Выбрать главу

Паматаўшы галавой, Валока вытрас з вушэй пясок і ўчуў, як глухімі ўздыхамі з-пад зямлі данесліся сюды гукі вайны — выбухі, далёкі маторны гул і глухаватыя кулямётныя чэргі. Гэта насцярожыла і заклапаціла; падумалася, што трэба хутчэй вылазіць, бо рота, мусіць, ужо адышлася далека. Баец падняўся на ногі і, спатыкаючыся, пабрыў было да прыступак. Там ён агледзеўся, убачыў і выцягнуў з-пад шчэбня свой згублены аўтамат, рукавом выцер яго ад пылу. Тое, што знайшлася зброя, трохі супакоіла яго; чалавек аддыхаўся і адчуў, што болей за іншае баліць плячо. Упершыню ён успомніў тады пра немца. Вядома, таму ўжо капец; прыбіла, напэўна, у куце; так, дзякаваць Богу, не давялося і душыць, падумаў Валока. Да немца, мёртвага, у байца злосці ўжо не было.

Угары зноў прыглушана загрукацелі чэргі, то наш «дзягцяр»; Валока пазнаў бы яго дзе хочаш. Гэта ўзбадзёрыла байца. Прыгнуўшы голаў, ён абмацаў навіслую над прыступкамі глыбу, паднатужыўся, паштурхаў, аднак нічога нідзе не кранулася. Мусіць, зверху яго тут добра прываліла нечым. Але як жа тады выкараскацца? Пакутуючы ад болю, ён сышоў з прыступак, угледзеўся ў змрок пакарэжанага падстолля. Нідзе ніякае дзіркі, ніякай адтуліны, здатнай для таго, каб можна было пралезці. Зрушваючы абломкі цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу пад промнем і ў другім месцы памацаў рукамі скасабочаную патрэсканую столь. Адзін кавалак бетону кратаўся, але толькі ледзь-ледзь — хоць і быў разламаны, ды ўсё ж трымаўся, пэўна, на арматуры. Валока зазірнуў у шчыліну, але там, апроч добра асветленых на зломе тоўстых яе краёў, нічога не было відаць.

Што ж рабіць, — як вылезці, няўжо няма ніякага ходу? А можа, трэба крыкнуць, паклікаць на дапамогу? А калі тут паблізу немцы? Хто ведае, ці ўтрымалі нашы той сквер? Такая бамбёжка, мусіць, дала немцам якую карысць. Ён злез з друзу, зазірнуў у цёмны куток збоч лесвіцы — скрозь пыльнае цаглянае завалле. Колькі трэба перакапаць яго, каб дабрацца да якой праломіны! Дык што ж рабіць!

Раптам на кучы цэглы і ламачча варухнуўся кавалак цагліны. Пасля, крануты аднекуль знутры, заварушыўся друз і яшчэ некалькі кавалкаў ссунулася ўніз. Валока здрыгануўся, сумеўся і ажно прыгнуўся, углядаючыся. «Вось табе і на!» — без страху, поўны аднаго толькі здзіўлення, сказаў ён сабе. I у той жа час згледзеў край чорнага, акаймаванага галуном пагона, засыпанае глінай плячо мундзіра, і раптам нечакана акрэсліўся дагэтуль не заўважаны ў паўзмроку твар немца. Яго немаладыя, вільготнага бляску вочы чамусьці вельмі напружана, быццам збянтэжана глядзелі на байца.

Валока ўнутрана сцяўся («Ах ты, пракляты, уцалеў!») і левай рукой падхапіў ствол аўтамата. Але былы страх знік, цяпер баец не дужа і баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывіўся ад болю, вораг прастагнаў і немачна заплюшчыў вочы.

«Забіць!» — бліснула думка. Валока прывычна скіраваў на ворага аўтамат, гатовы вось — вось націснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз і так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць і прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызваліцца з-пад абломкаў. «Ну лезь, паспрабуй! Падыдзі! — казаў сабе баец, пільна назіраючы за кожным аслабелым рухам ворага. — Вылезеш, тут жа і ляжаш!»

Гэта быў чацвёрты вораг, які трапіў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэліў у сорак трэцім пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакі. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзіўлена паглядзеў на Валоку і сціх. З другім давялося трохі пазмагацца. Баец даганяў яго ў акопе, той страляў з парабелума, параніў яго сябра Макіўчука, — то быў нейкі афіцэр у фуражцы з кукардай, і Валока, загнаўшы яго ў тупік, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад’ездзе. Цяпер вось гэты.

Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Вакола чакаў, калі ён вылезе і што будзе потым.

Толькі вылезці яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цагліны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывіўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зірнуў на байца і зноў бяссільна абвяў.

«А, даняло, сабака!» — прабурчаў Валока, усе напружана сочачы за ім. Але аўтамат ён апусціў. Немец пакутна торгаўся, разварушваючы драбязу і ўсё не могучы выдраць ногі, прываленыя нейкай бетоннай глыбай. Валока яшчэ пастаяў насупраць, назіраючы за марнымі намаганнямі ворага. Мусіць, ад таго, што немец страціў ужо былую небяспеку для яго, паволі асядала ў байцу злосць і мякчэла, адступала кудысьці рашучасць забіць. Немец застагнаў, апусціў голаў, кусаючы вусны. «Пераломаны ногі, ці што?» — падумаў Валока. Бачачы, што немцу не выбрацца без дапамогі, ён неяк не ў лад са сваім пачуццём ступіў бліжэй і, упершыся абцасам, адваліў убок вялізны пляскаты кавалак сцяны.