Але Валока толькі думаў так, адчуваючы, што застрэліць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго, калі між імі рушылася галоўнае для таго — узаемная нянавісць, калі раптам у варожым мундзіры з’явіўся перад ім зважлівы, рупны, працавіты, самы звычайны чалавек, які і да Валокі ставіўся не як вораг-фашыст, а як супольнік і сябра. Здаецца, гэта быў зусім неблагі немец, і недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмі нават магло стацца, што і ён забіў бы Валоку. Незвычайна гэта было і дзіўна — адчуваць яго тут, побач з сабой; хвілінамі нават забывалася, што яны ворагі. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесці, пакурыць, мірна і па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае іх разважнае добразычлівасці адкрыецца нешта значнае і цікавае.
Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. З выгляду немец быў неблагі чалавек, працавіты, — пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як іхні санінструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забітыя, але хто тады нарабіў такога гора людзям, хто столькі пазабіваў, папаліў, абрабаваў, перавешаў, хто заліў крывёю ўвесь свет? Ды і што скажуць хлопцы і начальства, калі даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калі дазнаецца капітан Воранаў, маўклівы загадкавы чалавек са схаванымі пад бровы вачмі, як ён паставіцца да такой суполкі? Валока мог меркаваць — што — колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку.
Пакутна было і складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай і такой нечаканай бядзе.
Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселі на цэглу ў куце і пачалі адплёўвацца. Валока дастаў кісет, насыпаў у паперку махоркі і, прытрымліваючы яе пальцамі, перадаў кісет немцу. Той ахвотна пераняў. Калі Валока саслюніў цыгарку, ён услужліва пстрыкнуў запальнічкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мільготкі, маленькі, як іскрынка, агеньчык запальнічкі трохі разагнаў змрок, асвяціў пакарэжаную столь, вывараціны цаглін у сцяне і два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку запальнічку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе і пачаў прыладжваць у вышчарбіне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, і Валока падняў з долу кавалак цагліны.
— На вось прыпры.
Але немец раптам здрыгануўся, бялявыя бровы на яго твары саўгануліся на лоб, ён з жахам услухаўся ў нешта, што адбывалася знадворку. Валока ўзняў голаў — наверсе, над самымі іх галовамі, пачуліся крокі — туп… туп… туп… Праз бетон данёсся блізкі, аднак глухі, невыразны голас, недзе над прыступкамі штось грукнула і сціхла: чалавек, пэўна, спыніўся ці мо адышоўся далей. Баец ускочыў — першым яго жаданнем было крыкнуць, азвацца, але ў той жа момант ён злавіў на сабе напружана ўмольны позірк немца і сам схамянуўся.
Хто? Такое пытанне ўраз маланкай пранеслася ў свядомасці абодвух,і, вядома, абодва яны прагнулі рознага. Гэтая хвілінная іх раз’яднанасць зноў застарэлай варожасцю захліснула Валокава нутро, але толькі на кароткі час. Адразу, як сціхлі крокі, сціхла і нясцерпнае жаданне азвацца — цвярозая разважнасць падказвала яму, што трэба маўчаць і выбірацца з падзямелля самім.
Яны яшчэ паўслухоўваліся, мярцвеючы ад празмернае ўвагі, затым немец выдыхнуў, неяк абвяў з цела і пачаў паволі прыладжваць у сцяне запальнічку. Баец закашляўся, зацяў рот далонямі. Крокаў болей не было чуваць.
— От папалі, дык папалі, — не так немцу, як самому сабе сказаў Валока, выдыхаючы ў трапяткую цемру зацяжку. Немец звесіў з калень цяжкія натруджаныя рукі і ўздыхнуў. Яго нядаўні, трохі бесклапотна-бадзёры настрой відавочна прыхмурэў, — пэўна, ад працы ці мо ад гэтага трывожнага клопату.
— Вайна нікс гут! — раптам прыцішана, але з набалелай упэўненасцю азваўся ён, і баец ажно здзівіўся ад гэтае перамены ў настроі ворага. — Вайна — шайзэ!
Немец сказаў гэта з нейкім трудным, зацятым адчаем у вачах. Валока, трохі разявіўшы рот, недаўменна, з прыхаванай іроніяй паглядзеў на яго.
— Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру?
— Фюрэр — шайзэ! — строга абвясціў немец, відаць, толькі адно гэтае слова і зразумеўшы з доўгай Валокавай фразы. — Фюрэр своляч! Фюрэр эйнфахерменш нікс нада, — сказаў ён і стукнуў сябе кулаком у грудзі. — Фрыц Хагеман нікс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кіндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! Шайзэ вайна.