Выбрать главу

Смелы я або трус — аб тым мне, дарэчы, яшчэ самому было невядома. Па прычыне зусім нядоўгае мае франтавой выслугі, выпадку як след праверыць сябе на гэтым пакуль не здаралася. Яшчэ два дні назад кожны візг міны над галавой вымушаў мяне сціскацца ўсім целам на снезе, не вельмі ўжо хутка я зразумеў, што міны ўсё ж ідуць міма, і неяк неўпрыкмет для сябе стаў прывыкаць. Ды і сорамна было памкамузвода сяржанта Хазяінава, шыракатварага нетаропкага чалавека, удвая старэйшага за мяне, які на кожны мой так старанна хаваны ў сябе спалох нібы незнарок кідаў:

— Нічога! Міма…

Я і сам ведаў, што міма, і, каб загладзіць няёмкасць, спазнела, без яўнай патрэбы вытыркаўся з прыдарожнай канавы, у якой мы ляжалі ад раніцы, чакаючы сігналу на атаку. Але што я мог зрабіць, калі маё цела само, незалежна ад мае волі, так бессаромна рэагавала на кожны выбух. Яго хоць і чакаюць, аднак заўсёды ён застае цябе знянацку. А гэта, нават не пазіраючы ў мой бок, заўважаў сяржант Хазяінаў.

— Нічога. Абы да ночы…

Ён і тут, здаецца, адгадваў мае думкі і, пасмоктваючы з рукава махорачную самакрутку, таксама прыслухоўваўся да грымотнай таўкатні ззаду. Апрануты ён быў у новы яшчэ камсастаўскі паўшубак з выдраным клокам на левай лапатцы, на нагах яго сядзелі валёнкі, рукавіц ён, здаецца, не насіў, грэючы рукі цыгаркай. Падобна на тое, што яму было цёпла. Я ж у сваім «на рыбіным футры» шынелку пачынаў ужо зябнуць на снезе і, разы два павярнуўшыся, прыглядаўся да пабудоваў — загрузлай у снезе хаціны ды скасабочаных хлеўчукоў са снегавымі шапкамі на стрэхах. Жыхароў там, мусіць, не было, хутар выглядаў сіратліва пакінутым, і ўсё ж там, здавалася, было цяплей, чым на ветраным прыбоі пад яго сценамі. Хазяінаў адразу зрэагаваў на гэты мой міжвольны клопат, зірнуў з-за скрынкі і, згледзеўшы байца, што бліжэй за іншых ляжаў у ланцугу, паціху паклікаў:

— Маханькоў! Чуеш — паглядзі там…

Як ні дзіўна, Маханькоў зразумеў, з гатоўнасцю ўвішнага салдата хуценька падхапіўся і, спрытна перабіраючы локцямі, папоўз цераз двор да ганка.

— Уначы абагрэемся. Не можа быць, — нібы каб суцешыць мяне ды і сябе таксама, сказаў Хазяінаў і смачна засмактаў цыгарку.

Ноч нам была патрэбна, я адчуваў гэта, ноччу мы маглі тут прасядзець, а раніцай… Зрэшты, мае думкі не ішлі далей ночы, ранак быў незвычайна далёкім і зусім няпэўным — ці мала што магло здарыцца яшчэ да світання.

Тым часам памалу змяркалася, цямнела нізкае шэрае, як вата з фуфаек, неба. За снежным полем удалечыні ўжо ледзьве праглядвалі дахі сяла, дым ад пажараў у тым баку зусім змяшаўся са змрокам і стаў нябачным у небе. Толькі слупы ля дарогі на фоне снежнае шэрасці яшчэ прыкметны былі ў прыцемках амаль да сяла. Міны над хутарам, здаецца, сталі візжаць трохі радзей. Мяркуючы па тым, як пацішэла страляніна ззаду, можна было здагадацца, што бой к ночы канчаўся, так і не даўшы палку патрэбнага поспеху. Напэўна, сапраўды нам выпадала тут каратаць ноч, напалову абкружанымі.

Ну што ж, мне ад таго чамусьці не было дужа боязна. Хаця мы і апынуліся амаль што ў мяшку, але затое адарваліся ад начальства, якое за тры дні наступлення проста заганяла ўзвод аўтаматчыкаў. (Нават Хазяінаў стаў бурчэць і лаяцца.) Увогуле пакуль што атрымлівалася паводле выслоўя: няма ліха без дабра.

Мы яшчэ паляжалі некалькі хвілін. Мароз на змярканні, адчувалася, набіраў моцы. Байцы без усякай каманды ўзяліся за свае лапаткі, пачалі капаць у снезе ячэйкі — для сховы ад куль, а больш, каб сагрэцца. Горш за ўсё ў нашым становішчы — гэта няпэўна ляжаць ды мерзнуць, нічога не робячы. Думаючы аб сім-тым, я ўсё чакаў Маханькова, які павінен прыпаўзці і нешта паведаміць, каб тым самым даць нам з Хазяінавым прыняць рашэнне на ноч. Але з хаты пачуўся ягоны голас:

— Таварыш сяржант! Таварыш сяржант Хазяінаў!

Голас быў не зусім звычайны — нібы ўстрывожаны і радасны адначасна, мы разам павярнуліся і ўбачылі ў прыадчыненых дзвярах ажыўлена-ўсмешысты твар байца:

— Ідзіце сюды!

Хазяінаў крэкнуў, памарудзіў, кінуў пільны нахмураны позірк у поле.

— Што там яшчэ такое?

Але Маханькоў чамусьці маўчаў, і сяржант, падхапіўшы свой аўтамат, хуценька пабег сагнуўшыся, спачатку паўз плот, а затым па — над сцяной хаты і нарэшце пераваліўся цераз парог. Маханькоў прычыніў дзверы.

Зноў пацягнуўся час.

Зрэшты, на гэты раз яны там маўчалі нядоўга. Неўзабаве ў прычыненых дзвярах зноў паказаўся круглявы, загадкава-ажыўлены твар Маханькова.