Выбрать главу

Так яны перайшлі грудок з бярэзнікам, у якім вельмі пахла прэлай ліствой і грыбамі. У адным месцы трапіўся на шляху нейкі гнілячок, аблеплены зеленаватым роівам светлячкоў. Турок дзеўбануў яго чаравікам, і светлячкі, разляцеўшыся ў траве, ціха заблішчалі навокал. Хлопец прыгнуўся за адным, як раптам наваколле праяснілася, захісталася, — Турок схамянуўся, — нейкае святло наперадзе разагнала цемру, асвяціла неба, сталі відаць верхавіны алешын. Святло дрыготка пасунулася па небасхіле, прыцьмела і неяк раптоўна згасла. Стала яшчэ цямней, і Турок здагадаўся тады, што гэта ракета. Капітан спыніўся, трохі паслухаў, і паціху пайшоў ранейшым кірункам. Турок жа не ведаў, радавацца ад ракеты ці непакоіцца, хоць адчуванне блізкасці людзей надало крыху бадзёрасці.

Неўзабаве яны нечакана неяк вылезлі з кустоўя на поле. Вецер дажджавой сцюжаю дыхнуў у іхнія твары; ад таго, што перастаў шастаць хмызняк, стала ціха і пуста. Капітан з паўхвіліны зноў пастаяў, паслухаў і ўжо ступіў уздоўж па ўзлеску некалькі сваіх кульгавых крокаў, як зноў спыніўся. Турок таксама стаў, схіліў набок голаў і ўслухаўся. Там былі людзі. Наперадзе ў полі перад узлескам чулася нейкая невыразная гамана, лязгнула жалеза, пасля нехта глуха, прастуджана закашляў. Турок спачатку ажно ўзрадаваўся, але насцярожаная падазронасць афіцэра прыглушыла яго заўчасную радасць. Каб лепей разгледзець што ў цемры, капітан прысеў пад кустоўем. Турок таксама ўкленчыў ля яго і паклаў далонь на рукаятку затвора. Пэўна што там, праз якіх сто метраў, былі людзі, але свае ці немцы — нельга было ні ўчуць, ні ўбачыць. А ў такі вось час, калі Турок з капітанам, нічога не ўчуўшы, хацелі было падацца далей, нехта выразна загаманіў з цемры:

— Брынг маль, Отта, обер філь, дас золь фюр унс бейдэ генюген.

Турок змярцвеў, учуўшы такое, а капітан побач выцягнуў з-пад ватоўкі пісталет. Тады зусім блізка наперадзе зашорхалі крокі, і з цемры коратка і буркатліва азваўся прастуджаны голас:

— На шон, вірдгемахт.

То былі немцы.

З-пад кустоўя стала добра чуваць, што проста на іх нетаропка ішоў чалавек. Ён кашлянуў, адкырхаўся, плюнуў і нетаропка пашкандыбаў да ўзлеску. Турок быццам сцяўся ў боязны маленькі камячок, стуліўся ля афіцэрава пляча і ўсімі сіламі прымушаў сябе сядзець ціха, змярцвець і чакаць, што зробяць двое: капітан і той немец. Капітан настырчыўся, падцягнуўся, выцяг шыю, падабраў пад сябе рукі, бы перад скачком, а немец тым часам падышоў да ўзлеску ў дзесяці кроках ад іх і, сапучы ды шастаючы веццем, пачаў ламаць алешнік.

«Цікаць… цікаць… цікаць!» — патрабавала ўсё Туркова нутро, хлопец ажна акрыяў, што самае страшнае мінула, што немец не заўважыў іх. Але капітан марудзіў, і хлопец мярцвеў ля яго, баючыся паварушыцца, каб даць знак, што трэба ўцякаць. Праз якую хвіліну, праўда, капітан павярнуўся, загрэбшы рукой, падгарнуў да сябе Туркову голаў у мокрай пілотцы і абдаў яго шчаку цёплым дыханнем:

— Возьмем! Ты аглушы прыкладам!

Спачатку Турок не зразумеў яго, а затым з самай глыбіні ягонай душы ўзняўся пратэст — нашто? Так хацелася ўратавацца і так гэта было магчыма — навошта ісці самім па добрай волі ў самую ляпу смерці. Але капітан, бы і не падазраючы нічога, — ні боязі салдата, ні такой блізкай магчымасці паратунку — прыгнуўся і нячутна, на чацвярэньках, падаўся ў змрок. I Турок, маўкліва пратэстуючы ўсім нутром, мусіў прыдушыць у сабе баязліўца, заглушыць благія прадчуванні і, таксама прыгнуўшыся да самага долу, пасігаць за афіцэрам. Усё ў ім было паралізавана страхам і воляю капітана; супрацьлеглыя гэтыя адчуванні спляліся ўнутры, непадуладныя адзін аднаму. Так з імі Турок машынальна і сігаў у змрок, дзе зусім блізка шастаў хмызняк, хрускалі галінкі і пасопваў блізкі, загадкавы і страшны вораг.

Капітан урэшце спыніўся, зноў прыціснуўся к долу — адчувалася, немец быў ужо зусім побач, нават трохі відаць было на фоне неба, як гойдалася верхавіна алешыны, якую ламаў ён. Капітан тады павярнуўся, дацягнуўся да Турковага вуха і шапнуў:

— Ускочыш і глушы па галаве. Я следам…

Ён памаўчаў, угледзеўшыся ў цемру, трохі счакаў і затым цвёрдай рукой загадна штурхнуў яго ў спіну.

Турок не дужа спрытна ўскочыў, бадай не адчуваючы нічога. Пэўна, трэба было прыгнуцца, але ён ужо дрэнна валодаў сабой, на вялых, бы ватных нагах ступіў разы два ў цемру, дзе шастала дрэўца. У адно імгненне пад кустоўем трапянулася цьмяная постаць, мільганула і застыла шэрая пляма твару — выпушчаная з рук алешына махнула ўгары верхавінай. I тады Турок размахнуўся з усяе сілы і выцяў немца вінтоўкай па галаве.