Выбрать главу

Наступным яго адчуваннем было далікатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыі; здавалася, нейкая жывая істота паўзла за каўнер, на грудзі, толькі на вуснах і ў роце стала лепш і нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы — у зрок ударыла рассыпчатая яркасць іскраў; яны гойдаліся, скакалі на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклі. Пасля ён сцяміў, што ўсё гэта адбівалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзілі словы:

— Трынкен, Іван! Трынкен!

Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалі аб край нейкай пасудзіны, а ў свядомасці коратка і выразна бліснула ява — ён згадаў, дзе ён і хто з ім. «Немец! Фрыц!» На момант адарваўшыся ад вады, ён зірнуў угору, — над ім мільгала ў кулаку запальнічка і расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знізу, твар з вялікімі і валасатымі ноздрамі, брывастым ілбом, пад якім лыпалі выпуклыя жаўтлявыя бялкі вачэй. Вочы, аднак, таілі ў сабе лагоду і спагадлівасць, і гэта супакоіла байца.

— Трынкен, Іван. Трынкен…

Ён зноў апусціў голаў да пасудзіны; у глыбіні яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнічкі. Чамусьці Валоку зрабілася блага — ён хіснуўся ад вады, Фрыц штосьці сказаў, пабурчаў і прыбраў ваду ўбок.

Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся, толькі галава, плечы і нешта ўсярэдзіне тупа балелі. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, і раптам прахапіўся ад думкі — дзе аўтамат? Чалавек ірвануўся з долу — немцавы рукі адразу прытрымалі яго, настойліва паклалі назад, і Валока ў нейкім раптоўным прасвятленні здзівіўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калі цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былі ўвесь век і цяпер сталі самыя найбліжэйшыя адзін аднаму і самыя патрэбныя. I таму — прэч усе падазрэнні, засцярожлівасць, недавер! Усё, што стала над іх чалавечаю сутнасцю, — усё, наслоенае іх нацыянальнаю рознасцю, палітычнай варожасцю, вайной, — усе гэта, аддзеленае ад іх магільнаю тоўшчай руін, засталося там, наверсе, у беззваротным мінулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнікі былі тут людзі і толькі дбалі пра тое, як абодвум застацца жывымі дзеля іх сем’яў, мірнае справы, дзеля самых звычайных і незаменных чалавечых радасцей.

Валока памацаў рукой немцава калена побач іслаба паціснуў яго. Фрыц жыва адгукнуўся, падняў яго руку, таксама далікатна паціснуў яе ля локця і асцярожна паклаў на дол. Тлумачыць адзін аднаму нічога не трэба.

Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Невядома, ці гэта быў сон, ці трызненне хворага, толькі пакутныя здані і прывіды доўгі час не пакідалі яго.