Выбрать главу

«Камбат гаворыць», — здагадаўся Турок і сцяўся, прысеў у траве, адчуўшы, што памыліўся з зарадам і нарабіў ліха.

Так яно і сталася. Лейтэнант хутка кінуў тэлефаністу трубку, ускочыў на ногі і, паўстаўшы на прагаліне, як тая яго цыбатая бусоль, — вялізны, паджары і строгі — закрычаў да іхняй гарматы:

— Сяржант Петракоў, чаму снарад адарваўся? Далажыць прыцэл!

— Сто дваццаць чатыры, — адказаў сяржант, зірнуўшы ў сваю паперку.

— Зарад?

— Турок, які зарад? — здаецца, западозрыўшы штосьці, гукнуў да хлопца сяржант, і Турок, адчуўшы, як раптоўна самлелі яго калені, няпэўна сказаў:

— Дык гэта… Чацвёрты, я думаў.

— Чацвёрты!!! — грымотна раўнуў Гаркавенка. — Я табе пакажу чацвёрты! Уся батарэя страляе на трэцім, а яму чацвёрты! — Хуткім крокам ён рушыў да іхняй гарматы, але не дайшоў, спыніўся і закрычаў:

— Прэч адсюль! Марш ровік капаць! Жыва! — I дадаў цішэй, але яшчэ болей злосна і кпліва: — Ух ты, пяхота!

Так Турок апынуўся ў недакапанай яме і паныла калупаўся тут ужо мабыць з паўдня. Даўно батарэя перастала страляць, хлопцы ў разліках маскіравалі гаўбіцы, чакалі вячэры, а ён усё не мог скончыць гэтага ровіка для батарэйных снарадаў. У адзіноце і ўціхласці хлопцу было трошкі крыўдна на душы ад лейтэнантавай строгасці, трошкі прыкра на самога сябе за тую памылку. Памыляўся ён ужо не адзін раз, батарэйцы за тое кпілі з яго, самага маладога тут і неспрактыкаванага, камандзіры часта скарыстоўвалі хлопца на розных дробязных турботных работах, бо якраз ён быў такі, каго тут найменш паважалі. Праўда, хлопец трываў, стараўся, не дужа крыўдаваў і ніколі не сварыўся ні з кім.

Урэшце можна было і спачыць, глыбіня ўжо стала такая, што Турок ледзьве не хаваўся ў яміне. Накапаная зямля затуліла ад яго і гарматы, і тэлефаністаў, і лейтэнанта Гаркавенку, толькі кашлатыя елкі тырчалі ў небе шышкатымі верхавінамі. Неба было самотна-шэрае, мутнае; з туману ці нізкіх ускалмачаных хмар сеялася на дол восеньская золь, — відаць, к ночы збіраўся дождж. Прыкметна вечарэла. За хмызняком, у баку ворага, стала зусім ціха — ні стрэлу, ні выбуху, толькі справа, у суседзяў, з роўнымі прамежкамі часу рваліся міны і ў лясной далечы прыцішана грукатала рэха.

Турок зморана аддыхваўся і думаў, што яшчэ якіх два-тры штыхі і, пэўна, будзе даволі — метр пяцьдзесят, якраз у яго рост, а болей для ровіка пад снарады і не трэба. Але калі ён наступіў на рыдлёўку, каб як упіхнуць яе ў зямлю, пачуў нечы голас. Турок выпрастаўся — здаля яўна да яго гукаў лейтэнант Гаркавенка:

— …не чуеш, ці што? Ану вылазь!

Турок падскочыў і выбраўся на бруствер. На пні ля лейтэнантавай бусолі сядзеў незнаемы афіцэр у фуражцы з самадзельным казырком, ля яго стаяў Гаркавенка і нецярпліва чакаў, пакуль Турок падбяжыць да іх. Хлопец ацерушыў гімнасцёрку і паслухмяна падбег, запытальна пазіраючы ў заўсёды загадкавы лейтэнантаў твар.

— Ану адзявайся. Начальніка разведкі, капітана, да КП праводзіш. Ды падсобіш там: ён паранены.

Турок подбегам кінуўся да ровіка, струхнуў з шыняля пясок і тады спахапіўся, што не ведае, дзе той КП.

— А куды ж гэта ісці?

— Вось па лініі. Па чырвоным провадзе, — гукнуў з вузенькай траншэйкі тэлефаніст. — Проста цераз лес да дарогі, а там у палкавых сувязістаў спытаеш.

— Нашто пытаць, — сказаў лейтэнант і зусім ужо пасяброўску паклікаў: — Ідзі сюды.

Напінаючы на сябе шынель, Турок падбег да камандзіра і спыніўся — нізенькі, з пакамечанымі пагонамі і расплюснутай на галаве пілоткай — побач з даўганогім вялізным Гаркавенкам. Лейтэнант павярнуў яго тварам да лесу і выцяг над плячом руку.

— Вунь, бачыш, між елак гарбіна голая. То вышыня трыццаць пяць і пяць. Яна ў немцаў. А вунь у бок ад яе тырчыць сухадрэвіна, ля яе і КП.

Турок не дужа ўпэўнена кіўнуў — сухадрэвіну ён сапраўды ўбачыў, толькі гэта было далёка, на бугры за лесам, — мабыць, якіх кіламетры за тры адгэтуль. Можа б, трэба было распытаць падрабязней, але лейтэнант строга прыкрыкнуў:

— I давай хутчэй! Каб праз гадзіну назад! Чуў ты, пяхота?

Турок закінуў на спіну вінтоўку, на хаду падперазаўся.

З пня зморана падняўся капітан — маладжавы плячысты дужак у расхрыстанай зялёнай ватоўцы, пад якою паблісквалі спражкі — большая на жываце ад рамяня і маленькая на грудзях — ад партупеі. Устаўшы, ён абапёрся на нейкую патарчаку, якая была ў яго замест кія, трохі перасмыкнуў вуснамі і засцярожліва ступіў на левую нагу. Турок пачакаў трохі, а пасля па — над провадам няспешна пайшоў да лесу.

Афіцэр, аднак, дужа кульгаў. Ледзь толькі прыступіўшы на левы бот, ён хуценька сігаў правай нагой і пасля марудна, з асцярогай, пераносіў наперад левую. Твар ягоны пры гэтым — хударлявы, трошкі нервовы твар чалавека, няз — выклага да дробязных нягодаў жыцця, — выражаў незадаволенасць і прыкрасць. Турок праз якіх дваццаць крокаў спыніўся пад разлапістай елкай і пачакаў, пакуль капітан прыкульгікае бліжэй. Гэтага афіцэра Турок бачыў упершыню і, адчуваючы сябе гаспадаром у іх падарожжы, падумаў, што трэба нешта загаманіць да яго, бо моўчкі ісці нядобра. I ён запытаўся: