Змітрук, аднак, не спяшаецца.
Бы і не чуючы таго, ён дастае з кішэні мянташку і пачынае агойсваць касу.
Вжык-вжык, вжык-вжык, вжык-вжык…
Яны цярпліва чакаюць яго — дзядзька Сцяпан, абапершыся на касу, а Лёнік, разлегшыся ў доле. Але дзед не спяшаецца — наладжвае касу, пасля дакошвае сваю грыўку, рупліва абівае пяткай рэшту травы пад алешнікам і пасля ўжо ўздзяе на плячо касавільна.
— Ну і пайшлі.
Дзядзька Сцяпан таксама ўскладвае касу на плячо і па — над узлескам ідзе к дарозе, дзе яны ўранку пакінулі свае світкі з сякім — такім харчам. За ім брыдзе Змітрук, і апошні ўзнімаецца Лёнік. Ляніва цвыркнуўшы скрозь зубы, ён пляцецца за ўсімі, знясілена цягнучы за сабой касавільна.
Дзядзька Сцяпан нетаропка вядзе сваю невялічкую брыгаду панад абкошаным падлескам. З алешніку яшчэ дыхае роснай сырасцю, людзі ціснуцца да вецця, у засень, але засень малая, і іх галовы ўсё роўна прыпякае сонца. Сцяпан задаволены працай, ранкам, ламотная стома круціць лапаткі, але з непрывычкі яно аж прыемна. Дзядзька — механізатар, трактарыст; толькі цяпер, у касьбу, на лугі і балоты выходзяць усе, час гарачы — жывёле ўзімку патрэбны корм. I не ведае, ды і не імкнецца дазнацца ў самім сабе, ад чаго гэта такая лёгкасць у душы — ці то ад спластанага лугу, ці ад нялёгкае працы, ці проста ад пагоднага ранку. Яму добра, лагоднасупакойна, і ўсё.
Над алешнікам, каля вузенькай крывулястай дарожкі, яны снедаюць. Сцяпан выцягвае з кішэні старога пінжака загорнуты ў газеціну харч — кавалак сухой каўбасы, кус падталага масла, Лёнік — ладны акраец хлеба з прыліплай да споду аірынай і, мабыць, з дзесятак вараных яек. Усё гэта ён выкладвае на разасланую перад Сцяпанам газеціну. Адзін толькі дзед Змітрук, прымасціўшыся зводдаль, аднекуль выцяг бутэльку з сіняватым ад шкла малаком і сілкуецца сабе на водшыбе ад усіх.
— Ты што, Пятровіч, — кажа дзядзька Сцяпан. — Давай да кучы, смачней будзе.
— Ды не. Я ўжо малачком пачастуюся. Зубы, ці ведаеш, моцы не маюць. Эх-хе!..
Лёнік за ежай паступова жывее ад сваёй санлявае стомы, адно за адным аблузвае ў траву яйкі і бы глытае іх — без солі і без хлеба. Дзядзька Сцяпан жуе каўбасу і толькі дзівуецца.
— Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так!
— А што? — буркае Лёнік, утаропіўшы ў дзядзьку вузенькія вочкі. — Што мне касіць! Адышло; касіць тэхніка будзе. Каса ўжо ў музей просіцца.
— У музей?!
— А што ж! У атамны век — касіць?
Дзед Змітрук няпэўна чмыхае, — відаць, не адабраючы хлопцавых слоў, дзядзька Сцяпан пазірае на Лёніка з дакорам, так і хочацца сказаць яму: «Дурны ты, хлопец! Дужы, укормлены, а дурны!». Але Сцяпан скупаваты на словы і толькі пазірае ва ўпор на яго адным вокам і чакае, што той скажа яшчэ.
Лёнік, аднак, нічога не кажа болей, абыякавы да ўсіх, з’ядае свае дзесяць яек і бярэ акраец, што застаўся ад сняданку. Ён, відаць, добра перакусіў, аж ікае, страсае са штаноў шалупінне і не ведае, што зрабіць з хлебам. Пасля, пакруціўшы яго ў руках, размахваецца і шпурляе ўздоўж па дарозе. Акраец падскаквае некалькі разоў і знікае ў травяністай каляіне.
— Ай-яй, нядобра! — кажа дзед Змітрук. — Навошта ж так: хлеб жа!
У дзядзькі Сцяпана змыкаюцца сківіцы, нядобра сцюдзянее адзінае вока, і ён коратка кідае хлопцу:
— Ану падбяры!
— Хэ, падумаеш, скарынка! Мала вам хлеба, ці што?! — абыякава адгаворваецца Лёнік і соладка выцягваецца на траве.
— Падбяры хлеб, лайдак! — сурова ўжо выкрыквае дзядзька Сцяпан і не зводзіць позірку з Лёніка. Лёнік пазірае ў насуплены чалавекаў твар, і нешта там устрывожвае яго. Ён узнімаецца з долу, сядае, але ўсё яшчэ спрабуе адбараніцца ад Сцяпана.