Выбрать главу

— А вы ступайце на пятку. Так, пэўна, зручней будзе, — параіў Турок. Афіцэр без увагі на хлопца паціху пашкандыбаў па сцяжыне, несучы на незадаволеным твары абыякавасць да ўсяго, што не датычыла ягонай нагі.

Яны ішлі так адзін за адным. Турок увесь час азіраўся на спадарожніка, які нёс пад пахай свой здзеты бот і ішоў па — ранейшаму вельмі марудна. У лесе вечарэла, неяк непрытульна глушэла, хацелася хутчэй выбрацца куды на поле з гэтых хмызнякоў, і хлопец, сам таго не прыкмячаючы, прыбаўляў хады. Навокал нідзе не было нікога, і гэтае бязлюддзе пачынала прыгнятаць. У голаў лезлі роз — ныя нядобрыя думкі, і, каб пазбыцца іх, Турок пачаў думаць пра агнявую пазіцыю, дзе цяпер было ціха і спакойна; хлопцы, пэўна, павячэралі ўжо, толькі вось ён увесь дзень не еўшы. Хутчэй бы дайсці да КП, вярнуцца, тады б ужо ён пазбыўся гэтае трывожнай няўтульнасці. За шмат дзён вайны Турок прывык да батарэі і агнявую пазіцыю лічыў сваім нібы хатнім прытулкам.

Так думаў Турок, пазіраючы ўздоўж крывулястай лесавой сцяжыны ў хмызняку, як аднекуль, — здаецца, панад самай яго галавой, раздаўся жахлівы, унутрана-гарлавы крык:

— У-у-у-у-уп!

Турок жахнуўся, скалануўся, аж прысеў, і не паспеў яшчэ апамятацца, як крык паўтарыўся двойчы:

— У-у-у-уп! У-у-у-уп!

Капітан таксама спыніўся, але толькі на якую секунду, затым зноў пакульгікаў сцяжынай. Турок стаяў і пазіраў то ў хмызняк, то на свайго спадарожніка.

— Гідота птушка, — сказаў афіцэр, падышоўшы бліжэй. — А ты што, збаяўся?

Турок не адказаў і, азіраючыся па баках, пайшоў далей. Хоць цяпер хлопец і ведаў, што гэта не якая нядобрая сіла, але ад чакання зноў учуць гэты жахлівы крык у Турка ледзянела нутро. Ён яшчэ прайшоў крыху з вінтоўкай пад пахай і раптам спахапіўся, што на сцяжыне не відно провада. Уласна не было ўжо і сцяжыны, яны ішлі між кустоў ляшчынніка, рэдкіх маладых елачак, якія цьмянымі сілуэтамі падазрона чарнелі сям — там. Турок спыніўся, нахіліўся ў дол, кінуўся ўбок, прагрэб пальцамі апалае лісце, пасля падаўся ў другі бок. Капітан стаў, насуплена паглядзеў на мітусню свайго праважатага і нядобра сказаў: — Што, згубіў?

Турок усё кідаўся сюды — туды, яшчэ не трацячы надзеі знайсці провад, і ўсё бубніў сабе: «Толькі ж быў. От жа халера!..»

Капітан пастаяў, паслухаў; скрозь было ціха і пуста, хоць бы дзе які стрэл, які гук. Усё знікла, знямела, у кустах зусім разлеглася цемра; з навіслага неба пачаў накропваць дробны рэдзенькі дожджык. Турок адышоўся далёка, усё заграбаючы ў змроку лісцвяны дол, накалоў на сукавіну руку, але провада нідзе не знайшоў. Тады ён спалохаўся ад думкі, што ў гэтай дажджавой цемры можа згубіцца і капітан, і вярнуўся да яго. Хлопец адчуваў сябе зусім вінаватым і не ведаў, куды ісці далей.

— Ну дык што ж! — знарок спакойна сказаў капітан. — Заначуем?

Турок пачуў непрыкрыты папрок у яго голасе, але змоўчаў, і афіцэр тады ўжо не стрымаў сваёй злосці.

— Балбес ты, а не салдат. Сказана ж было — па провадзе. Трэ было трымаць яго. Ну, а цяпер што?

Турок не ведаў, што рабіць цяпер; ён маўчаў, і было хлопцу вельмі адзінока тут, у лесе, уначы, побач з гэтым няласкавым на слова чалавекам. Капітан жа, да якога ён зусім нядаўна яшчэ пачаў гарнуцца душой, цяпер, не тоячы сваёй прыкрасці, зацята глядзеў на Турка.

— Пайшлі сюды! — сказаў урэшце афіцэр і пакульгікаў некуды ў змрок між кустоўя; за ім, уздыхнуўшы, падаўся Турок.

Капітан вёў доўга і марудна. Сцябаючы хлопца веццем, ён прадзіраўся праз нейкі гушчар. Абодва яны адхіналіся ў бакі, нахіляліся, але ўсё роўна натыкаліся на суччо, паабдзіралі рукі і твары і толькі засцерагалі вочы. Навокал па кустах і апалай лістоце лапацеў пагусцелы дождж. Турковы плечы, пілотка і рукавы шыняля ўсё болей макрэлі. У думках хлопец праклінаў сябе за няўвагу, за тыя дзіцячыя страхі — ад нейкай там птушкі! — і адчуваў сябе вельмі няўдалым. Пра батарэю і лейтэнанта Гаркавенку ён проста баяўся падумаць — невядома было, як вяртацца туды пасля гэтай яго чацвёртай няўдачы.

Наваколле змоўкла, счарнела, схавалася, праглынутае непагодлівай ноччу, і нідзе не было ніякіх адзнак чалавека. Капітан часта спыняўся, слухаў, Турок таксама тады прыпыняўся за ягонай спіной і таксама ўслухоўваўся ў ноч. Але скрозь было толькі роўнае лапатанне дажджу і болей нічога. Турку стала здавацца, што яны даўно ўжо мінулі тую вышыню з сухадрэвінай і той іх КП і блукаюць недзе ў тыле палка, а можа нават ля штаба дывізіі. Але яго меркаванне цяпер мала што значыла, наперадзе ішоў капітан, ён моўчкі некуды вёў, і хлопец пакорліва плёўся следам.