Выбрать главу

— Разумень трэба! Не маленькі!

1960 г.

Чацвёртая няўдача

То была цяжкая работа.

Хай бы лепш ужо трапіўся глей, яго як — ніяк можна быіло б надзяўбці кіркай ды паціху павыкідаць рыдлёўкай. У гэтай жа праклятай лесавой зямлі, скрозь перавітай тоўстымі, як бізуны, і цвёрдымі, як дрот, яловымі каранямі, мала карысці ад кіркі, лома ці звычайнай штыхавой рыдлёўкі. Адно, што як-колечы памагала Турку капаць гэты акопчык, была сякера. Салдат раз — пораз выпростваўся з ямы, якая патроху, але ўсё ж глыбела, браўся за гразкае тапарышча і блішчастым затупленым лязом сек у цвёрдай зямлі непадаткія смаляныя карані. Пасля ён браў з кута рыдлёўку і кідаў ёю цераз плячо земляныя ацяробкі. Буйнейшыя камякі шасталі непадалёк у альховым кусце, а рассыпістая драбяза, падхопленая ветрам, пыльна трусіла на яго спіну, шыю, пілотку. Ад такой турботнае працы хлопец неўзабаве змарыўся. Не зважаючы на слоту асенняга надвор’я, ён расперазаў сваю трафейную дзягу з «гот міт унс» на алюмініевай спражцы, сцягнуў за рукавы шынель і выкінуў яго з акопа далей на мокрую, засыпаную зямлёй траву. За паўхвіліны тае перадышкі ён паспеў паглядзець назад, туды, на тэлефаністаў, што мясціліся з апаратамі на ўскрайку гэтай травяністай лясной прагаліны. Праўда, цікавілі Турка не тэлефаністы, а яго камандзір — старшы на батарэі лейтэнант Гаркавенка. Якраз было ціха, батарэя маўчала, і лейтэнант, расставіўшы калені, сядзеў на шырокім пні ля сваёй бусланогай бусолі і курыў. Позіркі іх сустрэліся.

— Ну што, пяхота? Уходаўся? — праз дым ад цыгаркі знарок зласнавата гукнуў лейтэнант, але Турок згледзеў, што вочы ў камандзіра ўжо добрыя, нават смяшлівыя, а ад былое злосці не засталося і следу. За мянушку ж тую — пяхота! — Турок ужо даўно перастаў крыўдаваць на лейтэнанта і на хлопцаў, можа таму, што прывык, а можа адтаго, што не адчуваў тут ніякай сваёй віны. Хіба ён быў вінаваты, што яго перадалі гэтай батарэі са стралковага батальёна, у якім ён пачынаў франтавую службу, і таму ў артылерыйскай навуцы не дужа што, як кажуць, кумекаў. Ад лейтэнантавай адмякчэласці хлопцу трохі палепшала ў гэтай пераплеценай каранямі яме; ён уздыхнуў, папляваў на далоні і з новаю сілай узяўся за цёплы, адслізганы тронак рыдлёўкі.

З самага ранку гэтага слотнага дня паваліліся на радавога Турка дробныя і вялікія няўдачы. Пачалося з таго, што на старой агнявой пазіцыі, з якой яны на світанні зняліся, ён забыўся сваю тарбінку з сякім — такім салдацкім набыткам. Праўда, дужа каштоўнага там не было нічога, хіба толькі новыя байкавыя анучы, ні разу яшчэ не абутыя і беражоныя на самы неабходны выпадак. Турок пабедаваў крыху ды можа і забыўся б на тую няўдачу, калі б праз якую гадзіну не напаткала яго другая. Збіраючыся паснедаць і ўжо дастаючы з-за абмоткі сваю пагнутую лыжку, ён незнарок перакуліў кацялок і выліў у траву ўвесь крупнік. Пакуль хлопцы рагаталі з яго, Турок усухамятку зжаваў сваю хлебную пайку, нявесела пазіраючы ў той бок, дзе батарэйны кухар мыў у ручаіне парожнія тэрмасы.

Трэцяе ж ліха было куды горшае. Батарэя вяла агонь, лейтэнант Гаркавенка сваім заўсягдашнім нейкім злосным голасам крычаў ад бусолі каманды. Раз — пораз тузаючыся, бы прысядаючы на высокіх гумовых колах, гахалі гаўбіцы — недзе за лесам нашых атакоўвалі немцы. Турок быў зарадным — седзячы ў папараці каля гарматы, выдзіраў з гільз парафінавыя донцы і, слухаючы каманду Гаркавенкі, «рабіў зарад».

— Зарад трэці! — крычаў Гаркавенка, і Турок вымаў з шырокай, бы глечык, гільзы тры мяшэчкі дробнага пораху.

— Зарад чацвёрты! — вымаў чатыры мяшэчкі, пяты — пяць. Гільзу зараз жа трэба было перадаць зараджаючаму.

У той раз ці можа Турка задужа аглушыла стрэлам, ці заікнуўся як лейтэнант Гаркавенка, толькі салдат не пачуў нумара зарада і, схапіўшы са скрынкі слізкую ад змазкі гільзу, сумеўся. Пэўна, трэба было запытацца, але камандзір з выгляду быў дужа непрыступны і злосны, вакол грымелі стрэлы іншых гармат і ўстрывожана мітусіліся хлопцы. Зараджаючы ўжо працяг свае хапастыя рукі за чарговай гільзай, і Турок хуценька выкінуў у траву чатыры мяшэчкі. Затым гармата пальнула, хлопца абдало парахавым смуродам, ударыла ў левае вуха. Ён ухапіў новую гільзу, вырваў парафінавае донца, але Гаркавенка чамусьці не камандаваў далей і батарэя прыціхла. Хлопец устрывожана азірнуўся — старшы на батарэі, стоячы на каленях ля свайго прысадзістага пня, прыціх з блакнотам у руках і пазіраў на тэлефаніста, які штосьці не мог разабраць з таго, што чулася ў трубцы. Пасля гэтую трубку ў яго вырваў Гаркавенка.