Выбрать главу

Невядома, колькі цягнуўся іх той лесавы шлях. Здавалася Турку, што яны зайшлі ўжо вельмі далёка, а лес усё не канчаўся. Ужо двойчы хлопец падаў, разбіваючы аб карані локці. За імі ніхто не гнаўся, і нідзе не чутно было стрэлу, не бачна ніводнага ракетнага водбліску. Тым часам дождж перастаў, угары між вяршалін дрэў тамсям заміргалі рэдкія зоркі і з-за ашмоцця хмар выплыў над лесам месяц.

Турок ішоў за капітанам, выцягшы наперад левую руку, бы сляпы за павадыром, галава яго была прыціснута целам ворага, балела шыя, і ён нічога не бачыў у цемрыве ночы. Капітан, абапіраючыся на палку, няроўна скакаў адным бокам. Але вось ён чагосьці спыніўся, паварушыў перад сабой кіем, як сляпы, намацваючы дарогу, пасля павярнуўся і папярэдзіў салдата:

— Асцярожней! Хадзі сюды.

Турок няспрытна павярнуў голаў — наперадзе пад слабым месячным святлом слалася ледзьве прыкметнае шызаватае курыва туману. Кустоўе тут адступілася, — відаць, непадалёк унізе раскінулася шырокая лесавая аўражына. Яны пайшлі па — над яе берагам. Здалося Турку, ішлі яны вельмі доўга. Немец сваім цяжарам упарта гнуў к долу хлапечую постаць, нястрымна спаўзаў з плячэй.

Аднойчы Турок наскочыў на куст ядлоўцу і ўпаў, балюча ўдарыўшыся бокам аб нешта цвёрдае. Немец распластаўся на моху, а ў хлапечых грудзях ад болю перацяло дыханне. Пачуўшы благое, капітан вярнуўся да салдата. Ён дапамог Турку сесці і сам апусціўся на імшарыну, выцягшы наперад натруджаную нагу. Нейкі час хлопец стагнаў і корчыўся, не могучы суняць боль, але пакрысе аддыхаўся.

— Ось такі, брат, разведчыцкі хлеб, — сур’ёзна зазначыў капітан. — Зразумеў?

Турок зразумеў, вядома, але ўсё маўчаў, бо дужа балела ў баку. Капітан, уздыхнуўшы, таксама змоўк, яны абодва суцішыліся і, з’яднаныя адным клопатам, у той час без слоў пабліжэлі адзін да аднаго. Пасля капітан сказаў:

— Дзве ночы да іх лазілі і марна. Шэсць чалавек палажылі. Мяне вось падстрэлілі. А тут неспадзеўку пашанцавала. — Ён трохі памаўчаў і дадаў з таварысцкай шчырасцю: — Але ты гэта ладна аглушыў яго. Я, прызнацца, не думаў.

Турку стала лягчэй ад тае пахвалы, аднак ён прастадушна прызнаўся:

— Я ўжо не памятаю, як усё і сталася. З непрывычкі.

— Нічога, прывыкнеш, — заспакоіў капітан. — Першы раз, ведама. — Пасля, нібы знянацку надумаўшы тое, спытаў: — Хочаш, я цябе ў разведку вазьму? Га? Як ты думаеш?

— Ну што вы?! — здзівіўся Турок, прыпамятаўшы лейтэнанта Гаркавенку і сваіх батарэйцаў, якія заўжды з’едліва пасмейваліся з яго нерухавасці. Зноў жа зусім яшчэ светлыя былі ў адчуванні нядаўнія страхі, нягожыя для разведчыка. Але падумаўшы крыху, Турок зразумеў, што ўсе пакуты засталіся адно ў ягонай душы, капітан жа меркаваў толькі па ўчынках. I, невядома чаму, гэтая капітанава прапанова праз хвіліну не здалася яму недарэчнай.

Праўда, ён усё ж не адважыўся пагадзіцца, а капітан, нібы адразу забыўшыся на сваю прапанову, угледзеўся ў ноч.

— Праклятая цемра. Хоць бы як з гэтага лесу выбрацца. Ты, мусіць, прыстаў ужо?

— Ды не, чаму? — прахапіўся Турок і заварушыўся, пакутна ўстаючы на ногі, але толькі падняўся на калені, як зноў апусціўся долу. Ён зусім ужо выбіўся з сілы і, добра не адпачыўшы, наўрад ці здолеў бы ўтрымаць на сабе немца. Слухаючы яго хрыпатае надрыўнае дыханне, капітан зразумеў гэта і змоўк. Побач ціха, не шавелячыся, ляжаў іхні «язык», а з другога боку ў месячным святле курылася туманом праваліна аўрага.

— Вось што, — падумаўшы, сказаў капітан. — Ты чакай тут, а я пайду. Можа каго спаткаю. Павінен жа быць нехта.

Турок заварушыўся, яму ўраз стала ніякавата за сваю знямогу; думалася, не капітан, а ён пасланы сюды, каб турбавацца, як выйсці да сваіх. Але сілы ў яго ўжо не засталося ніколькі.

— Бяры вінтоўку і глядзі. Чакай, — сказаў афіцэр, устаў і пакульгікаў у лес.

Турок трошкі суняў свае адчуванні, насцярожыўся, узяў у рукі вінтоўку. Капітан адразу ж прапаў, бы растаў у змроку — нейкі нядоўгі час чутны былі яго крокі, патрэсквалі галінкі ў доле, прашархацелі прыаўражныя кусты. Потым усё змоўкла.

Хлопец з асаблівай самотаю адчуў сваю адзіноту і аж схамянуўся ад няпэўнага таямнічага страху. Стаіўшыся ў імшарыне, ён стараўся не паварушыцца, каб не парушыць цішыні, а сам глядзеў да болю ў вачах і слухаў. Паблізу было ціха, але аднекуль здалёк, з лесавой чашчобы, вынікалі загадкавыя гукі — нешта ціхенька заляскала ў галлі, разы тры піснула, пасля рыпнула, бы якая сухадрэвіна або дзяркач. Аднойчы ў тым баку, за аўрагам, залапатала крыламі нейкая патрывожаная птушка. Сярпок месяца сеў на выгінастую сукавіну елкі і то хаваўся за ашмоцце растрэсеных ветрам хмар, то зноў сціпла блішчаў на небе. Насцярожыўшыся і ўжо забыўшыся на знямогу, хлопец стаіўся, прыціх, нават запыніў дыханне і чакаў.