Выбрать главу

Не сябе было шкада яму, а крушэння той апошняй надзеі, якая мацней за слабыя сілы цела ўтрымлівала яго ў жыцці.

Усёй істотай чалавек адчуваў, што хутка ўжо наступіць хвіліна, калі канчаткова пагасне яго жыццё.

Мінула яшчэ трохі часу. Чалавек, зусім ужо пазбаўлены сіл, пераадолеў дзесятак метраў і споўз з травяністага адхону. Пульхны дарожны дол, перацёрты гусеніцамі, быў яшчэ цёплы, як попел свежага вогнішча. У ім патанулі абмяклыя рукі чалавека.

Незвычайнае напружанне, якое ўвесь час узбуджала сілы, адразу ўпала. Чалавек слабеў і ўжо не імкнуўся нічым супрацьстаяць гэтай слабасці. Розум зноў пачаў напаўняцца туманам, сталі з’яўляцца пачварныя, страшныя істоты, зноў дапякалі кашмары.

I раптам, нібы ад знешняга штуршка, чалавек схамянуўся і ачнуўся. Нейкае трывожнае прадчуванне назаляла яму, і чалавек не адразу ўцяміў, што яно азначае. А потым, не ведаючы яшчэ, тое гэта было ці не, ён намацаў рукою кішэню і выняў гранату. Прывычным рухам пальцы адагнулі чаку, а зубы, у якіх больш захавалася моцы, выцягнулі яе з запала. Зноў адчуўшы набліжэнне млосці, чалавек, не адпускаючы планкі, сунуў гранату ў пясок пад свае грудзі.

Пэўна, гэта было тое, дзеля чаго абудзілася свядомасць, бо за ім наступіў супакой.

Хутка прыйшло забыццё, і смерць, канчаткова перамогшы, назаўсёды спыніла жыццё.

Было далёка за поўнач. Ужо прастыў дарожны пясок і закалянела цела нябожчыка. Бліскучы аднабокі месяц, як заўсёды, праплыў сваім шляхам па зорным небе і схаваўся за вяршаліны дрэў.

З-за павароткі, асвяціўшы бліжнія дрэвы і дарогу, з моцным бязладным трэскатам выкаціў атрад матацыклістаў. Пук яркага святла з фары пярэдняга, праразаючы цемру, роўна слізгаў па дарозе. Нечакана, угледзеўшы перашкоду, матацыкліст крутнуў убок і спыніўся. За ім прыпынілася калона.

— Агледзець! — скамандаваў ён.

Двое падначаленых ускочылі з матацыклаў і кінуліся выконваць загад. Яркае святло з фар кінула па адхоне іх галінастыя, хісткія цені.

— Рус, — сказаў немец, які раней за іншых падбег да цела. Моцным штуршком нагі ён перавярнуў труп на спіну.

— Рус зальдат, — дадаў гітлеравец.

Пярэдні схапіўся за рычаг, каб уключыць газ, але не паспеў. Ярка-чырвоная бліскавіца рванулася з-пад нябожчыка, аглушыла, люта пырснуўшы ў бакі мноствам гарачых смертаносных асколкаў…

Так памёр Чалавек.

1951 г.

Абознік

Над схаванымі ў цемры прасторамі ціха ляжала летняя ноч. Слабыя подыхі цёплага ветрыку асцярожна неслі з сабой кволыя шолахі ніў і густыя духмяныя пахі выспелых мурожных сенажацяў. У нябачным травяністым наваколлі старанным хорам верашчалі конікі, недзе ўдалечыні глухімі ўздыхамі аддавалася гарматная страляніна, угары, прыкрыты цемрай, праракатаў і сціх «кукурузнік». Павевы ветру даносілі і іншыя гукі, невыразныя і падазроныя, але тых, што намагаўся ўчуць Максім, не было ў начной цішыні.

Тады закралася сумненне, якое парушыла разважлівы спакой чалавека. Апаслівыя думкі заснавалі ў яго галаве, але трэба было або ехаць наперад, або вяртацца назад. Намаганнем волі Максім усё ж адагнаў благія прадчуванні і, разважыўшы, рашыў, што батальён павінен быць далей, наперадзе. Гэтае меркаванне хоць і не суняло ўзнікшай трывогі, але крыху супакоіла чалавека. Коні, нібы зразумеўшы намер гаспадара, ахвотна падаліся па мяккай палявой дарозе.

Максім Корань — ездавы сёмай роты. Гэтую вайсковую пасаду заняў ён нядаўна, і прычынай таму быў яго ўзрост — Корань лічыўся самым старым салдатам у роце. Максім цяпер разумеў, што з такімі гадамі хоць і давялося трапіць на фронт, але ваяваць ужо наўрад ці прыйдзецца. Есць у войску старшыны, якія заўсёды цікуюць старога, каб са строю забраць яго да коней або да кухні ці яшчэ куды, дзе патрэбны дбайны, надзейны гаспадар. Праўда, Максім не вельмі і нудзіўся па тым стралковым узводзе, у якім ён нядоўга служыў дагэтуль. «Эт, — разважаў ён, — калі нягож у страі, дык і няма чаго лезці туды. Начальству лепш відаць, дзе тваё месца». Нядаўна па загадзе старшыны прыняў ён пару спраўных трафейных коней і цяжкую, акутую жалезам вайсковую каламажку.

Так пачалася яго служба на новай пасадзе, служба спакойная і аднастайная, мала чым падобная да вайсковай. Максім ведаў толькі клопаты пра коней ды паклажу, выконваў старшыновы загады, асцерагаўся бамбёжкі ды баяўся часам задрамаць на возе, каб не адстаць ад абозу. Пад бамбёжку, праўда, трапіць не давялося, а адстаць вось здарыўся выпадак.