Выбрать главу

— Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленні яго процьма. Мы не вельмі і даражылі ім, калі дык і не зматвалі, адключыш апараты і далей. На новым месцы знойдзем і кабель.

— Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалі. Замест кабелю — калючкі ў траншэі і нічога — балакае начальства.

— Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё ліміт: на харч, снарады, махорку нават. У наступленні ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават. Дык лінію тую трэба б кінуць, і ўсё. Але Дзянісаў не даў. Загадана, кажа, значыць, трэба выканаць. Службіст быў. Ну ідзем і матаем. Краўчонак поўныя шпулькі нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялі, у Краўчонка тры цэлых шпулькі, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азіраецца, вядома ж, боязна ісці ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылі ж іх пад Кішынёвам…

— А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.

— Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?.. Халера, някрэпкія сталі сігарэты, ды і не гараць. Падмочаныя, ці што?.. Пятнаццаць? Усе трыццаць. Ці нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкі, паразбягаліся, хто куды. Каторыя, праўда, у палон здаваліся, а каторыя — эсэсаўцы, власаўцы ці там начальства, — тыя ўсё на захад, напралом да сваіх. З гэтымі ў нас стычкі былі ого! Браце ты мой! Камандзіра брыгады там параніла. Ага, дык ідзем, значыць, і чуем, быццам за кустамі тожа хтосьці нібыта брыдзе. Прыслухаліся — сціхла, быццам і няма нікога. Толькі зноў рушылі, Дзянісаў як крыкне: «Хальт!» Я, знаеш, за шпулькай так і прысеў. А Краўчонак ужо ляжыць. I тут, бачым, у кустах як ірванецца — чалавек з пяць. Наўцёк. Я толькі спіну аднаго ўбачыў — блізка, во як да зруба. Шапка іхняя і шынель з чорным каўняром. Я шпульку ўбок і за аўтамат. А Дзянісаў: «Стой, — кажа. — Так возьмем». I чаргой па дубах — ажно кара пасыпалася. Верхам браў, значыць. I сам туды, у кусты. Я за ім. О, чакай, брыгадзір коціць. Фёдар! Фёд! Дык гэта наконт каня як?

— На калі?

— На заўтра ранічкай…

— Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.

— Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?

— Кажу, заўтра нельга.

— Калі ж тады?

— Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалі.

— Ну канечне ж, некалі яму. Пагнаў у Стайнікі да Іллючонка чымергес піць. Не відно хіба. Да…

— Ну што ж… I выпіць трэба.

— Трэба! Хто кажа — не трэба? Гледзячы калі і як.

— Ну, ну. Дык Дзянісаў у кусты. А далей?

— Што далей? Далей — як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым заляпана. I пагоны, барада, рукі. Аж спалохаўся. Ды не баліць. Што за халера! А пасля бачу — ляжыць Дзянісаў, і мазгі на траве. Ты бачыў калі мазгі на траве?

— Не, не дай Бог…

— Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглі трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў — адзін вобзем. Адзін — прама, адзін — убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: «Лапай таго!» — што ўбок, значыць. А сам за пярэднім. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькі спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў — гляджу, даганяю. Ладны такі фрыцуга, цыбаты, у камбінзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук — кулі ля вуха. А і я за дуб. Камель — во! Ніякая куля не возьме. Ён пукне — ды за наступны. А я — за ягоны. Так і гулялі ў даганялку. I я, ведаеш, правільна разлічыў. Думаю, страляй, страляй, — у мяне болей патронаў. Я цябе прыцісну…

— Ге, не дужа іх лёгка было прыціскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылі чалавек сто, дык біліся да апошняга. Толькі параненых некалькі засталося. Астатнія — трупы.

— Ну… Не, я правільна скумекаў. Сышліся мы за адзін дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзін бок, я — па другі. Тут ужо ўцякаць яму — не з рукі, баіцца, адбяжыць — я і тыркну ў спіну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод і бокам за ім. Ён бокам ад мяне. я ў другі бок — ён таксама. Як дзеці. Цяпер дык аж смешна. Тады — не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянісава — такі хлапец!.. I вось якраз падляцеў — прама на яго парабел. Чую — трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, ці што? Ці, можа, патроны ўсе?

— Асечка. Калі патроны канчаюцца, тады гэты парабел іх затвор паднімае. Тарчком так.

— Можа, і асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён і паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукі, аўтамат мой не ведаю, куды і дзяваўся. Але і ён, гадзіна, дужы, рукасты фрыц, не які там пархацік. Пісталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохі здзівіла мяне, помню, рукамі ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.

— Ого!

— Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю — зялёненькая такая, круглая, бы гусінае яечка, з паскай пасярэдзіне. а ў канцы — вядома, узрывальнік. Знаеш жа — планку адпусціць, пстрыкне і — капут абодвум. Кішкі на сучча… Дай тваіх паспрабаваць, балгарскіх, гэтыя нягеглыя нешта. Сігарэт і тых людскіх прывезці не можа. Гандлярка наша.