Выбрать главу

Той нерашуча робіць некалькі крокаў праз жвір, спыняецца:

— А ружжо?

— З ружжом, братка, — мякка сказаў Камандзір. Дзед неяк грузна зваліўся ў яму…

І зноў яны стаяць нерухома, чакаючы… Стрэл коратка грукнуў і сціх…

— Ну? — павярнуўся Камандзір да астатніх. — Ты? — запытальна зірнуў ён на Кажухара.

— Ды я… Калі адважуся… Калі што, дык прыстралі, Камандзір. Калі што… — і няспрытна ўссеўшы на край ямы, Кажухар ціха споўз туды…

Камандзір павярнуўся да астатніх…

Перад ім стаяць удвох: Казак і Валодзька…

Казак уважліва зірнуў у вочы Камандзіра, затым няспешна, разам з вінтоўкай, лёгка шаснуў у яму, дзе амаль адразу грымнуўстрэл…

На край ямы ступіў амаль змярцвелы Валодзька…

— Сулашчык! — гукнуў да яго Камандзір. — Пастой… Камандзір падыходзіць да Валодзькі:

— Табе, Сулашчык, заданне: закапаць, зараўняць! Каб следу ніякага не асталося!.. І — жыві!

— Я?

— Ты, а хто ж… Жыві!.. За нас!.. За бацьку!.. Дай я цябе абдыму!

Няспрытна, адною рукой, Камандзір нямоцна абняў Валодзьку. Трохі памарудзіў і, густа абрушваючы жвір, зваліўся ў яму…

Валодзька застаўся стаяць — ашаломлены, разгублены… Скалануўся ад неспадзеўкі, калі з ямы пачуўся апошні стрэл… І наступае цішыня… Толькі недзе здалёк чуецца сакатанне сарок.

Валодзька закопвае яму-магілу і плача… Ужо можна было не стрымліваць слёз, саромецца тут не было каго… У яму ён не зірнуў ні разу, ён гроб і гроб рыдлёўкай рыхлы жвір з берагоў… На небе з’явіліся цёмныя аблокі… Здалёк пачуўся грукат навальніцы… Пачынаецца дождж…

Валодзька закідвае галлём тую мясціну, дзе была яма, і з рыдлёўкай у руцэ пацягнуўся па лядзе да лесу…

Прыпыняецца, размахнуўся і кідае, далёка-далёка ад сябе, рыдлёўку ў густы лес. Апошні раз абярнуўся ў бок, дзе была яма, і зноў цягнецца па лесе…

Грукат навальніцы становіцца ўсё мацней, мільгаюць маланкі… Усё мацней ідзе дождж…

А Валодзька ўсё ідзе па лесе… Слёзы на яго вачах перамешваюцца разам з дажджом…

І над Валодзькам… над лядамі… над лесам… на фоне навальніцы гучыць дыктарскі тэкст:

«Яны ведалі, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у строй. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя. Як заўжды, масы засталіся ўбаку, не падтрымала іх Беларусь. Але яны павінны былі пачаць. Для іх было відавочна: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазней. Без таго, без іхняе безагляднае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджана на вялы, задоўжаны скон. Цяпер гэтаму не бываць! Зерне кінута, па вясне ўгрэецца глеба, будуць усходы! Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна! Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэнне, так трэба. Для вольнай радзімы, для гісторыі…»

[1994 г.]