I ў гэтай яго насцярожанасці да загадкавых, таямнічых і падазроных спраў лесу зусім блізка ля хлопца ўсім целам трапятнуўся немец.
Гэта было так нечакана, што Турок таксама ажно здрыгануўся і ледзьве не крыкнуў. Хлопец падаўся назад, ухапіўшыся за ложа вінтоўкі, але немец ляжаў і не ўскокваў. Яшчэ праз якіх пяць хвілін Турок крыху ачуняў ад спалоху і падумаў, што немец заварушыўся ў непрытомнасці. Хлопец вельмі хацеў, каб «язык» не апрытомнеў цяпер, калі не было капітана; ён проста не ведаў, што рабіць яму, калі вораг усё ж ачнецца.
Вельмі непакоячыся, салдат паціху падняўся і, асцярожна ступаючы, падышоў да немца. Месяц якраз выбег з-за хмар і трохі асвяціў змрочную ў доле постаць, гузікі на шынялі, адарваны пагон, звернуты набок твар з глыбокімі цёмнымі плямамі замест вачэй. З роту ворага ўсё тырчаў кляп — ягоная пілотка.
Трошкі нагнуўшыся, Турок асцярожна зазірнуў зверху ў гэты прыцьмелы твар, як раптам немец зноў варухнуўся, крутнуў галавой і замычаў нешта. Турок адскочыў, інстынктыўна скіраваўшы на яго дула вінтоўкі, але немец, відаць, уставаць не збіраўся. Ён толькі закруціў галавой, замычаў нешта, і Турка ахапіў отарап.
Пэўна, немцу дапякала нешта, — можа, боль ці якая патрэба, бо калі б ён хацеў устаць, дык зрабіў бы гэта. Але ён толькі пераваліўся на бок, скорчыўся з падкручанымі назад рукамі і мычаў, умольна, як здалося Турку, узіраючыся ў вартавога. Турок не ведаў, што яму рабіць, і напружана ўслухоўваўся ў начныя шолахі. Ён вельмі чакаў капітана.
А немец тым часам пачаў жаласна неяк скуголіць. Бы малое шчанё, круціў ён галавой і сяк і так, быццам стараючыся выкінуць з рота кляп. Стоячы праз тры крокі ад яго, Турок з кожнай хвілінай адчуваў усё больш непакою. Бездапаможныя енкі немца неяк аслабілі ў хлопца страх, ён апусціў долу вінтоўку і падумаў, ці не выцягнуць у яго кляп. Яшчэ каб не задушыўся. Скрозь было ціха, немец здаваўся дужа аслабелым, да таго ж рукі яго былі звязаны. I хлопец, нядоўга павагаўшыся, ступіў бліжэй і тузануў з варожага рота пілотку.
I ў тое ж імгненне нешта ўдарыла яго па нагах. Турок не паспеў нават войкнуць, як апынуўся ў доле, а немец, крутнуўшыся побач, нечым тупым і цяжкім, напэўна ботам, ляпнуў яго ў скроню. З хлапечых вачэй пырснулі іскры, і ў свядомасці бліснула кароценькая жахлівая думка — прапаў! Але Турок разгубіўся не болей як на імгненне. Услед за здзіўленнем шыбанула ў адчуванні злосць на гэтага злыдня-ворага, і хлопец, ледзьве не заплакаўшы ад крыўды, ухапіў у цемры яго за адзежыну і не даў хутка ўскочыць на ногі. Затым, разграбаючы чаравікам імшарыну, Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Ворагу заміналі звязаныя рукі, але затое немалая сіла з’явілася ў ягоных плячах, да таго ж ён шалёна брыкаўся ў цемры нагамі. «Э не, зладзюга», — задышліва прастагнаў Турок, ашчаперваючы ягоныя плечы. Затым ён яшчэ намогся і ўссеўся на яго, як мядзведзь, прыгнуў да зямлі. Немец яшчэ рвануўся, але падняцца не здолеў і сцішыўся.
Так ён апынуўся пад хлопцам, яшчэ не скароны і напружаны, хрыпата і злосна дыхаючы, а Турок, таксама сапучы, са страхам чакаў яго новых спроб вызваліцца. Але немец, відаць, не дужа спяшаўся, ён чакаў, выбіраючы лепшы для таго момант, і хлопец мусіў трымаць. Пастаяннае напружанне адбірала шмат сілы, да таго ж салдат адчуваў, што вораг усё ж дужэйшы за яго. Добра, што капітан моцна скруціў яго рукі — развязаць іх немцу пакуль не ўдалося, але хто ведае, што будзе далей.
Нейкі час абодва яны шалёна дыхалі, змарыўшыся ў той непрацяглай і лютай барацьбе, і чагосьці чакалі, пільна прыслухоўваючыся адзін да аднаго. Месяц схаваўся за елку, і тут стала зусім цёмна, пахла сырым прэлым долам, мохам, лесавой цвіллю і немцам. Турку было вельмі крыўдна, што немец гэтак няхітра ашукаў яго. «Вось табе і разведчык! — з’едліва падумаў ён пра сябе. — Капітан адышоўся, дык ледзьве не ўпусціў гэтага фрыцука». Хлопец пачаў напружана думаць, што рабіць далей, каб не даць уцячы немцу. I тады ягоная нага намацала побач вінтоўку. Немец пакрысе варушыўся пад ім, чамусьці хілячыся набок, ды мармытаў сабе «майн гот» ці яшчэ што. У Турка трошкі прыбыло ўпэўненасці, але яшчэ не прайшоў канчаткова і страх, які паралізаваў яго сілы. Трэба было зрабіць нешта рашучае, і Турок спакваля зразумеў, што, не перамогшы баязлівасці, яму наўрад ці ўдасца перамагчы і немца. Было б недарэчна і злачынна выпусціць яго або даць яму даканаць сябе пасля таго, як гэтак даверліва паспадзяваўся на яго, Турка, капітан.