Грынюк жа, мяркуючы па ўсім, адносіўся да гэтага інакш.
— Пачакаем. Да раніцы цэлая ноч.
— Ну і што? За ноч хутар бліжэй не стане. Маханькоў, бяжы спытай, колькі часу.
Маханькоў, прыгнуўшыся, шмыгнуў у канаву і пабег да байца Бабкіна, у якога быў трафейны гадзіннік, а Грынюк, задраўшы падбародак, паглядзеў у неба, дзе час ад часу з’яўляўся з-за дранага ашмоцця воблакаў амаль правільны дыск месяца.
— Хоць бы гэта бяльмо схавалася. А так…
— Напляваць! Колькі, Маханькоў?
— Дваццаць хвілін першай, таварыш лейтэнант, — сказаў Маханькоў і апусціўся на адно калена.
Я ўстаў з акопа.
— Так! Падрыхтавацца да атакі. Дазарадзіць магазіны. Падрыхтаваць гранаты.
4
Я ледзьве вытрымаў, каб не падняць узвод зараз жа, цярпліва счакаў каля паўгадзіны і тады з дрыготкім сэрцам выйшаў з акопчыка. Поплеч адразу ж ускочыў Маханькоў, пасля ўсталі яшчэ, і ледзьве прыкметны ў прыцемках ланцужок рушыў па снежным полі ў напрамку да хутара.
Хутар ужо амаль дагарэў, і толькі некалькі агеньчыкаў слаба бліскалі ў цемры на самым краі поля. Я на ўсе вочы ўзіраўся ў гэты край, бо ад таго, заўважаць нас або не раней, чым мы зблізімся на кароткі рывок, залежала для мяне ўсё. Мне здавалася, што, раней чым немцы спахопяцца, узвод паспее прабегчы хоць бы палавіну поля, астатняе, вядома, давядзецца адольваць пад нямецкім агнём. Напэўна, гэта было не самае лепшае, але іншага спосабу вярнуць хутар я не знаходзіў. Зрэшты, у адным нам як бы быццам пашэнціла — месяц, здавалася, надоўга схаваўся за густым навалаччам хмар і ноч добра-такі сцямнела.
Пад ботамі і валёнкамі ціха паскрыпваў марозны снег, халодны нямоцны вецер апякаў твары. Я вельмі спяшаўся і то шырокім крокам, то бягом усё далей вёў узвод ад дарогі. Было цёмна і ціха. Вядома, з хвіліны на хвіліну немцы павінны былі павесіць ракету, я чакаў яе, каб адразу ж залегчы, пакуль яна яшчэ будзе на ўзлёце. Але атрымалася так, што іх чамусьці ўзнялося тры разам. Прадчуваючы нядобрае, я тут жа распластаўся на снезе, непадалёк пападалі байцы, і толькі на правым фланзе хтось недаравальна прамарудзіў — доўгі трайны цень яго па-здрадніцку заматляўся па бязлітасна асветленым полі.
Ракеты не паспелі дагарэць, як з-за хутара імкліва ўзляцелі яшчэ тры, і тут жа прывідны ў іх святле прастор над галовамі прашылі першыя паскі трас. Чэргі вылецелі з аднаго месца, трошкі лявей ад хутара, пасля ў паветры да іх далучыліся іншыя, затрашчалі новыя кулямёты, і ў глухой дагэтуль начной цішыні ўсчаўся такі вэрхал, якога, здавалася, не было ўдзень, калі наступаў полк.
Я ўголас вылаяўся, уціснуўся ў снег, амаль фізічна адчуваючы, як мая ўзнёсласць і мая рашучасць уступаюць месца роспачнай злой безвыходнасці. Было зразумела, што замысел мой разлятаўся ўшчэнт, наступаць пад такім агнём было самагубствам.
Ткнуўшы падбародак у снег, я пакутліва згадваў, што рабіць. У душы нядоўга паныла ды і сканала нясмелая надзея на тое, што гэта — так, што немцы ўсчалі такую страляніну, каб напалохаць, што нас яны не заўважылі.
Думалася, а раптам усё сціхне. Але дзе там! Сотні агняных светлякоў, пераганяючы адзін аднаго, скрыжоўваючыся і размінаючыся, шалёна несліся ў наш бок, дзёўбаліся аб снег, зламаўшы траекторыю, узляталі зноў. У небе пад аблокамі няспынна віселі ракеты, і было відаць, як вецер марудна раскручвае на небасхіле блытаніну іх дымных хвастоў.
Ад такога знішчальнага агню нас ратавала толькі адлегласць. Усё ж да хутара было не меней чым кіламетр, і таму рассейванне іх чэргаў было вялізнае. Па сутнасці, немцы сеялі імі па ўсім полі.
Павярнуўшы голаў, я паглядзеў на свой узвод. Няроўны яго ланцужок, нібы замершы адразу, ляжаў пад зіхоткай агнянай мітуснёй уверсе, здавалася, ніводным рухам не дэмаскіруючы сябе ў гэтым полі. Але цяпер гэта яго нерухомасць ужо не была перавагай — нас, пэўна ж, убачылі. Мабыць, трэба было падаваць каманду, каб вяртацца назад.
Аднак я марудзіў. Я чакаў, усё яшчэ спадзеючыся на штось раптоўнае і спрыяльнае для нас, як цуд. Уздоўж ланцуга, грудзямі рассоўваючы снег, поўз Грынюк. Я бачыў яго, але сяржант, перш чым загаварыць, патузаў мяне за бот і праз трэскат і гром пракрычаў:
— Лейтэнант! Чаму ляжым? Камандуйце: па-пластунску наперад!
«Дзякуй, Грынюк!» — падумаў я. А то мне здалося, што ён прыпоўз не за тым. Давялося б ваяваць, узяў бы яго на месца Хазяінава. А так… Але куды тут па-пластунску?