— Мусіць, здорава вас параніла?
— Ды ўжо ж, — скупа азваўся капітан, пакутна кульгікаючы.
— Куляй ці асколкам?
— А ты што — доктар?
Капітан праз боль на твары няласкава паглядзеў на хлопца, і той сумеўся, навошта было балбатаць: ведама ж, начальнік, ды яшчэ паранены. Афіцэр жа падышоў да яго бліжэй і, пэўна, каб паправіць уражанне, вытлумачыў:
— Куляй ці асколкам — цяпер усё роўна. Цяпер на пару тыдняў медсанбат. Калі толькі да немцаў не трапім.
— А хіба яны блізка? — здзівіўся Турок.
— Блізка. На стыку з сорак шостым прарваліся.
— З сорак шостым? — Салдат аж прыпыніўся. — Гэта там? — Ён паказаў у той бок, куды ім трэба было ісці.
— Эге ж, там.
Турок зноў прыпыніў хаду, услухаўся. Навокал уперамешку з алешнікам, пагойдваючы верхавінамі, стаялі замшэлыя елкі, пад іх абвіслым долу суччом збіраўся ўжо змрок. Было ціха, толькі лесавы шум угары то расплываўся хвалямі, то заціхаў. Мінныя выбухі, што чуваць былі паўгадзіны назад, цяпер сціхлі, але недзе ўдалечы дробным рассыпістым рэхам пракацілася кулямётная чарга. Зблізку ў вяршалінах пракрумкала невядома чым патрывожаная варона.
Хлопец, аднак, прыцяў у сабе зачаткі трывогі — усё ж на тую хаду не яго была воля, капітана трэба было весці далей — і, страціўшы ахвоту да гаворкі, моўчкі пайшоў уперад. Лес быў не дужа густы, хмызняк пад елкамі ўжо добра пацерабіла восень, у вільготным паветры стаяў гаркавата-смалісты пах ігліцы. Хутка ім трапіўся пністы расцяроб з высокай да калень папараццю і ссохлым паламаным маліннікам, у якіх зусім гублялася тоненькая нітачка проваду. Каб не збіцца з кірунку, хлопец раз — пораз браў яе ў руку і шкандыбаў так, прыслухоўваючыся да лесавых гукаў і далёкай страляніны. Провад казытаў далонь, часам на ім набягалі аголеныя драцяныя вузлы, яны балюча калолі далонь. Турок тады кідаў провад і стараўся толькі бачыць яго. У двух месцах на лініі трапіліся парожнія шпулькі — пакінутыя да часу сувязістамі, шпулькі ляжалі ў траве. На адной Турок згледзеў фанерную бірку з прозвішчам «Трахімчук» і прыпамятаў рабога сувязіста, забітага пад вёскай Лычы. Ад таго хлопцу стала крыху ніякавата — чалавека ўжо з месяц няма, а на шпульцы ўсё ягоная бірка, нібы і дагэтуль яе гаспадар — нябожчык Трахімчук.
Але елкі спакваля пачалі расступацца, стала крыху святлей, навокал усё болей трапляла алешніку. Капітан па — ранейшаму адставаў, і Турок, як ні намагаўся ісці павольней, усё адрываўся ад яго. Вакол былі глухмень і бязлюддзе.
Пасля пачалася нейкая забалаць, Турковыя башмакі шасталі ў апалым альховым лісці, пад якім чвякала макрэдзь. Капітану ісці стала яшчэ горш, ён усё болей ашчадна ставіў сваю параненую нагу і ўсё марудней кульгікаў за хлопцам. Тым часам змяркалася, провад у траве ўжо цяжка было згледзець, і Турок зноў узяў яго ў жменю. Неба касмылявілася, насела на самыя верхавіны дрэў, раз — пораз налятаў халодны вецер, устрывожана шамацеў хмызняком і напаўняў лес непрытульнасцю ды прадчуваннем ночы.
— Салдат! — раптам гукнуў ззаду капітан. — Стой!
Турок азірнуўся, капітан прыкульгікаў да струхлелага пня і, падкорчыўшы нагу, апусціўся на яго. Хлопец падышоў да афіцэра, той выставіў аблеплены лісцем бот і загадаў:
— Ану пацягні. Толькі паціху.
Турок прысланіў да алешыны вінтоўку і далікатна пацягнуў яго мокры бот. Капітан учапіўся рукамі ў трухляціны пня, упёрся здаровай нагою ў дол і сцяў сківіцы.
— Дужэй! Ды не рві адразу. Раўней.
Хлопец здзеў бот. Капітан, усё яшчэ не разнімаючы сківіц, пасядзеў з хвіліну, а пасля пачаў тужэй абмотваць анучай нагу. Пэўна, у боце ён ужо ісці не мог і рабіў гэта, каб аблегчыць пакуты. Турок памагаў загарнуць анучу, але яна ўсё раскручвалася ды і была не дужа вялікая, каб трымацца на назе. Гледзячы на зацяты афіцэраў твар, хлопец агартаўся спагадай да гэтага чалавека за яго пакуты і, як-колечы прыладзіўшы на яго забінтаваных шчыкалатках анучу, сказаў:
— А давайце яшчэ і мае накруцім.
Капітан не адмовіўся, і Турок разбэрсаў свае змакрэлыя чаравікі; удвох яны добра ўкруцілі параненую нагу. Каб лепей трымалася гэтая кульба, яе трэба было звязаць, і капітан зняў з рамяня партупею. з-пад ватоўкі на ягоных грудзях бліснулі тры ордэны, гэта яшчэ болей надало хлопцу павагі да афіцэра; ён ужо адчуваў у сабе нястрымную адданасць да яго. Пасля капітан абвязаў нагу партупеяй і ўстаў з пня.