Выбрать главу

Валока зразумеў не ўсё, але ўцяміў прычыну абурэння гэтага немца, толькі спачуваць яму ён не збіраўся. Немец жа, мусіць, выліў свой даўні гнеў і на хвіліну змоўчаў. Баец тым часам дакурыў цыгарку і ўрэшце, наважыўшыся на тое, што ўвесь час непакоіла яго, сказаў:

— Слухай, Фрыц. Вылезем туды, — ён паказаў пальцам угору, — давай палон. Рус плен — і вайна капут. Га?

Немец уважліва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруціў галавой.

— Нікс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч — Сібір. Пуф-пуф дойч.

— Ніхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баішся? — загарачыўся Валока. — Ты ведаеш, колькі у нас вашых камарадаў плен?

Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнічкі ў сцяне. З ягоных вачэй выплыла і атуліла ўвесь твар туга чалавека, які колькі ні прыкідваецца сам сабе, як ні абнадзейвае сябе, а ўсё ж ніяк не можа пазбыцца вялікага і нязбыўнага, як смерць, клопату. Задумаўшыся, ён трошкі памаўчаў, пасля заварушыўся, расшпіліў кішэнь мундзіра і дастаў нейкія паперы. Перабраўшы іх, знайшоў там надарваны канверт з пацёртымі краямі і дастаў адтуль картку.

— Майн фрау ўнд кіндэр. Дрэздэн, — сказаў ён і падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлівасцю да чужога, але зразумелага і па-чалавечы дарагога наблізіў картку да слабенькага святла запальнічкі.

З фатаграфіі на яго пазіралі жанчына і трое малых. Старэйшы — галаногі хлапец у кароткіх штоніках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у маці, сярэдні — хлопчык год дзесяці — стаяў ля старэйшага і трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду віднеўся невялічкі, але ладна адбудаваны і дагледжаны домік з верандаю, высокі чарапічны дах, у прасценках густая лістота вінаградніку. На хвіліну баец ажно ўпіўся ў гэта вачмі.

— Ладная дамоўка, нічога не скажаш, — уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы ціхенькі самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мірнаму, гаспадарчаму жыццю, ці мо ад успамінаў аб сваіх там, дома… З прытоенай зайздрасцю і скрухаю ён аддаў картку назад.

— Драй кіндэр! — сказаў Фрыц, хаваючы у кішэню паперы. — Плёха плен. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, — фрау, кіндэр ком, ком унд канцлагер. Плёха!

Валока зразумеў. Пэўна ж, так, яны, гэтыя немцы, не дужа там няньчацца і са сваімі — ён ужо чуў, што за такія справы сем’і гэтых фрыцаў па галовах не гладзяць. Ну, але што ж тады ім рабіць?

А Фрыц тым часам ямчэй усеўся на цагляным зломку і, памагаючы сабе рукамі, пачаў нешта тлумачыць.

— Фрыц нікс буржуй, Фрыц арбайт! — Нібы ў доказ таго ён выцягнуў перад сабой шырокія, дужыя, працавітыя далоні. — Маркі мала-мала Фрыц. Айн хаўз Фрыц. Хагеман — бедны чалавек. Рус Іван — бедны чалавек. Цвай бедны чалавек, — паказаў Фрыц два пальцы. — Мі панімайт.

— Ну гэта… Які я бедны? — невядома чаму сумеўся Валока. — Чаго Іван бедны? Што я, беспрацоўны? Калгаснік я.

— Я, я, — пагадзіўся немец. — Плёха рускі кальхаснік. Кальхас бедна.

«Што ён мяне тут ахмурае, — падумаў Валока. — Куды гне?» I яму дужа захацелася быць не горшым, чым гэты немец, — не ўступіў жа ён яму ў нядаўняе бойцы, быў роўны ў працы, і цяпер вельмі ж нежадана было яму аказацца нейкім бедняком, вартым спачування. Унутры ў ім усё запратэставала супраць гэтага абразлівага варожага спачування.

— Наш калгас багаты. Вось! У нас не такія — у нас яшчэ лепшыя дамы. Мы шыферам крылі. I хлеба — во! — гаварыў ён, паказваючы далонню да шыі. Немец, здаецца, нічога не зразумеў і казаў свае:

— Плёха рус кальхас… Бедна…

Баец адчуў, што не дужа абхітрыш гэтага немца, які прайшоў палову Расіі і, пэўна, нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца.

— Мала што дзе там бедна. а ў нас багата. Во. Мы хлеба па сто пудоў палучалі. I бульбы. I гароху. I масла па пуду, і грошы — тысячу рублёў. Тысячу, разумееш? — з пафасам назваў ён суму, якая ў даваенным сялянскім разуменні была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякім разе за гэтыя грошы можна было купіць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. Немец нахмурыў лоб, імкнучыся штосьці зразумець у запальчывай гэтай гамонцы, і Валока пальцам вывеў на запыленай сцяне палачку і тры нулі.

— Тысяча! От!

— Таўсенд! Кілёграм масле? — здзівіўся немец і недаверліва паглядаў то на лічбу, то на байца. А той, адчуўшы, што немец памыляецца, але, бачачы яго захапленне, не стаў выкрываць непаразумення і нахабнавата пацвердзіў:

— Ну! А ты думаў…