— Закурым, ці што, дзяцюк. Каб дома не журыліся.
Я адвярнуўся. Было, бадай што, агідна глядзець на гэтую яго беспадстаўную бадзёрасць, якая злавала мяне, акалелага ад сцюжы, змарнелага ад пакут гэтай жахлівай для мяне ночы. А тут яшчэ нясцерпна мерзлі ногі, але ўставаць і грэць іх няхітрым салдацкім спосабам у мяне проста не было сілы. Сцяўшы ў рукавіцах азяблыя рукі, я журботна глядзеў у начныя прыцемкі, дзе знікала дарога і дзе быў палкавы НП. I, пэўна, таму я адразу ж пачуў у тым баку адзіночны вінтовачны стрэл, які рэзка бахнуў у чуйнай ранішняй цішыні. Праўда, мая ўвага амаль не затрымалася на ім: ці мала страляюць уначы на перадавой ды і ў тыле. Але ў той жа момант таропка бабахнула яшчэ і яшчэ. I праз секунду затрашчала, зашыпела, заохала. Трасіруючыя, мабыць, з рыкашэта, веерам, разляцеліся над пагоркам.
Маханькоў і Грынюк з недакручанымі цыгаркамі збянтэжана знерухомелі каля акопа.
— Што такое?
— Ачумелі яны там, ці што?
— Вартавы, можа? З упуду, — сказаў хтосьці ў канаве. Не, мабыць, гэта не з перапуду. На выпадковы перапалох гэта наогул было мала падобна — дужа ўжо ашалела трашчэлі аўтаматы. Грымнуў, мабыць, гранатны выбух, і зноў — аўтаматы і рэдкае важкае баханне вінтовак.
— Што за халера?
Грынюк сунуў непрыкураную цыгарку за адварот шапкі і ўскочыў на ногі.
— Бадай, нелады. Трэба б паслаць каго.
— Ось і давай! Бяры аддзяленне і — бягом!
Малодшы сяржант кінуўся ўздоўж канавы, і Маханькоў таксама пераскочыў акопчык.
— I я.
На секунду ён затрымаўся, чакаючы мае згоды, але я трохі памарудзіў — штось ва мне раптам запярэчыла супраць таго, каб і ён бег туды. Пэўна, падзеі апошняй ночы зблізілі нас, і цяпер мне проста не хацелася заставацца тут без яго. Але я ўспомніў, колькі ўжо мала засталося хвілінак з майго апошняга часу, і махнуў рукой. Сем чалавек Грынюка выбягалі на дарогу, і Маханькоў, закінуўшы за плячо аўтамат, дагнаў іх.
Страляніна тым часам усё разгаралася, здаецца, сапраўды ў нашым тыле ішоў бой. Дзесьці за хутарам завухкалі нямецкія мінамёты, цяжкія іх міны, скаланаючы зямлю, пачалі рвацца на пазіцыях батальёнаў. Неба завыла, зашуршала, заварушылася. Але я ўсё не мог пагадзіцца з думкай, што праз баявыя парадкі палка прарваліся немцы — у такім разе мы самі апыналіся ў акружэнні, а гэта ўжо было горш за ўсе нашы ранейшыя беды. Аўтаматчыкі ў канаве ўсе насцярожыліся, павярнуліся ў акопчыках і, паглядваючы ў бакі, услухоўваліся ў загадкавую калатнечу.
I тады на дарозе невядома адкуль з’явіўся баец. У непадпяразанай гімнасцёрцы, з аўтаматам у руках ён быў не наш, я адразу сцяміў тое і, нешта адчуўшы, падняўся яму насустрач. Баец, раптам згледзеўшы ўзвод, закрычаў амаль у роспачы, як гэта магчыма, толькі калі трапіш у бяду:
— Аўтаматчыкі?.. Аўтаматчыкі — усім бягом туды! Чуеце? Немцы прарваліся…
— Куды прарваліся? Дзе прарваліся? — ужо ведаючы, што сталася кепскае, зацятым голасам пытаўся я.
— Камандзір, так? Начштаба загадаў: бягом!..
Баец раптам змоўк, нібы праглынуў словы, і пахіснуўся, хапаючыся за бок. Мы ўсе маўчалі, а ён стаў хіліцца ніжай і ніжай, каб не ўпасці, няўпэўнена пераступіў на дарозе.
— Рабяты, бінта…
Нехта кінуўся да яго з канавы, мяне ж у тую хвіліну нібы скаланула штосьці. У свядомасці бліснула здагадка-надзея, і я нават сцяўся ад думкі, што магу спазніцца. Выскачыўшы на палатно дарогі, я крыкнуў узводу: «За мной бягом!» — і ашалела пабег насустрач візгу і ціўканню бою. Ён цяпер не палохаў мяне, самае страшнае — хутар і дарога — заставалася ззаду, а смерць там, на НП, здавалася мне ўзнагародай.
6
I вось я не згінуў, а толькі паранены і нават лёгка — у руку. Тое, што адбылося потым на схіле пагорка з назіральным пунктам, заняло дзесяць хвілін і помніцца цяпер да кожнай драбніцы. Аказваецца, немцы абыходзілі мой узвод, каб ударыць па ім з тылу, ды налезлі ўначы на палкавы НП. На шчасце, мы былі побач і прыбеглі для паратунку ў час. Аўтаматчыкі ўварваліся ў траншэю, калі ў ёй ужо былі немцы — пайшлі ў ход гранаты, лапаты, нажы. Васемнаццаць нямецкіх трупаў засталося на гэтым бугры. Але перапала і нам.
Калі ўсё было скончана, у траншэі на мяне наскочыў начштаба, ён паціснуў маю здаровую руку і адразу ж запісаў імя і імя па бацьку — для ўзнагароды. Спачатку мне здалося, што ён жартуе, але капітан спытаўся яшчэ і прозвішча таго малодшага сяржанта, аддзяленне якога падбегла да пагорка першым і тым на хвіліну ўзяло на сябе агонь немцаў.
— Грынюк — было яго прозвішча, — сказаў я.
— Што — таксама?