— Як вам сказаць? Не ведаю нават. Падумаць трэба.
— Падумай. Гэта карысна. У жыцці заўжды знойдзецца такое, над чым варта падумаць. Толькі часам не дужа хочацца. Лянота.
— Не думаць лягчэй.
— Вось іменна. Асабліва калі на футболе. Мазгі выключаюцца поўнасцю. Адны вочы…
— Ды горла.
— А пасля — абмыць. Калі выйгрыш — на радасці. Пройгрыш — з гора. Ва ўсякім выпадку выгадна.
— Ну.
— Табе ж назад, Лёня. Ну то дзякуй за кампанію. Прагуляліся.
— Дарэчы, а вы болей не сустракалі ваенюрыста гэтага?
— Го! І нават колькі разоў! Водзяцца яшчэ. І Саломіны, і Шумакі. Андрукевічаў тольк! меней стала.
— І праўда, меней.
— Пэўна, таму ёсць нейкая прычына. Таксама варта разважыць.
— Варта, ага. Ну дзякуй вам, Іван Нічыпаравіч. Да заўтра.
— Бывай, Лёня. І не перажывай. Не варта турбот. Пабачыш, Лагун заўтра зусім іншы будзе. Памірыцеся.
— Што ж, паглядзім.
— Я табе кажу. Ну, да пабачэння.
— Усяго добрага, Іван Нічыпаравіч. Шчасліва вам.
1965 г.
Салдацкі лёс
— Гэй, цесля, перакур!
— Перакур, кажу. Пашкадуй сякеру!
— А-а! А я і не пазнаў. Гляджу, думаю, хто такі? Ну чакай, зараз злезу.
— Памагчы мо?
— Ну што ты? Я сам… Прывык, так што… Здалёку ідзеш?
— Ды з раёна. Чую, цюк-цюк. Гляджу, знаёмая галава тырчыць. Думаю, зазірну на хвіліну.
— Ну здароў! Калі так…
— Здароў! Глядзі, ладная дамоўка. З трысценам?
— З трысценам. Хай на яго. Трэба! Старая саўсём ужо струхлела, думаю, хоць на старасці ў новай пажыць. Ды і сын…
— Што, можа, ажаніўся?
— Не яшчэ, але, знаеш, збіраецца. Дзейсцвіцельную адслужыў жа. У сіле дзяцюк.
— Глядзі ты! А памятаю, нядаўна во такі быў.
— Яно здаецца — нядаўна. А гады ідуць.
— Ды ўжо ж.
— Дык сядзем. Калі перакур, кажаш. Не спяшаешся ж? Во на бервяно гэта. Гладкае. Курыш?
— Можа, маіх? Свежанькіх?
— Гэта якія? А, балгарскія. Не, я свае, памірскія. Ад іх, кажуць, крэпасць у нагах.
— Праўда? Не чуў. А ты чаго кульбу не зменіш? Цяпер жа пратэзы робяць — лепш за ўласныя.
— Ат, прывык. Ды і не збяруся. Пастройка гэтая… Усе жылы выцягнула.
— Аднаму — жах! Як гэта ты адважыўся? Рызыковы чалавек. Хаця ваяка ж!
— Рызыковы — не рызыковы, а што зробіш? Праўда, не хачу хлусіць — зрубіць сын памог. Браў водпуск. Дый сябрук адзін — з вайны яшчэ — памог. Мікалаіхі, што з Асавіння, брат. Мо ведаеш?
— Ну, калі сябрукі не забываюць, то паўбяды.
— Як табе сказаць? Папрасіў — памог. Выхадных са тры падзёўбалі. Самшылі. А ў цябе ж — новая?
— Дзе там — новая! У старой жыву. Перакрыў толькі тым летам.
— Шыфер?
— Не, які шыфер! Дранкай.
— А ў нас дык многія шыфер падаставалі. Фёдар — брыгадзір і Тэклін прымак гэты, што з трактарам у азярко зваліўся. Не чуў такую сабыцію?
— Гэта вясной?
— Ну. Дастаюць недзе, халеры.
— Канешне, дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон…
— Глядзі, жывы яшчэ?
— Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму ў жыцці выпадае па яго таленту. Што зрабіў — тое і палучай.
— Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент — талентам, а і лёс не мінай. Ці там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкі выме, тое і будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалі. Як пілуюць — не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля — хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалі.
— Гэта які Краўчонак? З Замошша?
— Ну а які ж! Ордэн Леніна атрымаў. За Кішынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.
— Ну, мусіць, гэта ты загібаеш. Каб трусаваты, не далі б.
— Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далі — было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт ці выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маіх вачах усё было.
— Гэты ці не ў Ясса-Кішынёўскую?
— Ну! Узводны паслаў трох — сяржанта Дзянісава, мяне і гэтага Краўчонка. Лінію зматвалі. Якраз цераз лес дарожка ішла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкі лясок. Дубы аж да неба і падлесак ладны. Ідзем. Дзянісаў наперадзе, слаўны такі хлапец, сібірак, малады яшчэ, а геройскі, два ордэны меў, камандзірам быў лінейнага аддзялення. За ім я — кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.
— Трафейная, мусіць?