— Ды я каб параіцца. Сыны ў мяне…
— Што сыны? Гавары канкрэтна.
Яна пакутліва шукала словы, каб як мага карацей і зразумела растлумачыць ім, што яе прывяло сюды.
— Ну гавары, гавары, не бойся. Тут усе свае.
— Сыны ў мяне… Нядобрае ўдумалі.
— Што, з бандытамі знюхаліся?
Яны ўсе разам нібыта страпянуліся за сталом, павярнуліся да яе, а Дрозд рашуча ўскочыў — рослы цяжкі мужчына ў сподняй блакітнай майцы — і дошкі ў падлозе хістка зазыбаліся пад ім.
— Ну, гавары!
Яна, выразна разумеючы, што павінна адважыцца на самае галоўнае, дзеля чаго гатова была на ўсё, амаль узмалілася:
— Пятровіч, родненькі, толькі ж прашу, не зрабі ж ім благога. Ну, можа, напалохай іх, не карай толькі. Маладыя ж яшчэ, блазнота зусім, старэйшаму васемнаццаты пайшоў са ўздвіжання. Хіба ж яны разумеюць…
— Ага! Так-так. Ну ясна. Дзе яны цяпер?
— Дома. Я ж запёрла іх.
— Запёрла? Маладзец, цётка. Хадзем!
Ён таропка нацягнуў на сябе свой паліцэйскі мундзір, сарваў са сцяны вінтоўку. Іншыя таксама вылезлі з-за стала, і ў хаце адразу зрабілася цесна. Яна адступіла, у сярэдзіне ў яе нешта здрыганулася і апала, і пакуль Дрозд падпярэзваўся тоўстай вайсковай дзягай, яна, сашчапіўшы на грудзях рукі, прасіла:
— Пятровіч, сынок, толькі ж вы па-харошаму каб…
— Мы па-харошаму! Культурна! Барсук, прыхапі канец.
Яны выйшлі на двор і, каб было бліжэй, хутка пусціліся па мяжы ў поле. Сонца ўжо схавалася за хмарай, па-вясноваму голае шэрае поле тужліва азмрочылася, але яшчэ было відно і ціха.
Тут, на волі, яна лепш разгледзела іх. Апроч Дразда, яшчэ двое былі ў нямецкіх мундзірах і пілотках, а адзін, задні, у сваім — пінжаку і шэрых картовых штанах навыпуск. Гэты, у штацкім, здалося, быў ёй знаёмы, і яна, забегшы трохі наперад, спытала:
— Гляджу гэта і пазнаю быдта. Ці не з Залесся будзеце? — З Залесся, матка, — проста адказаў ён басам, але размовы не падтрымаў. Яна прыгледзелася да астатніх двух крутых стрыжаных патыліц, але гэтыя, бадай, былі чужыя.
Так яны перайшлі пагорак, клін сенажаці, мінулі лазовыя зараснікі ля ручая. Каля балотца-выгарыны калупаўся з плугам кульгавы Пракапчук, селянін з іх вёскі, ён прыпыніў каня і доўга глядзеў здаля на жанчыну і чатырох паліцаяў з вінтоўкамі. Яна нічога не сказала яму, нават не азвалася і прайшла міма, але зараз жа ёй стала ніякавата ад гэтай насцярожанасці знаёмага чалавека. Праўда, яна тут жа перасіліла ў сабе гэта непрыемнае страхавітае адчуванне. Хай, хай папалохаюць, не заб’юць жа, бо немцам яны благога яшчэ не зрабілі, завошта ж караць іх?
Яна ўвесь час бегла ззаду, у полі і на выгане, і толькі калі зайшлі на падворак, ля калодзежа Дрозд прапусціў яе ўперад і нават лёгенька штурхануў, маўляў, ідзі, а мы следам. Яна звыкла і рухава, як і заўжды, прыступіла на шырокі пляскаты камень, затым на парог і ў той жа час зразумела, што падпорка яе не ўтрымала, карамысла валялася ў доле, і дзверы ў хату былі расчынены. Аднак зараз жа яна згледзела Сёмку, і яе ўразіў выраз сполаху, бадай-што, жаху, на яго яшчэ вельмі дзіцячым твары. Нагнуўшыся, сын стаяў над кубёлкам, у якім яны хавалі мясное, з кавалкам сала ў руцэ. Каля ног хлопца ляжала тарбінка з завязкамі, згледзеўшы якую, яна ўсё зразумела і коратка зларадна сабе ўсміхнулася. Але ў той жа час Сёмка крыкнуў, выпусціў сала і, угнуўшы голаў, кінуўся ў дзверы, на бягу моцна штурхануўшы яе ў бок. Ззаду закрычалі — Дрозд або хто іншы, і ў той жа момант аглушальна грымнуў адзін, другі, трэці стрэлы. У ёй усё абвяла, абмякла, яна пахіснулася, але стрымала сябе і, адчуўшы, як нешта крута збочыла да недарэчна і непатрэбна страшнага, выбегла з сенцаў.
— Сыночак! Сыночак! Пастой!
Яна кінулася да паліцая ў шэрай нямецкай пілотцы, які стаяў з карабінам каля паркана, хоць ужо не страляў. Ён апусціў карабін долу, вылаяўся, груба адштурхнуў яе і палез цераз перакладзіну ў гарод. Яна не разумела яго, як не разумела нічога з таго, што тут адбываецца. Сёмкі нідзе не было, і толькі калі паліцай шырока пакрочыў наўкось па забаранаваным гародзе, яна ўбачыла сынаву галаву, плечы і раскіданыя ў бакі рукі — ён нерухома ляжаў на глеі ў трох кроках ад буйна квітнеўшага на ўзмежку вішанніку.
Тады яна закрычала і рухнула на прапахлы ўсімі дваровымі пахамі дол, усведамленне велізарнай несправядлівасці збіла яе з панталыку, яна ўжо не магла сцяміць, як здарылася такое. Яна білася галавой аб цвёрдую, як бетон, утаптаную зямлю падворка, біла яе сваімі не па-жаночы вялікімі кулакамі, зайшоўшыся ў амаль здзічэлай, шалёнае роспачы ад такой непапраўнай бяды. З гэтага стану яе вырваў знаёмы і ў той жа час зусім нейкі інакшы голас яе старэйшага сына.