— Чаго прычапіўся?! Во яшчэ…
У дзядзькі Сцяпана раптам уздрыгвае брыво, у воку нешта мутнее; на момант ён, здаецца, мярцвее, утаропіўшыся ў хлопца, а затым апантана ўскаквае, хапае касу і замахваецца. Не паспявае Лёнік уцяміць, што гэта робіцца, як дзядзька добра агравае яго разы два касавільнам.
— Ой-ой! За што? — надрыўна якоча Лёнік і ўскаквае на ногі. Ухапіўшыся за пабітае плячо, ён кульгікае да дарогі, усё азіраючыся і не разумеючы, за што так вызверыўся на яго гэты чалавек.
А дзядзька Сцяпан кідае прэч касавільна і сядае на сваё месца ў траве. Рукі яго дрыжаць, раменьчык глыбока ўрэзаўся ў лоб, ноздры шырока раздзімаюцца. Некалькі хвілін ён не можа супакоіцца ад сваёй нечаканай нервовасці, — ад нядаўняга лагоднага настрою не засталося і следу.
Лёнік неахвотна падыходзіць да акрайчыка ў каляіне, азіраецца, насуперак сваёй волі нахіляецца і паднімае з дарогі хлеб. Ён зноў не ведае, што рабіць з ім, недаўменна і крыўдліва пазірае на дзядзьку Сцяпана. А той ужо не бачыць ні Лёніка, ні гэтай травяністай дарогі: у яго ўзрушаную душу шырокім павадкам хлынулі паўзабытыя адчуванні даўніх жахлівых падзей…
…То быў спякотны, як сённяшні, ранак, пякельнае жнівеньскае неба, бясконцая стэпавая дарога і пыл, пыл…
Пыл густой рудай хмарай вісеў над дарогай, яго не зганяў вецер, бо не было ветру, і ён асядаў на навакольны сланечнік, кукурузу, на спіны, плечы, стрыжаныя галовы, бінты, шэрыя, рудыя, потныя твары байцоў.
Іх было шмат. Яны брылі па дарозе, па пяцёра ў рад, брылі без зброі, без ежы, без надзеі і вайсковае годнасці — брылі ў палон…
Абапал дарогі за пыльнай канавай, адставіўшы ўбок локці, неслі нарыхтаваныя аўтаматы насцярожаныя канваіры.
Людзі ішлі пятыя суткі…
Пятыя суткі без вады I без ежы, з закарэлымі на ранах бінтамі, са здзічэлым адчаем у вачах — абяззброеныя, пераможаныя, асуджаныя на пакуты і смерць…
Другім ад канавы ў гэтае безлічы няшчасных ішоў чырвонаармеец Сцяпан Валыга.
Ён быў яшчэ малады і вельмі не хацеў паміраць. Яго здаровае цела прагла жыцця, адпачынку, вады і хоць бы якога харчу. Але ні вады, ні ежы — пятыя суткі толькі дарога, пыл, бязладнае мільгаценне спавітых абмоткамі ног і тонкія тупыя ствалы аўтаматаў абапал.
А побач яшчэ шкандыбаў блізкі чалавек — аднавясковец, зямляк і сябар.
Ён зусім аслабеў, Кандрат Бокуць, — гэтага вось Лёніка бацька. Такі быў дужы і відны, а знясілеў раней за жылістага паджарага Сцяпана. Яны ішлі поруч, і Кандрат спачатку ціха, а затым усё з большай тугой і мальбою прасіў земляка:
— Сцяпанка, браток, памажы… Не кідай!
I Сцяпан, сам не чуючы пад сабой змярцвелых ног, памагаў чалавеку: нёс на сабе сваю і ягоную скаткі, пасля кінуў іх, падставіў Кандрату плячо, а затым і зусім павалок яго, перакінуўшы за сваю шыю яго руку. Толькі хіба гэтак доўга падможаш на спякотнай дарозе, у бязводдзі, голадзе і пакутах!
Нарэшце знямог і Сцяпан. Як ні стараліся яны ісці разам з усімі, але неўзабаве задняя пяцёрка абмінула іх, пасля міналі і міналі іншыя, і Кандрат са Сцяпанам апынуліся спакваля ў хвасце гэтай вялізнай калоны. Тут былі адны бедалагі — зусім аслабелыя і дужа параненыя. Далей ужо адставаць не было куды — ззаду за імі крочыла смерць.
У тае іх смерці былі здаравенныя, валасатыя, голыя да лакцёў рукі, два пісталеты ва ўчэпістых паўпудовых кулаках, бліскучай прошвай-маланкай разрэзаны на грудзях камбінезон і жоўтая цыгарэтка ў роце. Ён увесь час маўчаў, гэты чалавек-смерць; невядома, які быў яго чын, імя, але некаторыя канваіры клікалі яго Панцыргансам.
Сцяпан валок Кандрата і ўсё болей асядаў у зад калоны — бліжай і бліжай да гэтага рукастага вылюдка. Ён ведаў, што варта толькі ім параўняцца, як усё будзе скончана. Так ужо сталася не з адным дзесяткам іхніх паплечнікаў, што, прыстрэленыя, назаўжды засталіся ззаду.
I Сцяпан цягнуў земляка і супакойваў яго, спадзеючыся на які цуд, бо іншай надзеі на жыццё ўжо не было. Але Кандрат не слухаў яго просьб, усё марудней перабіраў нагамі і ўсё больш павісаў на Сцяпанавай шыі.
Так яны падыходзілі да нейкага хутара. З густой чашчобы сланечніку, што абступаў дарогу, паказаліся саламяныя стрэхі мазанак, канваіры заварушыліся, загыркаталі, цясней збіваючы калону. Кандрат, згледзеўшы жыллё, трошкі прыбадзёрыўся, узняў ад долу зруднелы твар, у яго патухлых вачах бліснула іскрынка надзеі. Усюды, дзе яны праходзілі сёлы, ім кідалі з-за платоў, з двароў, з расчыненых вокнаў сякі-такі харч, і хоць канваіры крычалі, білі прыкладамі і нават стралялі, каму-нікаму са «шчасліўцаў» усё ж трапляў які-небудзь кавалак, што адсоўваў пагібель.