— Вам сюды? На бульвар? Ну, я праводжу. А пасля вярнуся. Ну, ну? Цікава…
— Што за дзіва, думаю, там яшчэ з гэтым Андрукевічам. Мы ўжо і забыліся, дзе яго пахавалі, а тут усё тыя патроны. Ці не здурнеў гэты юрыст? Побач налезла камандзіраў, ды і камендант глядзіць на чалавека, як на вар’ята, ніяк зразумець не можа: «Якія патроны?». «Пятнаццаць вінтовачных патронаў калібру сем цэлых шэсцьдзесят дзве сотых міліметра, згубленых у часе нясення гарнізоннай службы», — рэжа юрыст. «Вашы дакументы!» — кажа камендант. Юрыст расшпільвае партфель, паказвае паперы, камандзіровачнае прадпісанне. Усе глядзяць, маўчаць, мусіць, дакументы правільныя. Не шпіён, значыць, а сапраўды ваенюрыст трэцяга рангу Саломін, камандзіраваны з Масквы. На прадпісанні генеральскі подпіс, пячатка, як і належыць, і дата. А дата, аказваецца, дваццаць першае чэрвеня сорак першага года. Камендант як згледзеў гэта ды як зарагоча. «Вы чаму смеяцеся?» — холадна так пытаецца ваенюрыст, а сам аж пабялеў. Камендант перастаў смяяцца і кажа: «Вас не кантузіла ў дарозе?» — «Не, не кантузіла, к вашаму сведзенію». — «Тады вы дурань, хоць і юрыст, — кажа камендант. — Мы трыццаць гарадоў здалі, а вы пра пятнаццаць патронаў турбуецеся!» — «Не мае значэння, — кажа юрыст. — Страта або крадзеж патронаў разглядаецца як нанясенне шкоды боегатоўнасці і падлягае пад Указ аб ахове сацыялістычнай уласнасці. Вы чулі пра такі Указ?». Камендант яму і кажа: «Цяпер мне ўсё ясна — вы закончаны дурань. Пень!» — «Не вашая справа, хто я, — кажа юрыст. — Я прашу прапусціць мой аўтамабіль. Я праехаў на ім пяць тысяч кіламетраў і павінен разабрацца на месцы». І тут, ведаеш, я не вытрымаў і кажу: «Андрукевіча даўно ўжо няма ў нашай часці». Ваенюрыст гэты лып-лып на мяне вачмі. «Як гэта няма? А дзе ён знаходзіцца ў гэты момант?» — «У брацкай магіле, — кажу. — На хутары Мікалаеўка». Гляджу, ён трохі сумеўся, акуляры паправіў і раптам успомніў: «А чырвонаармеец Шумак?» — «Загінуў, — кажу, — у апошнім прарыве». Гэта, відаць, на хвіліну збянтэжыла яго, глядзіць на мяне, аж рот разявіў. «Чуеце, — кажа камендант пераправы, — усе вашы абвінавачваемыя ўжо цю-цю. Так што вяртайцеся назад!» Але юрыст гэты — не чалавек, а дзіва, тут жа да каменданта: «Гэта не доказ. Калі ўсе загінулі, мне трэба аб тым афіцыйная даведка. Вы можаце мне яе даць?». Вядома, камендант не мог даць такой даведкі, але і прапусціць ягонае «эмкі» таксама нельга было. Тады ваенюрыст трэцяга рангу Саломін казырае і, зацяўшы пад пахаю свой партфельчык, лезе на абрыў.
Тут якраз пачаўся артабстрэл. На абрыве, на тым беразе і ў рацэ адразу тры выбухі. Я ледзьве ўтрымаўся за парэнчу, вадой усяго запляскала. Расплюшчыў вочы, — ну, думаю, канцы ваенюрысту трэцяга рангу. Але дзе там! Гляджу, вылез на абрыў і, знаеш, гэтак па-гарадскому абтрэпвае калені — галіфэ, значыць, запэцкаў. Пасля падабраў свой партфелік і бягом за пагорак.
Праўда, мы хутка на яго забыліся, зноў наляцелі пікіроўшчыкі, пераправу раскалашмацілі ўшчэнт, каменданта, бедалагу, бомбай разарвала, і шматка не засталася. Перапраўляліся ў наступную ноч кіламетраў праз дзесяць ніжэй, на калгасным пароме. Праўда, і там насунуліся немцы, паспелі толькі ўратаваць параненых ды што — колечы з абозаў. Артылерыя амаль уся на заходнім беразе засталася. І вось зноў ідзем калонай, пяхота і разам фурманкі з параненымі. Сонца ўзышло, сухата, пыл над дарогай на тры вярсты. Чакаем зноў гасцінца з-пад неба. І тут, бачу, знаёмыя галіфэ ў возе. Прыгледзеўся — наш учарашні ваенюрыст трэцяга рангу! Сядзіць, звесіўшы ногі, панылы такі, акуляры ўжо з адным шкельцам, рука на падвязцы. Ні партфеля, ні «эмкі», толькі наган на баку. Цікава мне стала, падышоў, пытаюся: «Ну як, узялі даведку?». Паглядзеў на мяне гэтак, як, бывала, строгі настаўнік у школе, бровы аж на лоб ад здзіўлення: «А як жа! Безумоўна! Гэта мой абавязак!». Я тады, ведаеш, змоўчаў. Проста не мог яго зразумець. Толькі праз шмат год, калі пасталеў, жыццё набіла бакі, пачаў нешта кумекаць. Вось, ну, як гісторыя?