— Што са старшым, тое ж і з младшым! — груба абарваў яго Каламіец. — Вайна, яна ні з кім не лічылася. Ды яшчэ ў блакаду.
— Ну, — проста пагадзіўся стары, — акурат блакада была. Толік з вачамі тыдзень дома пабыў, аж прыбягае Цімка. Кажа: абклалі з усіх бакоў, сілы мала. Ну і пайшлі. Малодшаму шаснаццаць было. Астацца прасіў — ні ў якую. Як немцы ўбяруцца, сказалі, каб агонь расклаў…
— Ось галава! — здзівіўся Каламіец і нават прыўстаў ад сваіх донак. — Сказалі раскласці! Калі гэта было? — Ды на пятроўку. Акурат на пятроўку, ага…
— На пятроўку! А колькі таму гадоў мінулася, ты кумекаеш?
— Гадоў?
Стары, падобна было, з нейкай натугай здзівіўся і, здаецца, упершыню за вечар адарваў свой пакутлівы позірк ад ледзьве прыкметнай у прыцемках лясной лініі берага.
— Ага, гадоў? Гэта ж дваццаць пяць год мінула, галава яловая.
Грымаса глыбокага болю зморшчыла старэчы твар чалавека, вусны яго зусім па-дзіцячы крыўдліва скрывіліся, вочы хуценька зацепалі, і погляд разам патух. Відаць, толькі цяпер да азмрочанай яго свядомасці пачаў марудна даходзіць увесь страшны сэнс яго шматгадовай памылкі.
— Дык гэта… Дык гэта як жа?..
Напяўшыся ўвесь у якімсь намаганні, ён, мабыць, хацеў і не мог выказаць нейкую важную сваю думку, і ад гэтага непасільнага напружання позірк яго стаў нерухомы, страціў усякі сэнс і зышоў з таго берага.
— Я табе кажу: кінь гэтыя забаўкі, — корпаючыся ля вудаў, пераконваў унізе Каламіец. — Рабят не дажджэшся. Амба абодвум. Ужо дзе-небудзь і костачкі згнілі. Ось так!
Стары маўчаў, як глухі. Заняты сваей справай, змоўк і Каламіец. Змрок блізкае ночы хутка паглынаў бераг, хмызняк; з прырэчных равоў папаўзлі шэрыя космы туману, лёгкія дымчастыя струмені яго пацягнуліся над ціхім плёсам. Хутка цямнеючы, рака губляла свой дзённы бляск, змрочны той бераг шырока перакуліўся ў яе глыбіню і заліў рачную паверхню гладкай блішчастай цемрай. Землечарпалка перастала грукатаць, зрабілася зусім глуха і ціха, і ў гэтай цішыні тоненька і нясмела, як з невядомае далёкай далечы, дзынкнуў маленькі званочак донкі. Захлябаўшы па камянях падэшвамі гумовых ботаў, Каламіец кінуўся да крайняй на беразе вуды і таропка заматляў рукамі — пачаў даставаць з вады лёску. Ён не бачыў, як Пятровіч на абрыве трудна падняўся, хіснуўся і згорблена, моўчкі падаўся кудысь — прэч з гэтага берага.
Напэўна, у цемры стары недзе размінуўся з Юркам, каторы неўзабаве паявіўся на абрыве, кінуў пад ногі траскотнае бярэма галля — вялікае бярэма побач з маленькай вязанкай Пятровіча.
— А дзе дзед?
— Глядзі, якога ўзяў! — пачуўшы сябра, бадзёра загаварыў пад абрывам Каламіец. — Колбік што трэба! Паўкіла пацягне.
— А дзе Пятровіч? — адчуўшы нядобрае, паўтарыў сваё пытанне Юра.
— Пятровіч? А хто яго… Пайшоў, мабыць. Я сказаў яму…
— Як? — аслупянеў на абрыве Юра. — Што ты сказаў?
— Усё сказаў. А то водзяць за нос. Падтакваюць…
— Што ты нарабіў? Ты ж прыкончыў яго!
— Ды ўжо ж — прыкончыў. Жывы будзе!
— От жа калун! От жа тумак! Я ж табе казаў! Яго ж тут бераглі ўсе! Ашчаджалі. А ты?..
— Што там ашчаджаць! Хай праўду ведае.
— Такая праўда яго даканае. Яго ж сыноў абодвух забілі ў блакаду. А перад тым ён іх сам вунь туды на лодцы адвёз. І чакае.
— Чаго ўжо чакаць?
— А што ж, лепш не чакаць? Як жа тады жыць? Эх ты!
— Ну ладна, ладна…
— Ды не ладна! Пайшоў ты, ведаеш куды! Дзе мой рукзак?
Пад завалочаным цемрай абрывам пачуўся ціхі стук камянёў пад нагамі, рэзкі лязг ланцуга па гулкай абшыўцы лодкі і неўзабаве некалькі крокаў, якія хутка заціхлі ўначы. Над берагам запанавала цішыня. Ледзьве пабляскваючы аспіднай паверхняй, цякла ў вечнасць рака, і паступова ў розных мясцінах на нябачных у змроку яе берагах, блізка і далека загараліся кастры рыбакоў. Сярод іх у той вечар не загарэўся толькі адзін — на абрыве насупраць ляснога перавозу, дзе да ранку было незвычайна пустынна і глуха.
Не загарэўся ён і ў наступную ноч.
І, мабыць, не загарыцца ніколі.
1972 г.