Выбрать главу

— Чаму здадзен хутар?

Сударгава сціскаючы рэмень аўтамата на плячы, я маўчаў. Што я мог сказаць яму? Хіба ён сам не бачыў з НП, што адбывалася на гэтым хутары.

— Я пытаюся, чаму здадзен хутар?

— Бронетранспарцёры, таварыш маёр…

— Пляваць мне на бронетранспарцёры! Вы адказвайце, чаму здадзен хутар?

Ведама ж, мае тлумачэнні былі яму зусім непатрэбны, — яму патрэбен быў хутар, а не апраўданні. І я змоўк, гатовы прыняць ад маёра самую цяжкую кару, якую я заслугоўваў. Але ён злавесна маўчаў. Над полем з хутара ўзляцела ракета, у вышыні яна рассыпалася на тры, зорнае неба пыхнула сінявата-дымчатым водсветам. Нас маглі тут убачыць, але маёр нават не варухнуўся, утаропіўшы ў мяне злосны нахмураны позірк. Потым ён выцяг руку і, тыкаючы ёй у поле, ледзяным голасам абвясціў;

— Каб вы мне да раніцы яго ўзялі!

Я маўчаў. Я глядзеў на яго сутулаватую, паверх паў-шубка апяразаную рамянямі постаць, і ў гэты момант для мяне не існавала ў свеце нічога, апроч ягонае гнеўнай улады.

— Вы зразумелі? — не пачуўшы адказу, павысіў голас маёр.

— Зразумеў, таварыш маёр.

— Не возьмеце да васьмі ноль-ноль, я вас расстраляю вось тут, з гэтага вось пісталета.

Ён лёгка выхапіў з расшпіленай кабуры чорны ТТ і ягоным ствалом красамоўна пакруціў перад маім носам.

— Есць! — сказаў я, і голас мой здрыгануўся ад поўнай разгубленасці.

— Вось так! У восем ноль-ноль. Запомніце.

Што ж, запомніў. Я яшчэ дрэнна разумеў усе вынікі гэтага папярэджання, але названую гадзіну я запомніў. Не дужа вясёлы для мяне яго сэнс марудна даходзіў да маёй свядомасці, і калі камандзір палка з двума аўтаматчыкамі далекавата ўжо адышоў па дарозе, я ўсё яшчэ стаяў на месцы, з усяе моцы сілячыся зразумець, што ж мне цяпер рабіць.

Над полем зноў узнялася ракета, затым, калі яна дагарэла, засвяцілася другая — у дрыготкім яе святле пад зоркамі ярка азначыўся выгнуты, растузаны ветрам, след першай. У той жа момант імклівыя пісягі трас замільгалі ад хутара, б’ючыся аб насып дарогі і рыкашэтам пырхаючы з-пад маіх ног — у зараз жа пагусцелы змрок ночы.

— Таварыш лейтэнант!..

Мяне клікалі, за мяне непакоіліся, і я, нібыта ў паўсне, сышоў у свой акопчык пад дрэўцам. Побач, не займаючы яго, ляжаў на баку Маханькоў, неўзабаве аднекуль з ланцуга прыбег і ўпаў побач Грынюк, адзіны ўцалелы ва ўзводзе камандзір аддзялення. Абодва маўчалі, напэўна, чакаючы, што скажу я, але я таксама маўчаў. Да той шматзначнай размовы з камандзірам палка, якую яны ўсе чулі, дадаць мне не было чаго.

Ноч раптам праяснілася, хмары ў небе прарэдзіліся, і ў іх ірваных прагалінах з’явіўся месяц. Немцы яшчэ выпусцілі доўгую чаргу трасіруючых, на гэты раз многа правей уз — вода, у напрамку пагорка, куды пайшоў камандзір палка.

— Пуляе! Усё пуляе, гад, — заўважыў Грынюк. Маханькоў не сказаў нічога, я таксама.

Некаторы час мы сядзелі моўчкі, але я ведаў, што абодва яны спачувалі мне і, пэўна, хацелі супакоіць. Аднак спачуванні цяпер не мелі сэнсу, і яны самі, відаць, няблага разумелі гэта.

— Пакуль там што — давайце перакусім, — сказаў Грынюк і, нешта дастаўшы з кішэні, падаў мне.

— Што гэта? А-а-а…

— Галеты, таварыш лейтэнант. Маханькоў, давай фляжку.

Маханькоў з гатоўнасцю падаў флягу, і я, амаль недаўменна (якая фляга, навошта фляга?), нібы прасыпаючыся ад душэўнага змярцвення, узяў яе. Гэта была тая ж, знаёмая, нядобрай памяці шкляная фляга, і ў ёй важка, нібы жывая істота, з ціхім пляскам боўталася з паўлітра гарэлкі.

— Выпіце, лейтэнант, — неяк проста, па-свойску сказаў Грынюк. — Для сугрэву не пашкодзіць.

Я патрымаў флягу ў руцэ, падумаў і вырваў гумовую пробку. Гарэлка была страшэнна сцюдзёная і гарчыла ў роце, больш чым на тры глыткі ў мяне не хапіла дыхання. Пасля, пакуль я з нечаканым апетытам жаваў скрыпучую галету, глытнулі патроху Маханькоў і Грынюк.

— Во і добра! Сугрэўней стала. А то ночка — не мамачка.

Сапраўды, зрабілася неяк трохі цяплей, а галоўнае — быццам весялей нават, з душы нібыта зваліўся гнятлівы цяжар, і мая вялікая бяда стала раптам патроху меншаць.

— Грынюк, як у вас з патронамі?

— З патронамі? Анічога. Есць патроны.

— Маханькоў, перадай па ланцугу фляжку. Кожнаму — адзін глыток.

Маханькоў падняў галаву, нібы чагось не разумеючы, і я паўтарыў:

— Перадай, перадай! І — падрыхтавацца да атакі.

— Зараз? — здзівіўся Грынюк.

— Так, зараз.

Грынюк заёрзаў па снезе, высмаркаўся, выцерся рукавіцай і, яўна не адабраючы маё рашэнне, шумна ўздыхнуў. Мяне ж ці то ад гарэлкі, ці таму, што я толькі цяпер пачаў усведамляць усю незайздроснасць свае перспектывы, пачала распіраць неспатольная прага да дзеяння. Хацелася неадкладна кудысьці бегчы, нешта рабіць, здаецца, я пачынаў адчуваць у сабе сілу і рашучасць супраціўляцца абставінам.