Прайшло яшчэ трохі часу. Месяц зноў паказаўся з-за хмар з другога боку счарнелай елкі. У Турка ад напружання млелі рукі, — здавалася, яшчэ праз дзесяць хвілін ён зусім абнядужае і выпусціць немца. Добра яшчэ, што немец не рваўся, — пэўна, ён таксама знямог, а можа меў на ўвазе што іншае. I Турок наважыўся тады на рашучы ўчынак. Раптоўна кінуўшы палоннага, ён адскочыў убок, схапіў з долу вінтоўку і імгненна лязгнуў затворам.
— Стой, гад! Ні з месца!!!
Немец крутнуўся, павёў плячыма, збянтэжана паглядзеў на яго і паволі ўсеўся на імшарыне з закладзенымі назад рукамі. Яго апушчаны твар быў скіраваны ўніз, але Турок адчуваў, што вораг спадылба пільна сочыць за ім. I Турок таксама не зводзіў з яго погляду, гатовы цяпер да новых варожых хітрыкаў.
Так мінула гадзіна ці болей, немец і Турок чуйна ўслухоўваліся ў лесавую ціш. I аднойчы да Турковага слыху данесліся свежыя гукі. Спачатку гэта былі далёкія, ледзь чутныя галасы, яны вынікалі з таго кірунку, куды пайшоў капітан. Пасля недзе ў лесавых нетрах мільганула і прапала маленькая плямка святла з ліхтарыка. Пазней раздалося шамаценне галля, зноў галасы, і ўрэшце з кустоў вылезлі цьмяныя постаці ў шархаткіх плашч-палатках.
Турок апусціў прыклад, узяў вінтоўку ў адну руку і, абяссілены, апусціўся на дол.
У батарэю Турок ішоў на світанні.
Ён брыў па лесавой сцяжыне няпэўнай, п’янай хадой ушчэнт знямоглага, змардаванага чалавека. Пасля дажджлівае ночы ў хмызняках стылі золкія клубы туману, елкі страсалі ў траву празрыстыя сцюдзёныя кроплі, з туманнай прыцьмеласці няпэўна праступалі вяршаліны дрэў. Мокры і знясілены, Турок ледзьве пераступаў нагамі і не вельмі нават узрадаваўся, калі сцяжына прывяла яго да знаёмай прагаліны на ўзлессі. Чатыры гаўбіцы спакойна драмалі ў тумане, гразкі і нейкі закінуты чарнеў недакапаны ім ровік. Ля тэлефонаў каля шырокага пня над патухлым цяпельцам драмаў тэлефаніст і тырчала бусоль з накінутым наверх футаралам. Ля крайняй гаўбіцы, ледзьве прыкметна шавелячыся, стаяў вартавы. Усё гэта здалося хлопцу знаёмым, перажытым і нецікавым. Ён выйшаў на прагаліну, агледзеўся — салдат ужо не баяўся лейтэнанта Гаркавенкі; хлопцу нават хацелася ўбачыцца з ім, але афіцэр, мусіць, спаў. I Турок, заплятаючыся нагамі, падышоў да сваёй, чацвёртай, гарматы.
Між станін на падасланым вецці, скурчыўшыся, у сырых шынялях, спалі хлопцы. Нехта надрыўна хроп, бы яго душыў хто, нехта заварушыўся, паторгаў нагамі і сціх, нацягнуўшы на голаў шынелак. Гэта былі хвацкія языкастыя хлопцы, умелыя батарэйцы, але, пэўна, ніводзін з іх не перажыў таго, што сёння напаткала Турка. Змораны, ён няўцямна аглядаў іх, і ў ягонай душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Ён яшчэ не ведаў чаму, але батарэя ўжо не здалася яму жаданай і роднай, як заўжды, калі ён вяртаўся ў яе пасля доўгай адлучкі.
Турок сеў на ахопак вецця і прысланіўся спіной да вялізнага кола гаўбіцы. Яго поўнілі перажытыя і яшчэ не аблеглыя пачуцці, яны рваліся, бруілі, змагаліся ў ягонай душы. Турок быў сам не свой, бы тыя начныя пакуты як падмянілі яго, не даўшы часу даўмецца, усвядоміць, што гэта сталася з ім.
Марудна і ляніва прышкандыбаў да яго вартавы, сонна паглядзеў на хлопца, лыпнуў вачыма, падумаў і запытаўся:
— Дзе гэта цябе ўходала так?
У Турковых вушах усё яшчэ тлумна шумела галлё і скакалі, мітусіліся ўваччу прыцьмелая сцежка, барвовая нітка проваду і чарнела кульгавая капітанава постаць. Павекі яго ўсё цяжалелі, ён быў дужа знямоглы і не сказаў чалавеку нічога.
Вочы яго ўжо заплюшчыліся, голаў павісла, увесь ён абмяк, нахіліўся і ўпёрся лбом у калені. I ўсе яго сённяшнія начныя турботы — крыклівы Гаркавенка, капітан, якога ён болей не ўбачыў, і той выкрутлівы немец — раптам зніклі, быццам і не было іх зусім. Турок заснуў глыбокім запрацаваным сном пазнаўшага сабе цану чалавека. Здаецца, у гэтай чацвёртай за суткі няўдачы ён знайшоў для сябе нейкую сілу, з якой лягчэй стала жыць.
1961 г.
Адна ноч
1
«Юнкерсы» з’явіліся раптоўна.
Іх крыжастыя імклівыя цені нечакана выслізнулі з-за стромкіх, разбітых мінамі чарапічных дахаў і абрынулі на горад імпэтны грымотны рэў. Запаволіўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамі неба і, заўважыўшы, што ад бліжэйшага самалёта ўжо адваліліся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вуліцы. Некалькі доўгіх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы і рукаты баец у шапцы і цеснай старой гімнасцёрцы, сціснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулі ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спіну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка і звонка бразнула побач, і затым вуліца, шэрыя дамы і сквер патанулі ў віхуры шызага пылу.