Выбрать главу

— Таксама.

Капітан яшчэ больш спахмурнеў, на палявой сумцы хруснуў яго аловак. Начштаба вылаяўся.

Цяпер я сам не разумею сябе — адбылося нешта супярэчлівае і загадкавае. Недзе ў глыбіні душы я рады, амаль шчаслівы і ў той жа час мне як ніколі крыўдна і хочацца плакаць. Я ледзьве стрымліваю слёзы і не знаходжу сабе мясціны ў гэтым сяле. Я ўцякаю ад падворка каменданцкага ўзвода, дзе на акрываўленай саломе ляжаць пад брызентам Грынюк, Дудчанка, Усольцаў і Бабкін. Я стараюся больш не падыходзіць да хаты з раскіданай выбухам страхой, дзе ляжыць на лаве такі супакоены і чужы цяпер да ўсяго маёр Варонін. Не хочацца мне ісці і ў санітарную роту. Зараз там гаманліва, накурана, параненыя чакаюць снядання, машын з медсанбата, а цераз сені насупраць памірае з расшкуматаным жыватом Маханькоў. Кажуць, везці яго ў медсанбат ужо няма сэнсу.

Да маёра ў мяне, не зважаючы ні на што, адно толькі — ціхае шкадаванне. У яго пагібелі я не маю віны, мы сумленна стараліся выручыць яго на НП, але я ўсё думаю: няхай бы ён жыў. Можа б, і не расстраляў, як аб тым гразіўся. I тут самае кепскае ў тым, што ніколі ўжо і не даведаешся, ці ён сапраўды хацеў выканаць сваю пагрозу, ці толькі палохаў. Гэта ўжо навек застанецца для мяне загадкай.

Машыны, мяркуючы па ўсім, будуць няхутка. У небе над вёскай вісіць невысокае сонца, за лесам, напэўна, усё на тых жа пагорках грыміць бой. Невядома, як пашанцуе сёння нашым батальёнам…

Краем вуліцы я памалу брыду да школы. Там на невялічкай пляцоўцы пад вокнамі чацвёра маіх уцалелых аўтаматчыкаў капаюць магілу. Адну, брацкую. Спярша камандзіра палка хацелі хаваць асобна, але камісар сказаў: не варта старацца. Ды і няма каму. Усяго жывых-здаровых у мяне засталося сямёра — трох аддалі на папаўненне роты сувязі, чацвёра пахаваюць забітых і пойдуць у стралковы батальён капітана Паршына.

Па рыхлай вохкай зямлі я ўзбіраюся на гліністую кучу і моўчкі гляджу ўніз. Хлопцы, навесіўшы цераз плячо дзягі, працуюць у адных гімнасцёрках. Усе маўчаць, чутно толькі, як тупаюць, скрыгочуць па суглінку рыдлёўкі, зморана, адрывіста дыхаюць байцы. З ямы, раз за разам абсыпаючы мае боты, вылятае зямля. I я не збочваю ад рыдлёвак, — я адчуваю да гэтай магілы нейкае невыказнае сваё дачыненне. Напэўна, таму, што сярод тых, хто хутка ляжа сюды, вельмі нават магчыма мог бы ляжаць і я. Лёс або выпадак дамогся інакшага, і ўсё ж нейкая часцінка майго Я будзе вечна знаходзіцца тут — з Грынюком, Дудчанкам, Усольцавым, Бабкіным. Ды і з маёрам Вароніным таксама.

1966 г.

Сваякі

— Не! — сказала яна, стукнуўшы аб падлогу вілачнікам. — І не думайце!

Седзячы ля стала, яны пераглянуліся. Старэйшы — высокі, худы, па-юнацку нязграбны Алесь адразу нахмурыўся і зацяўся ў сабе, а на зусім яшчэ хлапечым пухлаватым твары пятнаццацігадовага Сёмкі мільганула нешта ўпартае і злоснае.

— Усё роўна пойдзем!

— Паспрабуйце! Паспрабуйце, ірады! Бач, удумалі! Смаркачы няшчасныя! Я вам пакажу партызанаў!

Гэта была пагроза, але ў ёй адчувалася не так сіла і ўпэўненасць, як бездапаможнасць, ад якой яна ўсхліпнула і з вілачнікам падскочыла да хлопцаў. Яны павінны былі б разбегчыся, як гэта рабілі заўжды дагэтуль, але цяпер нават не крануліся з месца, і гэта зусім раззлавала яе. Сёмка толькі ўзняў руку, яна выцяла яго некалькі разоў, не гледзячы куды, потым адзін раз — Алеся. Старэйшы прыняў яе ўдар з каменнай абыякавасцю на змрочным худым твары, нават не ўздрыгнуў, толькі мацней сцяў вусны, і яна зразумела, што ўсё гэта — дарма. Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запазнелая спроба вярнуць сваю ўладу над хлопцамі. Роспач адразу падламіла яе і, кінуўшы вілачнік, яна выйшла ў сенцы.

Некалькі пакутных хвілін яна корчылася на сундуку ад бездапаможнасці і крыўды, не ў стане зразумець, чаму яны такія ўпартыя ў гэтым відавочным і пагібельным сваім намеры? Яна разумела і нават апраўдвала, калі на гэта ішлі дарослыя — акружэнцы і свае мужыкі, але што ў той калатнечы магло прывабіць падлеткаў, амаль што дзяцей? Што яны зробяць у лесе, апроч як па-дурному загінуць, як загінуў той, што тыдзень назад з ночы ляжаў да поўдня на аколіцы, застрэлены нямецкай засадай, такі маладзенькі, прыгожы дзяцюк, у акрываўленай вайсковай сарочцы. Так і яны будуць валяцца дзе-небудзь, і на іх будуць страхавіта глядзець незнаёмыя людзі, і п’яныя паліцаі будуць перакочваць іх сваімі падкутымі ботамі, а на іх босых нагах будуць апантана бегаць прагныя веснавыя мухі…

Не, ужо таму не быць! Хопіць таго, што без пары без часу склаў голаў бацька, а ў іх яшчэ, слава богу, ёсць маці, яна не можа дапусціць іхняй пагібелі. Ёй, пэўна, вядома, хто падбіў іх на гэтую гібельную справу, яна знойдзе яго і не пакіне ніводнай валасіны ў ягонай фасоністай белай чупрыне.